Пошук

07.07.2025 17:34   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказвае падзяку тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення сёлетняга Будслаўскага фэсту, які праходзіў 4 і 5 ліпеня, а таксама ўсім, хто браў у ім удзел.

Міласэрнасць Божая – давяраем Табе
праз Беззаганнае Сэрца Марыі!

Любыя браты і сёстры! З праслаўленнем і падзякай Усемагутнаму Богу за незвычайны час, які мы правялі перад тронам нашай Каралевы і Нябеснай Заступніцы Маці Божай Будслаўскай, звяртаюся з падзякай да кожнага і кожнай з вас.

Ад свайго імя, ад імя пробашча парафіі ў Будславе ксяндза Дзмітрыя Дубовіка, парафіяльнай рады і парафіянаў выказваю падзяку вам, мае дарагія пілігрымы, якія з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны, з Расійскай Федэрацыі і з-за мяжы сёлета прыбылі на Будслаўскі фэст.

Словы ўдзячнасці кірую Яго Эксцэленцыі арцыбіскупу Іньяцыё Чэффаліа, Апостальскаму нунцыю ў Беларусі, за скіраванае да нас Божае слова і апостальскае благаслаўленне. Дзякую ўсім біскупам і архімандрыту Сяргею Гаеку, якія ў апостальскай еднасці ўзносілі малітвы за кожнага з нас.

Дзякую за супольнае прабыванне перад тронам Багародзіцы прадстаўнікам традыцыйных рэлігій нашага народа: пратаіерэю Ігару Шалухо, благачыннаму Мядзельскай царкоўнай акругі, прадстаўніку Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі; прадстаўніку галоўнага равіна Рэлігійнага аб’яднання супольнасцяў прагрэсіўнага юдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгора Абрамовіча; прадстаўніку Галоўнага муфція Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Юхьянавіча Шабановіча.

Дзякую ўладам Мінскай вобласці ў асобе старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Іванавіча Кушнарэнкі, а таксама Старшыні Мядзельскага райвыканкама Аляксандру Васільевічу Прановічу за прыбыццё на фэст і за зацікаўленасць «Беларускім Вячэрнікам». Словы падзякі кірую мясцовым уладам — Старшыні Будслаўскага сельвыканкама Георгію Уладзіміравічу Шчаўліку, рэспубліканскім і мясцовым службам парадку, медыцынскай службе, службе ЖКГ, а таксама ўсім, хто, выконваючы свае штодзённым абавязкі перад грамадствам, паспрыяў бяспечнаму праслаўленню Бога.

Словы падзякі кірую старшыні праўлення ГА «Беларускі фонд міру» Максіму Уладзіміравічу Місько, а таксама старшыні Савета дырэктараў ВА «Энергакамплект» Сяргею Іванавічу Падгайскаму. Дзякую прадстаўнікам дыпкорпусу ў асобе спадарыні Зіты Ілоны Бенчык, Пасла Венгрыі ў Беларусі.

Асаблівая падзяка святарам, законным сёстрам, семінарыстам і свецкім валанцёрам, якія арганізавалі пешыя і роварныя пілігрымкі ў Будслаў і разам з вернікамі, акропленыя летнім дажджом, адчулі на пілігрымковым шляху зной дня і холад ночы. Дзякую святарам за паслугу ў сакрамэнце пакаяння. Дзякую нашым скаўтам і скаўткам за тое, што вы заўсёды «напагатове».

Дзякую Белтэлерадыёкампаніі за трансляцыю галоўнай Імшы і працэсіі на тэлеканале «Беларусь 3», а таксама на дзяржаўных парталах. Кірую падзяку кіраўнікам нашых каталіцкіх сайтаў: дырэктару партала Catholic.by ксяндзу ліцэнзіяту Паўлу Эйсманту, супрацоўнікам парафіяльнага сайта Budslau.by ксяндзу доктару Аляксандру Уласу і ксяндзу магістру Мікалаю Гракаву.

Мае дарагія. Дзякую кожнаму, хто спрычыніўся да таго, каб сёлетні фэст адбыўся і каб ён прайшоў у спакойнай, духоўнай і ўзнёслай атмасферы: літургічнай службе алтара на чале з ксяндзом Паўлам Федаровічам MIC, касцёльнай службе парадку, якой кіраваў ксёндз канонік Юрый Санько, парафіяльнаму хору разам з арганістам — дацэнтам Уладзімірам Васільевічам Неўдахам, якія ўпрыгожвалі літургію спевам і музыкай, а таксама валанцёрам і іх памочнікам. Дзякуй вам за ваша служэнне.

Асобная падзяка для гаспадароў гэтага святога месца — парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе з яе пробашчам ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам і парафіянамі, якім сёлета вельмі дапамагла ў падрыхтоўцы да фэсту моладзь з Мінска на чале са сваім душпастырам — ксяндзом Андрэем Бураком.

Перажываючы 80-годдзе Вялікай Перамогі і Дзень Незалежнасці Беларусі, мы маліліся праз нашу Нябесную Заступніцу Маці Божую Будслаўскую — Каралеву Беларусі, — каб і надалей Яна захоўвала наш родны край у згодзе і спакоі.

Мае дарагія! Да сустрэчы ў Будславе! Маці Божая Будслаўская чакае кожнага з нас у кожны час.

З глыбокай падзякай ад шчырага сэрца кожнага з вас благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

 Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 7 ліпеня 2025 года

 

Абноўлена 09.07.2025 13:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця