Пошук

21.11.2024 11:01   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

20 лістапада семінарысты першага, прапедэўтычнага (уводнага) курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне здзейснілі пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай і памаліліся на магіле першага рэктара семінарыі ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага.

Як прызналіся самі маладыя людзі, большасць з іх наведалі санктуарый у Будславе ўпершыню. Перадусім яны ўзялі ўдзел у святой Імшы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. Цэлебрацыю ўзначаліў мадэратар прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай семінарыі ксёндз Павел Скуба.

У прамоўленай гаміліі духоўны кіраўнік тых, хто толькі распачынае свой шлях да святарства ў семінарыі, распавёў гісторыю аднаго хлопчыка-сіраты, выхаванца дзіцячага дома, які пазней стаў святаром. Ён не хацеў хадзіць у школу, дзе іншыя дзеці здзекаваліся з яго з-за таго, што ён быў сіратою і не меў бацькоў. Тады настаўніца, нягледзячы на тое, што гэта былі часы старшэннага пераследу веры, паказала яму абразік Маці Божай са словамі: «Нікому не дазваляй казаць, што ты не маеш маці: твая Матуля — Найсвяцейшая Панна Марыя».

Святар заахвоціў маладых людзей даручыць Маці Божай свой шлях да Хрыстовага святарства і прасіць Яе дапамогі і падтрымкі на ўсіх яго этапах.

Пасля Эўхарыстыі юнакі мелі магчымасць у асабістай малітве звярнуцца да Маці Божай перад Яе цудадзейным Будслаўскім абразом.

Падсілкаваўшыся абедам, прыгатаваным для асаблівых пілігрымаў будслаўскімі парафіянамі, якія прасілі хлопцаў верна ісці шляхам паклікання, нягледзячы ні на якія цяжкасці, яны скіраваліся ў парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Альковічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Вілейскі дэканат), што ў паўсотні кіламетрах ад Будслава.

Па дарозе семінарысты наведалі адну з найстаражытнейшых памятак хрысціянства на нашых землях — так званы «Барысаў камень» пад назваю «Варацішын крыж» на ўзбярэжжы Віліі ў вёсцы Камена. Там яны пачулі аповед пра тое, як былі «ахрышчаны» старадаўнія традыцыі, што ўзялі пачатак яшчэ ў часы язычніцтва: і сёння крыжы ў многіх каталіцкіх вёсках стаяць на месцы былых язычніцкіх капішчаў.

У Альковічах семінарысты на чале з ксяндзом Паўлам запалілі зніч і памаліліся на магіле ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага — першага рэктара духоўнай семінарыі ў Гродне, створанай для фармацыі духавенства першым у пасляваенныя часы біскупам у Беларусі Тадэвушам Кандрусевічам.

Пад золкім лістападаўскім дажджом маладыя людзі прасілі аб вечным жыцці для святара, якога яны асабіста не ведалі, але багатая духоўная спадчына якога асвятляе і іх першыя крокі да святарства.

Потым пробашч альковіцкай парафіі ксёндз Анатоль Парахневіч пазнаёміў семінарыстаў з багатай гісторыяй мясцовай каталіцкай супольнасці. Святар таксама паказаў бясцэнныя рэліквіі, што захоўваюцца ў святыні, адкуль паходзіў і дзе цэлебраваў сваю першую Імшу ксёндз Станіслаў Кучынскі: падараваны яму на прыміцыю Імшал на лацінскай мове і арнат, вышыты ўласнаручна Габрыэляй Скірмунт, апошняй гаспадыняй маёнтка ў двары Шэметава, дзе доўгія гады, да свайго прызначэння рэктарам Гродзенскай семінарыі, нёс служэнне ксёндз Станіслаў Кучынскі.

…Ужо прыцемкам кароткага, але насычанага падзеямі дня позняй восені, вярталіся хлопцы ў сваю Alma mater, каб з новай духоўнай матывацыяй працягнуць распачаты шлях да святарства, на якім іх будуць суправаджаць заступніцтва Маці Божай Будслаўскай і прыклад першага рэктара гэтай касцёльнай навучальнай установы, якая выхавала шмат святароў і большасць сённяшніх беларускіх біскупаў.

 

Абноўлена 21.11.2024 11:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа