
5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, перад якімі адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а пасля — Божай Міласэрнасці.
Перад галоўнай святой Імшой Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прамовіў Акт прысвячэння Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Герб з жывых кветак перад палявым алтаром, выкладзены ў форме лагатыпу юбілейнага 2025 года, прыпамінаў, што ўсе прысутныя ў Нацыянальным санктуарыі пакліканы адчуваць сябе, паводле слоў арцыбіскупа Станеўскага, «не толькі пілігрымамі надзеі, але і апосталамі надзеі».
Святую Імшу, трасляцыя якой вялася на Youtube-канале Нацыянальнага санктуарыя і на канале Беларусь 3 Нацыянальнага тэлебачання, узначаліў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На цэнтральныя ўрачыстасці прыбыў у Будслаў Апостальскі нунцый на Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. На Эўхарыстыі на завяршэнне Будслаўскага фэсту былі прысутныя ўсе беларускія каталіцкія біскупы, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы і вернікі, якія прыбылі на ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у найбольшай за апошнія гады колькасці. Сярод прысутных знаходзілася таксама група вернікаў з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расія) разам са сваім пастырам — біскупам Клеменсам Піккелем. Таксама ва ўрачыстасцях удзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дзяржаўных устаноў, традыцыйных рэлігій Беларусі: Праваслаўнай Царквы, Рэлігійнага аб'яднання прагрэсіўнага юдаізму, Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання, а таксама дыпламатычных місій. Літургію ўпрыгожваў спеў парафіяльнага хору мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі. Падчас Імшы парадак забяспечвалі беларускія скаўты.

Галоўны цэлебрант на пачатку святой Імшы прывітаў усіх прысутных. Асаблівыя словы прывітання ён скіраваў у адрас Апостальскага нунцыя, які «нядаўна прыбыў у нашу краіну, каб быць звяном паміж Ватыканам і Беларуссю, вернікамі Касцёла і грамадствам». Арцыпастыр на італьянскай мове запрасіў прадстаўніка Святога Айца адчуваць сябе ў Беларусі як дома і скіраваць да прысутных сваё слова. Пасля чаго дастойнага госця Будслаўскага фэсту з букетамі кветак у руках прывіталі наймалодшыя ўдзельнікі свята.
Напрыканцы сваёй уступнай прамовы арцыпастыр назваў інтэнцыю, у якой цэлебраваў Эўхарыстыю:
«Малюся за цябе, Беларусь, за тваіх сыноў і дачок, каб была паміж намі любоў, згода і мірнае неба над намі».
Гамілію падчас Імшы прамовіў нунцый Іньяцыё Чэффаліа. Вітаючы прысутных, прадстаўнік Святога Пасаду ў Беларусі перадаў «айцоўскае прывітанне і апостальскае благаслаўленне нашага любага Папы Льва XIV, які запэўнівае ў сваёй малітве за гэту ўмілаваную і паважаную краіну і за кожнага з вас». Ён прызнаўся, што гэта яго першая ў якасці нунцыя сустрэча з беларускімі католікамі, якую ён вельмі чакаў.
«Я прыбываю да вас не як чужынец, але як брат сярод братоў, як пілігрым сярод пілігрымаў. Прыбываю са шчырым жаданнем пазнаёміцца з вамі, ісці поруч з вамі і "быць да вашых паслуг"»,
— сказаў арцыбіскуп Чэффаліа.
Іерарх выказаў спадзяванне, што час, праведзены ім у Беларусі, стане «часам ласкі і ўзаемнага суправаджэння» і што беларусы «як народ верны, падтрыманы надзеяй і кіраваны пяшчотай Марыі», будуць разам з ім.
У юбілейным годзе, які праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», па словах нунцыя, «мы ўсе пакліканы адкрыць "сэрца" — сутнасць Евангелля». Ён акрэсліў хрысціянскую надзею наступным чынам: «гэта ўнутраная моц, якая нараджаецца з усведамлення таго, што Бог нас моцна любіць, шукае і падтрымлівае; гэта святло, якое гарыць нават у цемры начы; гэта давер, укаранёны ў вернасці Пана Бога».
«Марыя — найбольш чалавечае і трывалае аблічча гэтай надзеі,
— падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца. — Яна заўседы была "пілігрымам духа": у гарах Юдэі, у Бэтлееме, у Егіпце. Але перадусім яна ішла "унутры сябе", з сэрцам гатовым, пакорным, адкрытым волі Бога. Нават не разумеючы ўсяго, Яна працягвала давяраць. Яе "так" не было нейкім эмацыйным парывам, а пастаянным абавязкам, і з таго часу Яна ідзе з намі».
Звяртаючыся да ўрыўка Евангелля аб Звеставанні Марыі, які быў прачытаны падчас святой Імшы, арцыбіскуп Чэффаліа падкрэсліў, што Яна «не замкнулася ў сабе, а пабегла да сваёй сваячкі Альжбеты... а Яе сэрца перапаўняла радасць».
«Які цудоўны вобраз Касцёла, які пілігрымуе! Які выразны вобраз вас саміх, дарагія пілігрымы!»
— звяртаючыся да прысутных, усклікнуў іерарх.
Новапрызначаны Апостальскі нунцый у Беларусі звярнуў таксама ўвагу на акрэсленне паняцця «пілігрымка»: «Пілігрымка — гэта не проста нейкая пабожная справа. Гэта глыбокі сімвал таго, кім мы з'яўляемся — народ у падарожжы, Касцёл у вандроўцы, Цела Хрыстова, якое збіраецца разам, каб аднавіць сваю надзею».
Калі Марыя прыходзіць у дом Альжбеты, Яна спявае гімн Magnificat — «не як тая, якая мае становішча ці ўладу,... але гэтыя словы льюцца з глыбіні Яе пакоры». «Гэты спеў — таксама і наш спеў, — сцвердзіў прамоўца. — Гэта стыль сапраўдных вучняў Езуса: блізкасць, шчырасць, спачуванне, пакора. Гэта стыль Марыі. І гэта стыль, які Касцёл пакліканы ўвасабляць ва ўсім свеце».
Прадстаўнік Апостальскага Пасаду сцвердзіў, што пілігрымы прыйшлі ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай не як турысты ці па звычаю, але як пілігрымы надзеі, кіраваныя Духам Святым. «Быць пілігрымам — гэта значна больш, чым проста ісці пешшу, каб прыбыць у санктуарый. Гэта значыць адкрыць свае сэрцы для навізны Бога. Гэта азначае пакінуць за плячыма руціну, страхі і ўпэўненасць і рушыць у дарогу да таго, што надае жыццю сэнс», — такое чарговае акрэсленне даў слухачам Апостальскі нунцый.
Іерарх нагадаў тытул юбілейнай булы Папы Францішка Spes non confundit — «Надзея не асароміць» (Рым 5, 5). Ён падкрэсліў, што Марыя — верная сведка гэтай надзеі, якая ніколі не згасае. Яна таксама перажывала цёмныя ночы, але паўтарала сваё «так» як выраз глыбокай веры.
Марыя ідзе з намі як Маці надзеі і першая вучаніца Евангелля. Наша ўшанаванне Марыі — гэта не пустыя сантыменты, а канкрэтны шлях веры. Бо сапраўднае ўшанаванне Марыі вядзе нас да наследавання Яе: у Яе дзейснай веры, у Яе пакорнай мужнасці, у Яе служэнні без межаў.
Завяршаючы гамілію, арцыбіскуп Чэффаліа яшчэ раз выразіў жаданне ісці разам з вернікамі Беларусі як іх «брат-пілігрым» і пажадаў ім, каб мацярынская прысутнасць Марыі натхняла іх працягваць шлях «як народ у падарожжы, як адважных вучняў, як Касцёла, які спадзяецца і верыць».

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Станеўскі, звяртаючыся да моладзі Беларусі, заахвоціў іх, прыгадваючы нядаўнія словы Папы Льва XIV да маладых людзей, каб яны «з энтузіязмам адказалі Пану, які кліча працаваць у Яго вінаградніку». «Працуючы ў Яго вінаградніку, любая моладзь, ты знойдзеш адказ на гэтае глыбокае пытанне, якое носіш у сабе: Які сэнс майго жыцця?» — пераканальна прамовіў арцыпастыр.
Ён падзякаваў старэйшаму пакаленню вернікаў за прыклад веры праз крочанне шлахам пілігрымаў, а таксама дзецям, якія без боязі ўваходзяць на гэты шлях. Іерарх заахвоціў прысутных святароў і вернікаў працягваць малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці і ў кожную першую суботу месяца праводзіць марыйныя набажэнствы.
«Даручаю Пану Езусу жыццё Касцёла, усяго чалавецтва і нашай краіны, просячы аб спасланні Яго міласэрнасці»,
— сказаў арцыпастыр.
Звяртаючыся да Апостальскага нунцыя са словамі падзякі за прысутнасць і Божае слова, Старшыня ККББ папрасіў яго перадаць Святому Айцу цёплае сыноўняе прывітанне і запэўненне ў малітоўнай памяці пра яго. І дадаў: «Мы запрашаем і з нецярплівасцю чакаем Папу Льва XIV у Беларусі. Мы сардэчна яго запрашаем». Пасля гэтага арцыбіскуп Станеўскі асабіста ўручыў Апостальскаму нунцыю ў Беларусі медаль «Пілігрым надзеі Беларусі».
Наступным чынам перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам ён прачытаў Акт аддання Мінска-Магілёўскай мітраполіі Божай Міласэрнасці.
Эўхарыстычная працэсія і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам завяршыла галоўныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту.



























































































































































