Пошук

08.05.2026 20:26   Фота: Кс. Павел Эйсмант, Дамінік Буйніцкі / Catholic.by

7 мая ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Альковічах (Вілейскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася святая Імша за спачылага ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, шматгадовага пробашча парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве і першага рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, у 30-ю гадавіну з дня яго смерці.

Перад Эўхарыстыяй ксёндз Павел Эйсмант, дырэктар catholic.by, які падчас фармацыі ў Гродзенскай семінарыі абараніў магістарскую дысертацыю па гісторыі Касцёла пра ксяндза Кучынскага, прадставіў даклад пра яго жыццё і дзейнасць. Святар зрабіў акцэнт на раскрыцці асабістых якасцяў ксяндза Станіслава Кучынскага, асабліва падрабязна апісваючы нялёгкі шлях святара праз ліхалецце Другой сусветнай вайны, а затым яго служэнне ва ўмовах пераследу веры ў савецкі час.

Напачатку Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які яе ўзначаліў, падкрэсліў нязломнасць ксяндза Кучынскага перад абліччам цяжкасцяў і яго давер Езусу і Найсвяцейшай Панне Марыі.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, каля дваццаці святароў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі, супольнасць семінарыі ў Гродне на чале з яе рэктарам ксяндзом Янам Раманоўскім, а таксама мясцовыя парафіяне і вернікі з іншых парафій, якія прыбылі, каб супольна маліцца за святара.

У прамоўленай гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі, разважаючы пра дар паклікання ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, звярнуў увагу на тое, што Бог заўсёды глядзіць на сэрца чалавека, незалежна ад таго, як глядзім мы. Апелюючы да даклада ксяндза Паўла Эйсманта, прамоўца адзначыў, што свавольны характар  і неідэальныя адзнакі ксяндза Станіслава ў дзяцінстве шчодра кампенсаваліся яго паслухмянасцю голасу Пана Бога, калі ён вырашыў паступаць у Віленскую семінарыю.

«Сёння трэба маліцца аб пакліканнях! Асабліва заклікаю да малітвы вернікаў альковіцкай парафіі, якая дала такога святога святара; парафіян Шэметава, дзе 47 год (!) прапрацаваў ксёндз інфулат, каб былі наступныя пакліканні. Трэба маліцца аб пакліканнях не толькі ўвогуле, але канкрэтна ў нашых сем’ях. На прыкладзе сям’і ксяндза Станіслава мы бачым, якую ролю адыгрывае падтрымка блізкіх. А гэта ж такая Божая ласка, што з нашай сям’і будзе святар! Гэта справа кожна католіка — маліцца і  падтрымліваць пакліканні»,

— палымяна прамовіў біскуп Юрый.

Прамоўца нагадаў, што ў выпадку ксяндза Станіслава радасць святарскага пасвячэння хутка азмрочылася цяжкасцямі ваеннага ліхалецця.

Аднак ксёндз Станіслаў імкнуўся добрасумленна выконваць святарскую паслугу, хоць і перажыў нямала і да, і пасля вайны. Яго служэнне было ахвярным.

«Адкуль у яго былі сілы? Святы Ян Павел ІІ называе святарства “дарам і таямніцай”, якую мы не зможам зразумець да канца ніколі….», — заахвоціў прысутных да разважання біскуп.

Таксама сённяшні іерарх, які быў студэнтам ксяндза Кучынскага падчас вучобы ў Гродзенскай семінарыі, узгадаў цеплыню, з якой ксёндз інфулат гаварыў аб Найсвяцейшай Панне Марыі.

Да Яе ў Альковіцкім абразе ён маліўся ў дзяцінстве, пад Яе плашчом у Вастрабрамскай выяве прайшло яго семінарыйнае жыццё. Усе свае заслугі ён заўсёды прыпісваў Ёй і гэтай адданасці вучыў сваіх семінарыстаў.

Прыкладам бязмежнага даверу да Пана Бога была мужнасць, з якой ксёндз Кучынскі перанёс ампутацыю нагі і тыя цярпенні, якія пасля гэтага з’явіліся ў яго жыцці. Аднак, нягледзячы ні на што, у гэтым цяжкім выпрабаванні ён прыняў прапанову біскупа Тадэвуша Кандрусевіча стаць першым у гісторыі Гродзенскай семінарыі яе рэктарам. І гэта, па словах біскупа Юрыя, вымоўны прыклад і нагода для вялікай удзячнасці.

Напрыканцы Імшы сваімі ўспамінамі пра спачылага ксяндза Станіслава Кучынскага падзяліліся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Арцыбіскуп Тадэвуш распавёў, што ведаў ксяндза Кучынскага яшчэ з часоў свайго служэння вікарыем у Вострай Браме, якая была цэнтрам рэлігійнага жыцця ўсяго Савецкага Cаюза і куды часта прыязджаў ксёндз Станіслаў.

З 1988 года, калі тагачасны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч прыехаў служыць у Беларусь, іх кантакты сталі больш шчыльнымі. На ўрачыстаці 50-годдзя святарскага пасвячэння ксяндза прэлата Кучынскага іерарх, які тады яшчэ не быў біскупам, прамовіў казанне. У ім ён гаварыў аб неабходнасці заснавання духоўнай семінарыі ў Беларусі. Праз год, ужо маючы паўнамоцтвы біскупа, іерарх менавіта ксяндзу Кучынскаму прапанаваў стаць рэктарам заснаванай ім духоўнай установы.

І ксёндз прэлат пагадзіўся, кажучы: «Калі я патрэбны Касцёлу, калі біскуп просіць, то я пайду».

За гэтую пакору і паслухмянасць арцыбіскуп эмэрыт ксяндзу Станіславу да сёння ўдзячны.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў сваёй прамове падзякаваў іерархам за ўдзел у набажэнстве і ўспаміны, ксяндзу пробашчу і дэкану за запрашэнне, ксяндзу Паўлу Эйсманту за «цікавы даклад пра цікавае жыццё» ксяндза інфулата, кіраўніцтву і супольнасці духоўнай семінарыі ў Гродне, святарам, вернікам за супольную малітву, а таксама ўсім тым, хто спрычыніўся да добраўпарадкавання месца пахавання ксяндза інфулата і ўсталявання новага помніка яму, і за іншую дапамогу.

Пасля Эўхарыстыі ўсе прысутныя адправіліся на месца спачыну святара на прыкасцёльнай тэрыторыі, каб узнесці малітву за яго. Затым арцыбіскуп Станеўскі асвяціў новы помнік-саркафаг над магілай ксяндза Кучынскага.

Абноўлена 08.05.2026 22:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця