
16 верасня Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прыняў удзел у прэс-канферэнцыі на тэму: «Духоўныя цэнтры Беларусі — апора народнага адзінства: захаванне традыцый і кансалідацыя грамадства», якая прайшла ў прэс-цэнтры Дома прэсы і была прымеркавана да Дня народнага адзінства.
Падчас прэс-канферэнцыі спікеры абмеркавалі ўклад духоўных цэнтраў ва ўмацаванне нацыянальнага адзінства, іх ролю ў духоўным і культурна-гістарычным развіцці краіны, а таксама формы ўзаемадзеяння дзяржавы і рэлігійных аб'яднанняў. Асобная ўвага была нададзена таму, як рэлігійныя каштоўнасці дапамагаюць фармаваць атмасферу даверу і згоды ў грамадстве.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, кіраўнікі і прадстаўнікі традыцыйных канфесій Беларусі.
Старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі на пачатку свайго выступлення запрасіў прысутных перанесціся ў думках «у 1504 год, у невялікае мястэчка Будслаў на Мядзельшчыне, там, дзе ўзгадваецца пра Маці Божую Будслаўскую». Ён падкрэсліў, што ў гэтае святое месца прыбываюць шматлікія вернікі, для якіх Будслаў — гэта месца, дзе яны могуць адчуць «сінадальнасць, адзінства, тое, што ўсе мы — дзеці Божыя».
Кажучы пра абраз Маці Божай Будслаўскай, іерарх узгадаў біблійную падзею наведвання Марыяй сваёй сваячкі Альжбеты: «Так як Найсвяцейшая Панна Марыя ішла да святой Альжбеты, каб падзяліцца радасцю аб жыцці Езуса Хрыста пад Яе сэрцам, так і ў 1504 годзе Найсвяцейшая Панна Марыя прыйшла да нашага беларускага народа, каб яшчэ раз засведчыць і сказаць: "Вось Я з вамі"». Арцыпастыр выразіў упэўненасць, што людзі, якія прыбываюць у Будслаў, гэтую блізкасць Марыі «адчулі і адчуваюць», аргументуючы сваю пазіцыю фактамі шматлікіх цялесных і духоўных аздараўленняў, якія там адбываліся на працягу гісторыі.
«Што там адбываецца? Вядома, калі мы кажам пра рэлігійнае вымярэнне, то там адбываецца сустрэча Бога з чалавекам праз Марыю. (...) Але тыя, хто наведвае Будслаў, хто там прыходзіць на малітву, бачаць нашых суайчыннікаў і людзей з-за мяжы, якія захапляюцца гэтым месцам, пазнаючы гісторыю Каталіцкага Касцёла на Беларусі — не толькі архітэктуру або жывапіс, але і іншыя напрамкі яго дзейнасці»,
— заўважыў Мітрапаліт і дадаў, што часта тыя людзі, якія прыехалі толькі на экскурсію, пасля наведвання святыні выходзяць «з жывым Богам у сваім сэрцы», якога яны менавіта «там сустрэлі і там распазналі».
Напрыканцы свайго выступу арцыбіскуп Станеўскі запрасіў усіх прысутных на прэс-канферэнцыі прыехаць у Будслаў, каб там «дакрануцца і да гісторыі, і да культуры» і, як пісаў Папа Францішак, каб «дазволіць сабе нанова быць маладым маладосцю Езуса Хрыста».
Прадстаўнікі іншых рэлігійных канфесій на Беларусі таксама знаёмілі сабраных са сваімі духоўнымі цэнтрамі.
Прэс-канферэнцыя завяршылася прамовай упаўнаважанага Румака, у якой ён падкрэсліў важнасць стварэння больш шырокага прастору для дыялогу і міжканфесійнай камунікацыі, чаму садзейнічае стварэнне ўзгаданых духоўных цэнтраў.







