Цэнтр абароны непаўналетніх пры Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме пашырае сваю дзейнасць: установа атрымала статус Інстытута антрапалогіі.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, афіцыйна інстытут распачне сваю дзейнасць у верасні 2021 года.
Інстытут антрапалогіі пры Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме стане адным з найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў у свеце ў сферы прадухілення сексуальных злоўжыванняў.
Як адзначаецца ў заяве рэктара Грыгарыянскага ўніверсітэту, гэта гістарычнае рашэнне, якое пацвярджае і пашырае ўдзел навучальнай установы ў працы па абароне непаўналетніх і іншых безабаронных асобаў.
«Гэтая трансфармацыя паглыбіць таксама міждысцыплінарнае вымярэнне адукацыі і даследванняў, якое лічыцца фундаментальным у вырашэнні праблем, звязаных са злоўжываннямі і іх прадухіленнем», — напісаў ксёндз Нуну да Сілва Гансалвіш.
Як сказана ў звароце, новы інстытут будзе структурна аб’ядноўваць Цэнтры абароны непаўналетніх. Таксама ў ім з’явіцца свой факультэт і магчымасць не толькі выдаваць дыплом, але і надаваць навуковыя ступені: бакалаўра ў галіне абароны непаўналетніх і доктара ў галіне антрапалогіі.
Цэнтр абароны непаўналетніх пры Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме быў заснаваны ў 2012 годзе. Напачатку асноўнымі заданнямі цэнтра з’яўляліся апека над непаўналетнімі ахвярамі сексуальнага насілля і прадухіленне злоўжыванняў. Заданнем цэнтра было не толькі распрацоўваць, але і фінансаваць даследванні ў сферы прадухілення сексуальнага выкарыстання дзяцей. Чарговым этапам яго дзейнасці было пашырэнне сферы навуковай працы з зацікаўленымі непаўналетнімі асобамі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. З часам цэнтр набыў сусветны навуковы аўтарытэт у згаданай сферы.