Пошук

05.07.2024 21:24   Catholic.by

5 ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст прыбылі 5 роварных і 19 пешых пілігрымак з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.

Усяго ў гэтых паломніцтвах узялі ўдзел 1982 чалавекі. Такім чынам, сёлета пілігрымкавы рух яшчэ больш актывізаваўся і практычна выйшаў на «дакавідны» ўзровень.

На роварах на фэст ехалі велапілігрымы з Ашмянаў, Брэста, Гродна, Мінска і Мядзела — усяго 36 удзельнікаў.

Пешкі ішлі пілігрымы з Барысава, Вілейкі, Маладзечна, Нарачы, Ракава, тры пілігрымкі з Мінска, (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія); з Браслава, Віцебска, Глыбокага, Мёраў, Паставаў, Полацка, Росіцы (Віцебская дыяцэзія); з Ліды і Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія); а таксама дзве пілігрымкі з Баранавічаў (Пінская дыяцэзія).

Найбольш працяглым па адлегласці быў шлях пілігрымак з Баранавічаў, удзельнікі якіх пераадолелі за дзевяць дзён каля 290 кіламетраў. Прычым адна з гэтых пілігрымак у складзе трох асобаў — святара, брата капуцына і сястры эльжбетанкі — ішла ў фармаце Сант’яга, гэта значыць усе свае рэчы пілігрымы неслі на сабе.

Самай шматлікай традыцыйна стала пілігрымка з Мінска, якую вялі ксяндзы хрыстусоўцы. Сёлета ў ёй узялі ўдзел больш за тры сотні ўдзельнікаў.

Усе пілігрымкі пры ўваходзе ў Нацыянальны санктуарый сустракаў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Кожнай з груп пры ўваходзе ў святыню ён казаў некалькі словаў, а потым крапіў вадою пілігрымаў, якія ўваходзілі ў дом Бога і Яго Маці, па традыцыі ідучы на каленях апошнія метры да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа