2 ліпеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, цэлебрацыю галоўнай святой Імшы фэсту ў Будславе ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Сёлетнія ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі праходзілі пад дэвізам-заклікам з Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі: «Каралева супакою, маліся за нас».
Галоўнай святой Імшы папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.
На ўрачыстасць у Будслаў былі дастаўлены таксама копіі цудадзейных ікон з іншых марыйных санктуарыяў Беларусі, якія ўжо больш за год перэгрынуюць па нашай краіне.
Гэтыя выявы Найсвяцейшай Панны Марыі былі ўсталяваныя перад палявым алтаром, на якім адбываліся ўрачыстыя цэлебрацыі з удзелам амаль усіх беларускіх іерархаў.
Калі духавенства ў працэсіі прыйшло да алтара, і арцыбіскуп Станеўскі распачаў Імшу знакам крыжа, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуўся да ўсіх удзельнікаў Эўхарыстыі. Ён абвясціў, што 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, арцыбіскуп Станеўскі атрымаў з рук Святога Айца Папы Францішка палій Мітрапаліта. Біскуп Касабуцкі растлумачыў значэнне гэтага элемента літургічнага адзення, які сімвалізуе адзінства арцыбіскупаў Мітрапалітаў са Святым Пасадам. Генеральны вікарый архідыяцэзіі скіраваў з гэтай нагоды словы віншавання арцыбіскупу Станеўскаму, сям’я вернікаў паднесла іерарху букет кветак, а ўсе прысутныя падтрымалі яго аднадушнымі воплескамі.
Дзякуючы за віншаванне, арцыбіскуп Мітрапаліт растлумачыў прысутным, што не можа паказаць атрыманы палій, паколькі павінен перадаць яго прадстаўніку Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу, а той вызначыць дату, калі ўрачыста ўскладзе яго яму на плечы як сімвал добрага пастыра, які нясе на сваіх плячах згубленую авечку.
Арцыбіскуп Станеўскі прызнаўся, што ўжо адчувае гэтую сваю пастырскую адказнасць, і падзяліўся, што ў момант атрымання палія распавёў Папу Францішку пра беларускіх католікаў і іх вялікую веру, што выклікала радасную ўсмешку на твары Святога Айца.
Арцыпастыр прывітаў прысутных на цэлебрацыі іерархаў, духавенства кансэкраваны асоб і вернікаў, у тым ліку пілігрымаў з розных мясцін Беларусі. Словы асаблівага прывітання ён скіраваў прадстаўнікам дзяржаўных уладаў, якім выказаў падзяку за дапамогу ў рэстаўрацыі будслаўскай святыні пасля пажару, а таксама прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу, якіх запэўніў у малітве перад Маці Божай і памяці пра суседзяў.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі перадусім звярнуўся да Евангельскага тэксту пра адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты, падкрэсліўшы, што Альжбета адразу ж зразумела сэнс гэтага візіту: Марыя прыйшла да яе з Панам Богам. Нагадаўшы, што многія, у адрозненне ад яе, наадварот, не жадалі прыняць Езуса, іерарх адзначыў: «Нам сёння таксама бывае праблематычна распазнаць Пана ў тых людзях і сітуацыях, якія нам добра вядомыя і з якімі мы ўжо звыкліся, хоць нашыя продкі маглі пра пэўныя рэчы толькі марыць: святая Імша ў кожную нядзелю, споведзь і святая Камунія, катэхеза і штодзённая малітва. Як жа лёгка не заўважыць Бога ў тым, што нам блізкае, роднае!» — зазначыў арцыпастыр, дадаўшы, што, паводле святога Яна Паўла ІІ, «чалавек, які не распазнае Бога ў звычайнай штодзённасці, траціць магчымасць пазнання самога сябе».
«Быць сабой і пазнаць сябе дапамагае малітва: асабістая, шчырая і дабравольная. Чалавек не можа назваць сябе веруючым, калі ён не моліцца. <…> Калі мы не молімся, то нашая вера — толькі чыстая тэорыя, светапогляд, і там няма месца для сустрэчы, дыялогу, кампрамісу і разумення. Такая вера не адбіваецца ва ўчынках — яна не пакідае следу», — перасцярог арцыбіскуп.
Звярнуўшыся да дэвізу сёлетняга Будслаўскага фэсту, іерарх заўважыў, што «кожны чалавек у глыбіні душы моцна прагне спакою».
«Чым больш чалавек усведамляе небяспеку, якая пагражае спакою, тым больш ён яго прагне. Чалавек жадае быць не проста вольным ад войнаў і канфліктаў, але і жыць поўным жыццём, у шчасці і поўнай рэалізацыі. Аднак спакой, якога людзі так моцна прагнуць, па розных прычынах парушаецца і нават знішчаецца», — зазначыў іерарх. У сувязі з гэтым ён нагадаў вучэнне Касцёла з энцыклікі святога Яна ХХІІІ Pacem in terris («Супакой на зямлі») пра тое, што мір — гэта Божы дар, «які прыходзіць да нас найперш праз людскія сэрцы».
«Няма спакою для заблукалага сэрца, калі не адбудзецца яго перамена, або навяртанне да Бога. Калі не будзе сапраўднай перамены сэрца, унутраны спакой заўсёды будзе кароткачасовым»,
— сцвердзіў арцыпастыр, адзначыўшы, што прыкладам такога сапраўднага спакою быў унутраны спакой Дзевы Марыі. «Менавіта такі ўнутраны спакой <…> варта захоўваць сярод бурлівых і незразумелых падзей гісторыі, сэнсу якіх мы часта не разумеем, або разумеем і тлумачым няправільна», — дадаў арцыбіскуп.
На заканчэнне гаміліі ён сказаў: «Чаму сёння тут, у Будславе, мы гаворым пра спакой і молімся аб ім? Адказ на гэтае пытанне вельмі просты: няма больш адпаведнага месца, якое лепш прыдалося б да гэтай мэты. Будслаў — гэта наш „беларускі Бэтлеем” — так я гаварыў падчас сваёй інаўгурацыі ў мінскай архікатэдры і так сцвярджаю сёння. У юдэйскім Бэтлееме нарадзіўся Сын Божы Езус Хрыстус, Князь супакою.
Тут, у Будславе, у людскіх сэрцах нараджаецца вера ў Бога. Дык няхай жа тут у нас нараджаецца чалавек спакою — у сэрцы пілігрыма, турыста і проста вандроўніка», — выказаў пажаданне іерарх.
Сваю гамілію арцыбіскуп Юзаф Станеўскі завяршыў малітоўным зваротам да найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы супакою, пасля чаго заспяваў папулярную песню, якую падхапілі ўсе ўдзельнікі святой Імшы: «Маці Будслаўская, Маці святая…»
На заканчэнне цэлебрацыі адбылася Эўхарыстычная працэсія.