На Будслаўскі фэст, які 5 і 6 ліпеня адбываўся ў Нацыянальным Марыйным санктуарыі, вернікі з многіх грэка-каталіцкіх парафій Беларусі прыбылі ў складзе пілігрымак з розных мясцінаў, а таксама ў малых індывідуальных групах; частка з іх дабіралася на машынах.
Як паведамляецца на сайце мінскай грэка-катліцкай парафіі святога і праведнага Язэпа Svjazep.org, у Будславе іх можна было пазнаць па майках з надпісам «Надзея не расчаруе» (пар. Рым 5, 5), што сёлета выкарыстоўваюцца ў розных душпастырскіх грэка-каталіцкіх праграмах.
Вельмі дынамічным быў арганізацыйны «подзвіг» Ціграна у межах пешай Пілігрымкі Полацк – Будслаў. Духоўна каштоўны быў удзел пілігрымаў з Баранавічаў, Брэста, Віцебска, Івацэвічаў, Ліды, Магілёва…
Вельмі плённай была была на фэсце дапамога протадыякана Вячаслава з Івацэвічаў, іпадыякана Валерыя з Брэста, Арцёма з Віцебска, Дзяніса з Мінска (парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі) і іншых грэка-католікаў.
Важнае святарская служэнне неслі айцец Віталь Быстроў і айцец Алесь Шыбека.
Асаблівая падзяка хору: ахвярным, верным спевакам, якімі кіраваў Зміцер. Акафіст Багародзіцы ў выкананні хору ў пятніцу ўвечары і спеў на ранішняй Боскай Літургіі ў суботу духоўна ўзбагаціў пілігрымаў.
У суботу на пачатку працэсіі напрыканцы святой Імшы ўдзень іпадыякан Валерый нёс ікону Маці Божай Жыровіцкай, а вернік Мікалай з Мінска — харугву святога Мікалая.
Гэта была «духоўная кропля» грэка-католікаў у «келіху» духоўнага подзвігу тысяч пілігрымаў у Будславе.
Акрамя таго, ва ўсіх урачыстых цэлебрацыях браў удзел Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.