Пошук

13.04.2026 23:30   Фота: Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

13 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебравалася святая Імша падзякі з нагоды адразу  некалькіх памятных падзей: 35-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама аднаўлення колішняй Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцэзіі ў выглядзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і новай Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Перад Эўхарыстыяй ксёндз канонік Аляксей Раманчук прачытаў даклад біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на тэму «Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў кантэксце 35-годдзя аднаўлення яго структур».

На пачатку святой Імшы галоўны цэлебрант прывітаў сабранае духавенства, канонікаў катэдральнага капітула святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, кансэкраваных асобаў і вернікаў. Ля алтара Пана прысутнічалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Мітрапаліт назваў дзень адраджэння каталіцкіх структур ў Беларусі «добрай нагодай для паслухмяных дзяцей Касцёла, каб выказаць падзяку Богу і, вядома, усім асобам, духоўным і свецкім, якія спрычыніліся да гэтага адраджэння». Асаблівым чынам прамоўца ўзгадаў спачылых заслужаных іерархаў: кардынала Казіміра Свёнтэка і біскупа Казіміра Велікасельца.

Сёння ўсе чатыры дыяцэзіі маюць біскупаў і нават дапаможных біскупаў, што з’яўляецца падставай для радасці, бо, згодна з працытаванымі арцыпастырам словамі святога Ігнацыя Антыёхскага, «дзе біскуп, там Касцёл».

Арцыбіскуп заклікаў з надзеяй глядзець у будучыню і запэўніў, што ўсё «будзе выдатна, бо Божы Провід над намі».

Гамілію да сабраных прамовіў непасрэдны сведка і ўдзельнік касцёльнага адраджэння ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, папярэднік сённяшняга Мітрапаліта на пасадзе.

Заслужаны іерарх распачаў сваю прамову словамі, якія маюць фундаментальнае значэнне ў каталіцкай эклезіялогіі: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго (пар. Мц 16,18). На працягу гісторыі развіцця каталіцкай канфесіі ў Беларусі стала відавочным, што Касцёл, збудаваны на Пятры, сапраўды непераможны.

Арцыбіскуп Тадэвуш нагадаў асноўныя этапы станаўлення Каталіцкага Касцёла на беларускіх землях, асабліва адзначыўшы стварэнне ў 1773 годзе царыцай Кацярынай ІІ некананічнага Беларускага біскупства са сталіцай у Магілёве, якое ў працэсе доўгіх перамоў паміж Санкт-Пецярбургам і Апостальскай Сталіцай у выніку было прызнанае Папам Піем VI у 1883 годзе і павышанае ў статусе да Магілёўскай архідыяцэзіі.

Трэці падзел Рэчы Паспалітай стварыў патрэбу новых дыяцэзій, і так у 1798 годзе была заснаваная Мінская дыяцэзія. Праіснаваўшы менш за стагоддзе, яна была ліквідаваная, а пасля зноў адроджаная ў 1917 годзе.

І без таго пакручасты шлях фармавання касцёльных структур у хуткім часе азмрочыўся пераследам веры у сумнавядомным ХХ стагоддзі, у выніку чаго Касцёл застаўся без іерархіі.

Пасля дзесяцігоддзяў прапаганды атэізму ў канцы 80-х гадоў была абвешчаная доўгачаканая свабода веравызнання.

У 1989 годзе пасля доўгага перапынку быў прызначаны біскуп — Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Ім і стаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Дзякуючы намаганням заслужанага іерарха, за паўтара года Касцёлу было перададзена каля 100 раней канфіскаваных касцёльных будынкаў, былі заснаваныя Духоўная семінарыя і катэхетычныя курсы ў Гродне, было выдадзена 50 тысяч асобнікаў «Парадку Імшы» і 90 тысяч асобнікаў «Малога катэхізіса» на беларускай мове, з-за мяжы прыехалі святары і кансэкраваныя асобы для пастырскай дзейнасці, распачалася катэхізацыя дзяцей і моладзі, пачаў працаваць «Карытас» і г.д.

Іерарх адзначыў, што «няўзброеным вокам было бачна, што Касцёл дынамічна адраджаецца і мае патрэбу ў нармальных структурах на ўзроўні дыяцэзій са сваімі біскупамі».

Арцыбіскуп Тадэвуш сказаў, што выдатна памятае сонечны фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года, калі Папа Ян Павел ІІ абвясціў аб сваім рашэнні заснаваць Мінска-Магілёўскую мітраполію з дзвюма суфраганннымі дыяцэзіямі — Гродзенскай і Пінскай. Тады ж былі  прызначаныя і ардынарыі дыяцэзій.

Пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк быў прызначаны на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі, а пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні ксёндз Аляксандр Кашкевіч — Гродзенскай дыяцэзіі.

У 1999 годзе да ліку суфраганій дадалася яшчэ Віцебская дыяцэзія. Актыўна пачала адраджацца Грэка-каталіцкая Царква.

У хуткім часе Тадэвуш Кандрусевіч атрымаў прызначэнне на пасаду Апостальскага адміністратара ў Еўрапейскай частцы Расіі ў годнасці арцыбіскупа і пачаў адраджаць структуры ўжо там.

«Бог яшчэ раз паказаў, што Ён з’яўляецца Валадаром гісторыі, піша проста на яе пакручастых лініях і ставіць апошнюю кропку над “і”. І гэта здарылася ў фацімскі дзень. Марыя, як наша духоўная Маці, не пакінула нас адных у часы выпрабаванняў і, калі прыйшла поўня часу, выпрасіла ласку адраджэння Касцёла»,

— падсумаваў арцыпастыр.

Іерарх пералічыў галоўныя дасягненні Касцёла за 35 гадоў, адзначыў, што ёсць чым ганарыцца і за што дзякаваць, а таксама за што перапрашаць.

Напрыканцы святой Імшы словы падзякі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за гады напружанага і адданага служэння выказаў сённяшні Мітрапаліт. Арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што час ніяк не змяняе арцыбіскупа эмэрыта: «Той самы моцны голас, запал, сіла».

Галава мітраполіі з пастырскім клопатам таксама нагадаў, што гэтак жа, як мы з’яўляемся дзецьмі сваёй маці, таксама мы — «дзеці  Паўсюднага і лакальнага Касцёла, нашай матулі». І аб гэтых кроўных повязях і абавязках у адносінах да сваёй «матулі» варта памятаць без напаміну і асабістага запрашэння. Гэтым пастыр хацеў заахвоціць як духоўных асобаў, так і свецкіх вернікаў да руплівага служэння супольнасці і да еднасці са сваім біскупам у кожнай справе для дабра Касцёла.

Пасля гэта іерархі супольна ўдзялілі благаслаўленне ўсім вернікам і людзям добрай волі.

 

Абноўлена 14.04.2026 15:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.