Пошук

06.07.2024 03:25   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Уначы ў Будславе адбылася працэсія са свечкамі і святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Роўна апоўначы вітаючы сабраных у Нацыянальным санктуарыі вернікаў, іерарх адзначыў, што Маці Марыя збірае сваіх дзяцей у гэтым святым месцы як адну сям’ю.

«Больш за 400 гадоў таму Марыя прыйшла сюды, на гэтую зямлю, да нашых продкаў, каб іх падтрымаць, каб іх наведаць», — адзначыў арцыпастыр. Ён нагадаў, што 125 гадоў таму нашыя продкі на заклік Папы Льва ХІІІ прысвяцілі сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, і цяпер малады Касцёл на Беларусі жадае зноў здзейсніць гэты акт прысвячэння.

Арцыбіскуп Станеўскі прывітаў усіх іерархаў, якія разам з ім цэлебравалі Імшу ўначы: біскупа Казіміра Велікасельца, які сёлета адзначае 25-гадовы юбілей біскупскага служэння і 40-годдзе святарства, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя, Генеральных вікарыяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага з Мінска і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з Магілёва, а таксама Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека. Эўхарыстыю канцэлебравалі таксама больш за 80 святароў з усіх дыяцэзій Беларусі.

Скіраваўшы словы прывітання духоўным і кансэкраваным асобам, семінарыстам і ўсім прысутным вернікам, арцыпастыр заахвоціў іх да малітвы ва ўсіх інтэнцыях, з якімі пілігрымы кіраваліся да Маці Божай: за сем’і, за дзяцей, за моладзь, за ўсю краіну.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі перадусім нагадаў, што мінулы год у Касцёле на Беларусі быў годам падзякі Маці Божай, а таксама падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Пры гэтым іерарх заўважыў, што ўсе пастыры, якія раней кіравалі дыяцэзіямі на тэрыторыі сучаснай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі, — такія, як біскуп Зыгмунт Лазінскі, кардынал Казімір Свёнтэк і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, — былі вялікімі шанавальнікамі Сэрца Езуса.

«Дзякуючы захаванню традыцыі, культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў нашых сем’ях не страціў сваёй важнасці пасля адраджэння структураў Касцёла, і ўжо сёння, 6 ліпеня, на заканчэнне года падзякі, у межах святкавання Будслаўскага фэсту будзе здзейснена інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса — прысвячэнне Яму ўсяго мясцовага Касцёла. Гэтае прысвячэнне Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса стане падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбай аб умацаванні веры і любові, каб мы заставаліся вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту, нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні.

У акце інтранізацыі будзем прасіць аб еднасці ў нашых сем’ях і іх аднаўленні, каб яны былі асяродкамі любові і міру, свабоднымі ад здрады, агрэсіі і насілля, адкрытымі для новага жыцця і здольнымі перадаваць веру і традыцыю продкаў новым пакаленням. Будзем прысвячаць Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса нашую моладзь, каб яна знаходзіла сэнс жыцця і ішла за голасам Бога, каб сэрцы маладых людзей палалі любоўю да Збаўцы, кб іх энтузіязм і вера аднаўлялі Касцёл», — патлумачыў духоўны сэнс інтранізацыі арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх адзначыў, што ў Будславе, перад тронам Марыі, асаблівым чынам адчуваецца еднасць паміж людзьмі і з Богам, Яго прысутнасць і блізкасць. Бог хоча, каб Яго Касцёл, а значыць усе вернікі былі такімі, як Маці Марыя: пяшчотная, пакорная, багатая на любоў, свабодная ад граху, падзелаў і нянавісці, з’яднаная з Езусам.

На заканчэнне гаміліі арцыпастыр заахвоціў сабраных да малітвы:

«Просім сёння: Божа, благаславі Беларусь, благаславі ўсіх нас, каб дзякуючы адданай веры і чуйнасці нашага сэрца на патрэбы бліжняга, мы змаглі паспрыяць якаснаму будаванню нашай сучаснасці, каб яна сталася трывалым і прыгожым падмуркам веры, надзеі і любові для будучых пакаленняў».

Святочную начную літургію традыцыйна аздобіў прыгожым спевам хор «Залатая Горка» пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха). Парадак падчас цэлебрацыі забяспечвалі беларускія каталіцкія скаўты.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў прысутных на цэлебрацыі архімандрыта Гаека і ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка з 50-годдзем святарства, якое яны сёлета адзначылі.

Абноўлена 06.07.2024 16:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця