Пошук

05.07.2025 18:43   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У суботу 5 ліпеня, які быў другім днём Будслаўскага фэсту, адбылося прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якая тэрытарыяльна ахоплівае ўсю Беларусь, Беззаганнаму Сэрцу Марыі і Божай Міласэрнасці.

Пасля Фацімскага ружанца, праведзенага рухам «Легіён Марыі», перад копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, змешчанай на палявым алтары каля касцёла, якую святары неслі ў начной працэсіі са свечкамі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, стоячы на каленях, прамовіў словы Акту прысвячэння Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

«У той час, калі паволі набліжаецца спаўненне Тваіх слоў аб трыумфе Твайго Беззаганнага Сэрца, мы звяртаемся да Цябе ў духу любові, пакоры і бязмежнага даверу і, яднаючыся з усім Касцёлам, усклікаем да Цябе: "Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца".

Сёння стаім перад Табою, наша Маці, Маці нашых сем'яў, Маці людзей і ўсіх народаў. Ты ведаеш усе нашыя цярпенні і надзеі. Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўскалыхнулі наш сучасны свет. Просім: прымі нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца і атулі мацярынскай любоўю наш чалавечы свет, які мы даручаем Табе, непакоячыся за змены і вечны лёс нас саміх і ўсіх нашых братоў і сясцёр»,

— прамаўляў іерарх словы ўрачыстай малітвы.

У гэты ж час у Нацыянальны санктуарый прыбыў новапрызначаны Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. На сустрэчу з ім выйшлі прадстаўнікі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі са сваім Старшынёй, арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.

Калі біскуп Яшэўскі завершыў чытанне Акту прысвячэння, ён шчыра прывітаў на італьянскай мове прадстаўніка Папы Льва XIV.

Пасля святой Імшы, стоячы на каленях перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у прысутнасці Апостальскага нунцыя, беларускіх іерархаў, святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў прысвячэнне Касцёла на Беларусі Божай Міласэрнасці.

«Адзначаючы юбілейны год хрысціянства і юбілей 90-годдзя ўзнікнення асаблівай малітвы, якую прадыктаваў сам Езус, — Вяночка да Божай Міласэрнасці, дзякуючы за атрыманыя ласкі і просячы прабачэння за грахі, урачыста прысвячаем Божай Міласэрнасці Каталіцкі Касцёл на Беларусі, нашыя сем'і і ўсю нашу Айчыну — Беларусь»,

— прачытаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі словы Акту прысвячэння.

Пасля прамоўленай малітвы ўсе прысутныя ва ўрачыстай працэсіі пакланіліся Езусу Міласэрнаму, утоенаму ў гостыі.

Абноўлена 06.07.2025 23:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа