Пошук

01.07.2022 21:37   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Па меншай меры 20 арганізаваных пілігрымак прыбылі сёлета на Будслаўскі фэст. У іх, па падліках арганізатараў, узялі ўдзел 1757 асобаў.

Геаграфія сёлетніх пілігрымак з’яднала з Будславам розныя мясціны сінявокай Беларусі: Полацк, Браслаў, Глыбокае, Варапаева, Паставы, Віцебск, Росіцу, Смаргонь, Баранавічы, Мінск, Нарач, Вілейку, Жодзіна, Ракаў, Мядзел і Маладзечна. З некаторых населеных пунктаў выходзіла некалькі пілігрымак.

Так, з Мінска ў Будслаў сёлета скіраваліся тры групы пілігрымаў: традыцыйная пешая пілігрымка, посная пілігрымка пакаяння на чале з ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком і пілігрымка на роварах.

Раней за ўсіх, як звычайна, прыйшлі на фэст пілігрымы з Ракава. У складзе 51 чалавека яны за пяць дзён пераадолелі каля 120-і кіламетраў.

Самай шматлікай групай у Будслаў прыйшлі пілігрымы з Маладзечна. У чатырохдзённай пешай пілігрымцы да Маці Божай на чале з братамі капуцынамі разам крочылі 250 чалавек. З нагоды таго, што гэтая пілігрымка Маладзечна–будслаў была ўжо 30-й, маладзечанцы як ахяру санктуарыю прынеслі набор літургічнай бялізны для келіха і прыгожы абрус з марыйнай сімволікай, якім быў засланы палявы алтар. Гэтыя рэчы — выраб капуцынскай мануфактуры літургічных рэчаў і адзення Sacris vestibus.

Найбольш працяглымі былі пілігрымкі з Баранавічаў, у якой 93 пілігрымы за 9 дзён пераадолелі пешкі амаль 300 кіламетраў, і з месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных марыянаў з Росіцы: 45 яе ўдзельнікаў за 8 дзён прайшлі амаль 200 кіламетраў.

Асаблівай увагі заслугоўваюць і дзве аднадзённыя пілігрымкі. Першая з іх была арганізавана душпастырствам цвярозасці, а другая — рухам сямейнай духоўнасці Equipes Notre-Dame, у якой сёлета ішлі 70 сем’яў разам з дзецьмі агульнай колькасцю 284 чалавекі.

Акрамя таго, на Будслаўскі фэст былі арганізаваны чатыры пілігрымкі на роварах: з Мінска, Мядзела і Віцебска. Агульная колькасць арганізаваных велапілігрымаў сёлета склала больш каля 40-а чалавек.

Па традыцыі пры ўваходзе ў Нацыянальны санктуарый пілігрымаў сустракаў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік. Сам дасведчаны пілігрым у мінулым, ён казаў некалькі прывітальных словаў усім тым, хто пераадолеў цяжар дарогі, а потым акрапляў пілігрымаў асвячонай вадой перад тым, як яны ўваходзілі ў святыню, каб сустрэцца з Маці Божай у Яе цудадзейным будслаўскім абразе.

Толькі аднойчы ксяндза Дзмітрыя ў яго ролі гасціннага гаспадара замяніў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату асабіста прывітаў і акрапіў пілігрымаў са сваёй роднай браслаўскай парафіі, якія за пяць дзён прыйшлі ў Будслаў у складзе 30 чалавек пад кіраўніцтвам ксяндзоў сальватарянаў.

Такім чынам, сёлетні фэст стаў выразным сведчаннем таго, што за два «каранавірусныя» гады традыцыя пілігрымак не знікла, што яна жыве і, як можна меркаваць, будзе працягвацца ў будучыні.

Абноўлена 02.07.2022 08:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця