13 красавіка 2026 года адзначаецца 35-годдзе адраджэння касцёльных структур на Беларусі. З гэтай нагоды Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе духоўным і кансэкраваным асобам, а таксама вернікам Касцёла на Беларусі сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
з нагоды 35-годдзя адраджэння касцёльных структур на Беларусі
«… ты Пётр, скала,
і на гэтай скале Я пабудую Мой Касцёл,
і брамы пякельныя не перамогуць яго»
(пар. Мц 16, 18)
Вашы Эксцэленцыі, шаноўныя святары, асобы кансэкраванага жыцця.
Любыя семінарысты, літургічная служба алтара, удзельнікі касцёльных рухаў.
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Са словамі «Ты Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Мой Касцёл, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (пар. Мц 16, 18) Хрыстус Пан звярнуўся да апостала Пятра. Яны з’яўляюцца фундаментальнымі ў эклезіялогіі і таксама выдатна ўпісваюцца ў гісторыю хрысціянства і Каталіцкага Касцёла на беларускіх землях. Гэтыя словы Хрыста нагадваюць пра тое, што Касцёл, нягледзячы на пераслед веры, розныя цяжкасці і крызісы эпох, застанецца, бо Касцёл — гэта Хрыстус, які жыве па-над часам і прасторай. Два тысячагоддзі хрысціянства — гэта часы росквіту і ганенняў, таксама і на нашых землях.
На тэрыторыі Беларусі хрысціянства ўзнікла яшчэ ў Х стагоддзі, калі княгіня Вольга ў 959 годзе папрасіла нямецкага караля Атона І прыслаць біскупа і святароў. На пачатку ХІ стагоддзя ў Тураве было заснавана біскупства, першым біскупам якога быў Райнберн. Ішлі гады і змяняліся пакаленні нашых продкаў, жыццё якіх ужо канцэнтравалася не на зменах пары года, а на Божых запаведзях і прыкладзе святых. Няпростыя перыпетыі гісторыі, няпросты быў лёс хрысціянства і каталіцтва на нашых тэрыторыях, зрэшты, як і ў многіх краінах свету, дзе перыяды росквіту веры чаргаваліся з перыядамі пераследу за веру. Мінулае XX стагоддзе было асабліва знішчальным для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і асабліва жорсткім адносна вызнаўцаў Хрыста. Дарэчы, гэта ўсё прадбачыў Хрыстус калі казаў: «Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць» (пар. Ян 15, 20).
Той хто шануе Крыж Хрыста, таго Хрыстус абароніць. Гледзячы ж на крыж Хрыста, мы вучымся салідарнасці і адначасова ўсведамляем, што павінны ўспрымаць ахвяру з пункту гледжання збаўлення. Тэртуліян, лацінскі тэолаг, які жыў на мяжы II і III стагоддзяў, пісаў: «Кроў мучанікаў — гэта насенне хрысціян». У Евангеллі (Ян 12, 24) Хрыстус распавядае прыпавесць пра зерне, пасеянае ў зямлю, якое спачатку павінна памерці, каб прынесці багаты ўраджай. Таму кожны вернік павінен быць гатовы, калі патрэбна, даць найвышэйшае сведчанне Богу, які ёсць любоў, каб мог нарадзіцца ці адрадзіцца Касцёл.
Менавіта святым мучанікам за веру, якіх у нашай краіне за апошняе стагоддзе было вельмі шмат, мы вельмі ўдзячныя, бо іх кроў стала насеннем для адраджэння Касцёла на нашай зямлі і ў нашым народзе.
Роўна 35 гадоў таму, 13 красавіка 1991 года, Святы Айцец Ян Павел ІІ адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла на Беларусі. У гэты час была заснавана Мінска-Магілёўская мітраполія, у якую ўвайшлі тры дыяцэзіі: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі. У гэты ж дзень былі прызначаныя два біскупы: ксёндз Казімір Свёнтэк, які стаў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім адміністратарам адноўленай Пінскай дыяцэзіі, а таксама ксёндз Аляксандр Кашкевіч, які стаў ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які з 1989 года з’яўляўся Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі, 13 красавіка 1991 года Апостальскай Сталіцай быў прызначаны арцыбіскупам, Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі з сядзібаю ў Маскве. 13 кастрычніка 1999 года папа Ян Павел ІІ з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая ахоплівала парафіі ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях Беларусі, заснаваў Віцебскую дыяцэзію, прызначаючы яе першым ардынарыем ксяндза Уладзіслава Бліна. Сімвалічна і прыгожа, што гэтыя прызначэнні супалі з 13-м днём месяца, датай аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Гэта быў выразны знак часу — знак таго, што Беззаганнае Сэрца Марыі атуляе нас сваёю апекаю і без сумнення ў рэшце рэшт затрыўмфуе.
З таго часу Каталіцкі Касцёл у Беларусі — можам з упэўненасцю сказаць — актыўна развіваецца. Цяпер ён складаецца з чатырох дыяцэзій. За гэты час у Мінска-Магілёўскай мітраполіі адноўлена шмат даўнейшых разбураных святыняў, якія доўга стаялі пустымі і якім удалося перажыць ліхалецце вайны і атэізму. Ва ўсіх дыяцэзіях было пабудавана і далей будуецца шмат новых касцёлаў і капліц.
У дзвюх духоўных семінарыях (Гродне і Пінску) каля 300 мясцовых юнакоў атрымала фармацыю для святарскага пасвячэння. Акрамя таго, вернікі маюць магчымасць набываць тэалагічныя веды ў Мінскім тэалагічным каледжы iмя святога Яна Хрысціцеля, у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах Пінскай дыяцэзіі, а таксама ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра Гродзенскай дыяцэзіі. У нашых дыяцэзіях дзейнічаюць шматлікія манаскія ордэны і кангрэгацыі, малітоўныя рухі і супольнасці свецкіх, дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас», выдавецтвы, асабліва «Pro Christo», электронныя медыя, з якіх трэба вылучыць партал Сatholic.by, каталіцкія сродкі масавай камунікацыі дыяцэзій і манаскіх супольнасцяў. На беларускую мову перакладзены і выдадзены асноўныя літургічныя кнігі: Кампендый Катэхізіса Касцёла, Новы Запавет, Кодэкс кананічнага права, Пяцікніжжа Майсея, а таксама многія афіцыйныя дакументы Каталіцкага Касцёла, а гэта немалы ўклад у развіццё беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Вялікая праца вядзецца нашым Касцёлам па ўмацаванні інстытута сям’і і адказнага бацькоўства, абароне жыцця і выхаванні моладзі на традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцях, па многіх сацыяльных выкліках нашага грамадства, асабліва ў сферы дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, а таксама людзям з рознымі залежнасцямі. За гэты час паспяхова развіваюцца міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны, адносіны з Дзяржавай. Гэтаму спрыяюць сумесныя мерапрыемствы: канферэнцыі, шматлікія сустрэчы, якія паказваюць, што Касцёл і Дзяржава — гэта сям’я сем’яў.
Як бачым, пасля некалькіх пакаленняў пераследу веры за апошнія 35 гадоў зроблена нямала. У вялікай ступені мы павінны быць удзячныя за гэта тым ахвярным пастырам і вернікам, якія ў змрочныя часы рэлігійнага атэізму на нашых землях не баяліся даваць моцнае сведчанне веры, вытрывалі цяжкасці і выпрабаванні, перадалі нам веру і хрысціянскія каштоўнасці. Сведка веры — кардынал Казімір Свёнтэк, шматлікія святары, манаскія асобы і свецкія вернікі сваім служэннем і сведчаннем стварылі моцны падмурак, на якім змагло адрадзіцца рэлігійнае жыццё Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
Асабліва будуе нас вера і ахвяра нашых братоў і сясцёр, якія падчас Другой сусветнай вайны дабравольна аддавалі сваё жыццё за веру і іншага чалавека паводле «новай» запаведзі Хрыста: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15, 12).
Браты і сёстры. Наперадзе нас чакае яшчэ вельмі шмат працы. Свет імкліва развіваецца, і нам даводзіцца шукаць адказы на новыя духоўныя пытанні, знаходзіць сродкі для вырашэння чарговых пытанняў у жыцці мясцовага Касцёла. Усведамляючы, што адроджанае 35 гадоў таму духоўнае жыццё — гэта вялікі Божы дар, мы павінны імкнуцца не толькі захаваць яго, але і ўзбагаціць. З гэтай нагоды па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, выслухаўшы меркаванні духавенства і вернікаў, заснавала Духоўны рэлігійны цэнтр Каталіцкага Касцёла на Беларусі, які размясціўся ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай як непахісны падмурак веры і традыцыі нашага народа. Гэта месца, дзе адбывалася і дагэтуль адбываецца сустрэча чалавека з Богам і Бога з чалавекам, пазнаецца гісторыя Каталіцкага Касцёла на нашых землях. З падзякай за духоўныя дары, атрыманыя праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай, каталіцкія біскупы па просьбе вернікаў і пасля адабрэння Апостальскай Сталіцай ушанавалі Маці Божую тытулам «Каралева Беларусі», змяшчаючы гэты заклік у Ларэтанскай літаніі.
Браты і сёстры. Езус, наш Пан і Збаўца, заклікае нас, каб мы імкнуліся да святасці і сталі годнымі Нябеснага Валадарства.
Хрысціяне павінны быць людзьмі «пасхальнай радасці» і веры ва Уваскрослага Хрыста, павінны прамяніцца гэтай радасцю, каб іншыя, хто яшчэ далёкі ад веры, захацелі таксама спазнаць гэтую радасць.
Дзякуем Усемагутнаму Богу за плён адраджэння веры і дзейнасці Касцёла ў Беларусі і просім: «Пане Божа, адары свой Касцёл шчодрымі ласкамі, каб, распачынаючы новы этап служэння Богу і людзям, ён быў мужным і верным Табе ў кожным часе і ва ўсіх абставінах, каб наша краіна, краіна сведкаў веры і мучанікаў, стала прыкладам цывілізацыі веры, надзеі і любові».
Маці Божая Будслаўская, наша Заступніца і Каралева Беларусі, маліся за нас.
Святы Міхале Арханёле, магутны апякуне Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі, аберагай нас і нашу краіну ад усяго злога.
Святыя і благаслаўлёныя, мучанікі і Слугі Божыя беларускай зямлі і нашага народа, выпрасіце для нас Божае бласлаўленне, літасць і спакой, каб, моцныя Богам, мы будавалі будучыню на евангельскіх каштоўнасцях.
«Няхай Пан благаслаўляе цябе і аберагае цябе!
Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і будзе міласцівы да цябе!
Няхай Пан зверне на цябе сваё аблічча і адорыць цябе спакоем!»
(Ліч 6, 24-26).
На падарожжа з Панам праз новыя стагоддзі ад сэрца бласлаўляю:
у Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 12 красавіка 2026 г.
Нядзеля Божай Міласэрнасці







