Пошук

04.03.2024 16:18   Тэкст і фота: Аліна Жук / Catholic.by

У межах падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, а таксама года падзякі Маці Божай, 2 сакавіка, як і ў кожную першую суботу месяца, у Маці Божай Будслаўскай сабраліся пілігрымы.

За арганізацыю сакавіцкай малітоўнай сустрэчы ў Нацыянальным санктуарыі былі адказнымі духавенства і вернікі Нясвіжскага дэканату Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У Будслаў прыбылі пілігрымы з Гарадзеі, Капыля, Нясвіжа, Салігорска, Слуцка, са Старых Дарог і іншых мясцін Нясвіжскага дэканату. Вялікая група пілігрымаў прыехала ў Будслаў з Мінска.

Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Фацімскага ружанца ўдзельнікі сустрэчы разважалі і ўзносілі малітвы праз заступніцтва Маці Божай, Каралевы Беларусі. Ахвотныя маглі прыступіць да споведзі.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы ксёндз канонік Пётр Шарко, дэкан Нясвіжскі. Гамілію з рэкалекцыйнай навукай прамовіў Кусташ Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брат Алег Шэнда OFMCap, які ў гэты час праводзіў велікапосныя духоўныя практыкаванні для вернікаў будслаўскай парафіі. Пасля Імшы ўдзельнікі малітоўнай сустрэчы паслухалі канферэнцыя на тэму восьмай Божай запаведзі «Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго», якую прамовіў пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі ксёндз Андрэй Калядка, а потым адбылося набажэнства перапрашэння Найсвяцейшага Сэрца Езуса за грахі парушэння гэтай Божай запаведзі.

З Нацыянальнага санктуарыя пілігрымы з Нясвіжскага дэканату скіраваліся ў мястэчка Крывічы, што непадалёк ад Будслава. У мясцовай святыні святога Андрэя, апостала, захоўваецца старадаўняя фігура Езуса Журботнага, якая лічыцца цудатворнай.

Пробашч крывіцкай парафіі ксёндз Віктар Шчучко даў асабістае сведчанне веры, распавёўшы пра гісторыю святыні і цудадзейнай фігуры Збаўцы ў цярновым вянку. Яна была прывезена з трынітарскага кляштара больш за 225 год таму, і з таго часу Бог здзяйсняе ў гэтым месцы шматлікія цуды.

Па дарозе дадому пілігрымы завіталі ў вёску Касцяневічы, дзе цяпер нясе святарскае служэнне ксёндз Аўгуст Калясінскі, які таксама паходзіць з Нясвіжа. Вернікі даведаліся ад яго пра ксяндза Станіслава Жука — легендарнага душпастыра, які некалі тут працаваў і адышоў у вечнасць 8 сакавіка 1983 года.

Дзякуючы намаганням і энтузіязму святароў і парафіянаў у Касцяневічах быў створаны дом-музей гэтага святара, які меў сапраўды вялікае сэрца.

У цяжкія гады пераследу веры руплівы душпастыр аднаўляў святыні, а таксама будаваў нерукатворную святыню з чалавечых сэрцаў. Ксёндз Станіслаў Жук пакінуў прыклад чалавечнасці, глыбокай веры і ахвярнасці, а ў сваім тэстамэнце прасіў людзей любіць, служыць і прабачаць.

Умацаваныя гэтымі сведчаннямі і супольнай малітвай перад абразом Маці Блжай Будслаўскай, пілігрымы вярнуліся дадому духоўна ўмацаванымі, дзякуючы Богу за дары Яго ласкі.

 

Абноўлена 04.03.2024 16:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.