
Апоўдні 4 ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст прыбыла першая пешая пілігрымка з Ліды.
Пасля 12.00 здалёк пачуліся гукі спеваў на хвалу Маці Божай. Гэта падыходзіла пешая пілігрымка Гродзенскай дыяцэзіі, якая прыбыла ў Нацыянальны санктуарый з Ліды.
Пілігрымы выйшлі ў шлях 26 чэрвеня і на працягу 9 дзён крочылі да Маці Божай, якая чакае іх у цудудзейным будслаўскім абразе. За гэты час яны пераадолелі каля 250 кіламетраў.
З лідскімі пілігрымамі ў Будслаў прыйшоў і іх пастыр — біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Перад уваходам у базыліку пілігрымаў сустрэў і прывітаў пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік.
Усе, хто прыбывае ў Нацыянальны санктуарый, сёлета праходзяць узмоцнены асабісты дагляд на пунктах пропуску.





























