З 18 красавіка па 16 лістапада ў парафіях Гродзенскай дыяцэзіі будзе праходзіць перэгрынацыя абраза Маці Божай Міласэрнасці. Нагодай да гэтага з’яўляецца 35-я гадавіна з часу адраджэння структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі і заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.
Як падае Каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by, перэгрынацыя пачнецца Імшой у гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя, якая адбудзецца 18 красавіка ў 12.00. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй запрашае духавенства і свецкіх вернікаў на гэтую літургію, на якой будуць дзякаваць Богу за 35 гадоў існавання дыяцэзіі.
Затым абраз галоўнай заступніцы Гродзенскай дыяцэзіі наведае ўсе дэканаты, сустракаючы сваіх шанавальнікаў у іх парафіях.
За 9 дзён да прыбыцця абраза парафіям рэкамендуецца правесці Навэнну да Маці Божай Міласэрнасці, а асаблівым знакам падрыхтоўкі да перэгрынацыі зрабіць сакрамэнт пакаяння і ўдзел у Эўхарыстыі.







