Пошук

11.05.2023 11:49   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

 

8 мая, у дзень успаміну святога Станіслава, біскупа і мучаніка, група навучэнцаў першага курса Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля скіравалася ў пілігрымку па мясцінах, дзе ў гады ваеннага ліхалецця і савецкага атэістычнага пераследу самаахвярна служыў руплівы душпастыр ксёндз Станіслаў Жук.

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Вілейскі дэканат) для пілігрымаў адбылася святая Імша, якую цэлебраваў цяперашні тутэйшы душпастыр ксёндз Аўгуст Калясінскі. У прамоўленай гаміліі святар звярнуў увагу на дар Божай любові да чалавека праз прызму адносін да самога сябе і да бліжніх.

Менавіта ўменнем дзяліцца гэтай любоўю з бліжнімі ксёндз Станіслаў Жук запомніўся ў Касцяневічах і паўсюль, дзе нёс людзям Хрыста.

Пасля Імшы першакурснікі наведалі дом-музей з экспазіцыяй, прысвечанай ксяндзу дэкану Станіславу Жуку, дзе ён правёў апошнія 37 гадоў свайго жыцця (з 1946 па 1983 год), служачы Богу і людзям.

Ідэя стварэння музея ўзнікла ў выпускніцы Мінскага тэалагічнага каледжа Ірыны Дзянісенка ў 2020 годзе падчас напісання дыпломнай працы. Жанчына звярнулася да біскупа Юрыя Касабуцкага, які благаславіў яе на стварэнне экспазіцыі. У доме захавалася нямала асабістых рэчаў душпастыра, прадметы мэблі, зробленыя рукамі самога святара, запісаныя ўспаміны вернікаў, хроніка яго духоўнай дзейнасці.

Ірына распавядае:

«Калі я пачала збіраць матэрыял пра ксяндза Станіслава, сведчані людзей, якія яго ведалі, то зразумела, што гэта быў святы святар. Шмат маленькіх дэталяў у яго жыцці гавораць пра яго святасць. Асабліва гэта праяўлялася ў яго бескарыслівай дапамозе безнадзейна хворым і церпячым людзям, калі ён сам, моцна стомлены, аддаваў апошнія сілы на патрэбы іншых», — лічыць Ірына.

«Я быў яму і медсястрой, і кухаркай, і прачкай, і цырульнікам», — пісаў 25 красавіка 1975 года ў лісце да сястры Дануты Жук ксёндз Станіслаў пра апеку над самотным пажылым мужчынам, які нават у касцёл не хадзіў.

Экскурсію для пілігрымаў разам з Ірынай Дзянісенка правяла Раіса Зяньчук з Вілейкі, якая таксама зрабіла вялікі ўнёсак у стварэнне экспазіцыі ў доме-музеі, а цяпер ахвотна распавядае пра жыццё святара.

Першакурснікі ўшанавалі памяць спачылага ксяндза Станіслава, наведаўшы яго магілу на парафіяльных могілках, дзе пробашч пажадаў быць пахаваным разам са сваімі памерлымі вернікамі.

Ксяндза Жука добра ведалі таксама ў суседняй парафіі святога Станіслава ў Даўгінаве, вернікамі якой ён пэўны час духоўна апекаваўся, калі там не стала святара. «Адпустовы дзень у асірацелай парафіі вельмі напружаны: шматгадзінная споведзь да позняй ночы, Маёвае набажэнства, святая Імша і працэсія. У сірот буду на Божае Цела ўдзяляць сакрамэнт канфірмацыі, у сябе быў на Спасланне Духа Святога.

Перад гэтым будзе доўгае спавяданне, бо некаторыя магчымасць мелі толькі перад вайной», — пісаў святар 12 мая 1966 года ў ліце Дануце Жук.

Падарожжа па мясцінах, дзе служыў ксёндз Станіслаў, нарэшце прывяло першакурснікаў тэалагічнага каледжа ў Нацыянальны санктуарый у Будславе: з 1938 па 1946 гады святар быў пробашчам тутэйшай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай першакурснікі падзякавалі за плённы год навучання.

Напярэдадні гадавіны пажару ў будслаўскай базыліцы, які здарыўся 11 мая 2021 года, памаліліся таксама ў інтэнцыі адраджэння святыні і аднаўлення рэлігійнага жыцця ў парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску, вернікі якой арганізавалі пілігрымку.

Завяршыўся насычаны дзень пілігрымаў невялікім пікніком на маляўнічым беразе Вілейскага вадасховішча ў промнях вечаровага майскага сонейка.

У размове сваімі уражаннямі ад пілігрымкі падзялілася стараста групы першакурснікаў Ганна Краснадземская.

«На пачатку навучальнага года ў групу прыйшла спадарыня Ірына, пазнаёміла са сваёй дыпломнай працай, распавяла, што ў Касцяневічах арганізуецца музей, і запрасіла яго наведаць.

Мы зацікавіліся працай Ірыны пра святара, які ўжо пры жыцці меў рэпутацыю святога, — прызналася дзяўчына. — Касцёлы, якія мы наведалі, уразілі даўніной і „намоленасцю“, а ад святароў, якія там служаць, даведаліся пра адданасць, руплівасць і веру нашых продкаў, дзякуючы якой захавалася духоўная спадчына. Радуе, што ў маленькіх вёсках і парафіях існуе непарыўнасць каталіцкіх традыцый, якая натхняе нас, маладых людзей, працягваць гэтую добрую справу», — сказала Ганна Краснадземская.

Абноўлена 11.05.2023 13:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.