Пошук

05.07.2022 11:11   Фота: з архіву парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску / Catholic.by

2 ліпеня ў мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай адзначылі адпустовую ўрачыстасць, у якой узялі ўдзел вернікі з розных супольнасцяў сталіцы.

Традыцыйна Будслаўскі фэст збірае ў Нацыянальным санктуарыі вялікую колькасць пілігрымаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы, якіх сёлета было больш за паўтары тысячы. Аднак не ўсім удаецца трапіць на фэст у Будслаў.

Жыхары беларускай сталіцы ужо некалькі гадоў маюць альтэрнатыўны варыянт «пілігрымкі», якую можна здзейсніць на гарадскім транспарце — удзел у адпустовай урачыстасці ў мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай, што ў раёне станцыі метро «Каменная горка».

Як для таго, каб трапіць у Будслаў, патрэбны высілак, таксама і для ўзыходжання на пакгорак, на якім пабудаваны мінскі касцёл Маці Божай Будслаўскай, спатрэбіцца прыкласці намаганні. Ва ўрачыстасць на супольную малітву тут сабраліся тыя, хто пажадаў ушанаваць Багародзіцу, але з прычыны ўросту, працы, стану здароўя ці іншых абставін не мог трапіць у Нацыянальны санктуарый.

Удзельнікі ўрачыстасці дзякавалі Маці Божай за пражыты год, за паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама прасілі праз Яе заступніцтва ласкі для сябе і сваіх сем’яў. Падобным чынам, як і пілігрымаў у Будславе, іх чакалі кнігі аб гісторыі касцёла, малітоўнікі, прысмакі і ўсё тое, без чаго немагчыма сабе ўявіць традыцыйнага фэсту.

Пробашч сталічнай парафіі Маці Божай Будслаўскай ксёндз канонік Францішак Рудзь распавёў прысутным цікавыя факты пра гісторыю Будслава і цудадзейнага абраза, адзначыўшы, што з самага пачатку святыня сярод пушчы стала месцам духоўнага яднання людзей розных хрысціянскіх веравызнанняў вакол Багародзіцы.

«Цуды Маці Божай, якія адбываліся ў Будславе, сталі вядомымі па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Нягледзячы на суровасць тутэйшых мясцін з непраходнымі лясамі, звілістымі рэкамі і балотамі, людзі ішлі на месца аб-яўлення Маці Божай, пераадольваючы ўсе нягоды і несучы свае просьбы да Яе», — адзначыў святар, дадаўшы, што праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай адбылося нямала цудаў.

«Але галоўным Яе цудам з’яўляецца тое, што ўжо на працягу стагоддзяў Будслаўскі санктуарый з’яўляецца месцам, дзе нас, незалежна ад узросту, веравызнання і грамадскага статусу аб’ядноўвае надзея, любоў і дабрыня.

Таму і лічаць самыя розныя людзі Маці Божую Будслаўскую сваёй Заступніцай, Апякункай Беларусі», — падкрэсліў ксёндз Францішак Рудзь.

 

Абноўлена 05.07.2022 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.