
4 ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст, пачынаючы ад паўдзённай пары, прыбывалі пешыя і роварныя пілігрымкі з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.
Кожную пешую і роварную пілігрымку шчыра вітаў пробашч парафіі ў Будславе і кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз Дзмітрый Дубовік. Святар запрашаў пілігрымаў, якія прыбылі на сустрэчу з Маці Божай Будслаўскай, увайсці ў святыню, адчуць яе прахалоду пасля спякотнага шляху пілігрымкі і прайсці апошнія 50 метраў да цудадзейнага абраза. Некаторыя пілігрымкі вітаў асабіста Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Удзельнікі пілігрымак, акропленыя асвячонай вадой, з радасцю ўваходзілі ўнутр касцёла, які з'яўляецца юбілейнай святыняй, і апошнія метры да абраза ішлі на каленях, ціха молячыся і даручаючы Марыі прынесеныя з сабой інтэнцыі.
Пілігрымкі з усёй Беларусі ўваходзілі ў галоўны марыйны санктуарый краіны ў наступным парадку:
1. Пешая пілігрымка Ліда-Будслаў
60 пілігрымаў з Гродзеншчыны першымі аказаліся перад абліччам Нябеснай Маці ў цудадзейным будслаўскім абразе. Кіраўніком пілігрымкі быў ксёндз Раман Вайцяховіч, вікарый парафіі Святой Сям'і ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія, Лідскі дэканат). Яе ўдзельнікі за 9 дзён пераадолелі 250 кіламетраў.
2. Пешая пілігрымка Жодзіна-Будслаў
Айцы марыяне прывялі з Жодзіна ў Будслаў 93-х чалавек, якія за 5 дзён пакінулі за сабой 130 кіламетраў шляху.












3. Пешая пілігрымка Ракаў-Будслаў
Гэта адна з нешматлікіх парафіяльных пілігрымак, якія штогод крочаць да Маці Божай Будслаўскай. Сёлета 55 пілігрымаў з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) ішло без свайго пробашча, ксяндза Дзмітрыя Чупрына, які захварэў і не змог прыняць удзел у пілігрымцы. 4 дні спатрэбілася яе ўдзельнікам, каб пераадолець 140 кіламетраў да Будслава.












4. Пешая пілігрымка Полацк-Будслаў
Кіраўніком пілігрымкі, у якой ішло 113 чалавек, быў адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко. Пілігрымы былі ў дарозе 5 дзён і прайшлі 133 кіламетры.














5. Пешая пілігрымка Росіца-Будслаў
Духоўным апекуном пілігрымаў, якія ішлі з санктуарыя росіцкіх мучанікаў, благаслаўлёных айцоў марыянаў Антона Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры (Віцебская дыяцэзія, Полацкі дэканат), быў айцец Аляксандр Жарнасек MIC. Пілігрымка налічвала 50 чалавек, якія за 8 дзён пераадолелі 210 кіламетраў. Да іх далучылася 16 чалавек з Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску, якія ішлі 2 дні і пакінулі за сабой 51 кіламетр шляху.
















6. Роварная пілігрымка Мінск-Будслаў
Гэта яшчэ адна парафіяльная пілігрымка, якая складалася з вернікаў мінскай парафіі святых Сымона і Алены. Яна адправілася з касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску і праз 3 дні была ў Будславе. 9 раварыстаў пераадолела 180 кіламетраў шляху.






7. Пешая пілігрымка Нарач-Будслаў
Пілігрымку, якая выйшла з парафіі святога Андрэя апостала ў Нарачы, прывялі да Маці Божай айцы кармэліты босыя. Шлях 145-і пілігрымаў складаў 70 кіламетраў і 3 дні шляху. Цікава, што такі шлях трэба было прайсці з парафіі, якая знаходзіцца ў тым самым дэканаце і раёне, што і Будслаў. Вітаючыся з кусташам санктуарыя, пілігрымы заспявалі марыйную песню ў стылі «нарачанскі рок».


















8. Пешая «посная» пілігрымка Мінск-Будслаў
Група вернікаў з Мінска, 24 чалавекі, якія за 4 дні прайшлі 130 кіламетраў шляху ў Будслаў «на хлебе і вадзе» дзеля ўміласціўлення Богу за грахі свае і іншых, прыйшлі, каб аддаць пашану Маці Божай і выпрасіць у Яе патрэбныя ласкі для сябе і сваіх бліжніх.










9. Пешая пілігрымка «Легіёна Марыі»
Легіянеры Марыі, якіх прыйшло з Мінска 21 чалавек, на 6-ы дзень дарогі падышлі да ўваходу ў будслаўскі касцёл, трымаючы ў руках фігуру Маці Божай і штандар свайго апостальскага руху. Яны пакінулі за сабой 140 кіламетраў.




10. Пешая пілігрымка Мінск-Будслаў
Пешую пілігрымку са сталіцы нашай краіны ў Нацыянальны марыйны санктуарый ужо чацвёрты год вядуць айцы хрыстусоўцы. На другі дзень для пілігрымаў з Мінска у палявых умовах цэлебраваў святую Імшу арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, пра што пісаў сайт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Catholicminsk.by. У гэтай пешай пілігрымцы ў Будслаў прыйшлі 354 пілігрымы, якія за 5 дзён пераадолелі адлегласць у 125 кіламетраў. Як знак падзякі Марыі за Яе няспыннае заступніцтва пілігрымы паклалі кветкі — чырвоныя ружы — перад Яе будслаўскім абразом.
















































11. Пешая пілігрымка Вілейка-Будслаў
137 пілігрымаў з горада над Віліяй прыйшлі ў санктуарый разам са сваім душпастырам, ксяндзом канонікам Аляксандрам Барылам. Шлях удзельнікаў пілігрымкі складаў 4 дні і каля 100 кіламетраў шляху.
12. Пешая пілігрымка Маладзечна-Будслаў
Сёлета пілігрымка, якую вядуць браты капуцыны, аказалася найвялікшай па колькасці яе ўдзельнікаў. У ёй прынялі ўдзел 363 чалавекі, якія ў суме прайшлі 120 кіламетраў шляху за 5 дзён. Сярод пілігрымуючых у Будслаў з Маладзечна была група вернікаў з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расія), якую ўзначальваў дыяцэзіяльны біскуп Клеменс Піккель.
























13. Пешая пілігрымка Баранавічы-Будслаў
Адзіная ў гэтым годзе пешая пілігрымка Пінскай дыяцэзіі, якая святкуе сваё 100-годдзе, праходзіла пад духоўным кіраўніцтвам яе дырэктара, ксяндза Паўла Рудзьмана, і налічвала 104 чалавекі. На пяты дзень для баранавіцкіх пілігрымаў у касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы цэлебраваў святую Імшу арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, пра што пісаў сайт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Catholicminsk.by. Гэта паводле адлегласці найдаўжэйшая пілігрымка, шлях якой складае ажно 293 кіламетры. Адметным момантам стала тое, што пілігрымы трымалі ў сваіх руках чырвоныя ружы ў колькасці 101. Гэтыя кветкі яны паклалі перад абразом Маці Божай, просячы Яе, каб іх дыяцэзія жыла 101 і яшчэ больш гадоў.








14. Пешая Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка Смаргонь-Будслаў
Пілігрымаў, пераважна маладых, вялі ксяндзы салезіяне святога Яна Боска. Яе ўдзельнікі, якіх сёлета налічвалася 145 чалавек, прайшлі разам 105 кіламетраў. Асаблівасцю пілігрымкі з'яўляецца яе інтэрактыўнасць і адносна невялікія адлегласці, якія яе ўдзельнікі штодзённа праходзяць.


















15. Пешая пілігрымка Паставы-Будслаў
Яна складалася з 228-і ўдзельнікаў, якія паходзяць з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій. Вялі яе на працягу 3-х дзён і 77 кіламетраў шляху ксяндзы сэрцане.














16. Пешая пілігрымка Віцебск-Будслаў
Пілігрымкай апякуюцца айцы дамінікане. На апошнім этапе гэтай пілігрымкі да яе далучыўся пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Пілігрымы, радасныя з прысутнасці іерарха разам з імі, дасягнулі сваёй мэты перад абліччам Маці Божай Будслаўскай. Пілігрымка налічвала 52 чалавекі і за 7 дзён пераадолела 250 кіламетраў шляху.








17. Пешая пілігрымка Глыбокае-Будслаў
170 пілігрымаў прайшло за 3 дні 60 кіламетраў. Пілігрымку да Маці Божай ў Будслаў вёў ксёндз Іван Кароткін.










18. Пешая пілігрымка Браслаў-Будслаў
З санктуарыя Маці Божай, Валадаркі Азёр, у Нацыянальны санктуарый ў Будславе 4 дні ішло 50 пілігрымаў. Іх шлях склаў 140 кіламетраў. Пілігрымка прайшла пад духоўным кіраўніцтвам ксяндзоў сальватарыянаў.








19. Пешая пілігрымка Пузыры-Будслаў
Аднадзённую сямейную пілігрымку руху Equippes Notre-Dame, якая складае толькі 15 кіламетраў, прайшлі 268 чалавек — сужонкаў з дзецьмі.
20. Роварная пілігрымка Мядзел-Будслаў
У ёй прыняло ўдзел 7 чалавек, якія на сваіх жалезных конях ўсяго за 1 дзень пераадолелі 57 кіламетраў. Духоўна апекаваўся велапілігрымкай айцец Генрых Валейка OCD.
21. Пешая аднаасабовая пілігрымка Глыбокае-Будслаў
Удзельнік індывідуальнай пілігрымкі, імя якога не называлася пры аб'яўленні колькасці пешых і велапілігрымаў, за 2 дні пераадолеў 64 кіламетры.
Такім чынам, агульная колькасць удзельнікаў пешых альбо роварных пілігрымак, якія ішлі альбо ехалі разам 96 дзён і пераадолелі ў суме 2740 кіламетраў, склала сёлета 2484 чалавекі. Гэты паказчык большы за леташні на 502 чалавекі. Нагадаем, што ў мінулым годзе колькасць такіх удзельнікаў складала 1982 чалавекі.



