Пошук

02.06.2025 10:46   Паводле: samaranin.by

У суботу 31 мая ў Нацыянальным марыйным санктуарыі Беларусі ў Будславе прайшло святкаванне Сусветнага дня дзіцяці, які прыпадае на 1 чэрвеня.

Арганізатарам рэлігійнага мерапрыемства была Місія Добрага Самараніна, пры якой у Мінску дзейнічае Хрысціянскі сацыяльны цэнтр. Узначальвае Місію сястра Часлава Навіцкая USJK.

Больш за 1000 дзяцей прыбыло на ўрачыстасць са сваімі душпастырамі, катэхетамі і бацькамі. Нават кепскае надвор’е, якой ўсталявалася на працягу тыдня напярэдадні, не спалохала арганізаратаў і ўдзельнікаў. «Усё прайшло сонечна!» — адзначылі арганізатары.

Тэма сёлетняй сустрэчы: «Гэта мы — радасць і надзея».

Прывітальне слова ксяндза Аляксандра Шамрыцкага MIC, душпастыра Місіі, дало пачатак святкаванню. Самым важным пунктам была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Падчас прамовы да дзяцей у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі арцыпастыр разважаў пра тое, чаму Марыя, нягледзячы на выпрабаванні ў сваім жыцці, была радаснай асобай і адкуль яна чэрпала радасць і надзею.

Пасля святой Імшы і кароткага перапынку дзяцей чакала забаўляльная праграма, якую падрыхтавала салезіянская моладзь разам са сваім душпастырам, ксяндзом Алегам Каралёвым SDB. Усе прысутныя мелі таксама магчымасць паўдзельнічаць у арганізаваных майстар-класах.

Чарговым пунктам праграмы была малітва праслаўлення, якую правялі дзеці, якія належаць не толькі да каталіцкіх супольнасцяў, але і да іншых канфесій.

Сустрэчу завяршыла супольная малітва «Ойча наш», якая аб'яднала ўсіх прысутных.

У арганізацыю мерапрыемства ўключылася каля 100 валанцёраў, шматлікія парафіі, арганізацыі і індывідуальныя асобы складалі ахвяраванні.

Больш фота з мерапрыемства па спасылцы ТУТ>>>.

Некаторыя ўдзельнікі падзяліліся сваімі уражаннямі:

Міша (Барысаў):
«Было весела разам. Усё было маштабным: колькасць дзяцей, майстар-класаў і гульняў. Спадабаўся таксама канцэрт, былі прыгожыя спевы з глыбокім сэнсам».

Глеб (Будслаў):
«Добры дзень! Вельмi ўсё спадабалася. Вялiкi дзякуй за вельмi цудоўнае свята для дзяцей».

Багдан (Смалявічы):
«Мне вельмі спадабалася ўчарашняя сустрэча. Спадабаліся гэтыя гульні, я нават атрымаў тры выйгрыша. Мне вельмі добра было ў душы».

Марта (Мінск):
«Усё вельмі спадабалася. Асабліва цікава слухаць песні пад электрагітары».

Лёша (Барысаў):
«Асаблівым момантам для мяне была Імша, на якой я бачыў шмат святароў. Спадабалася гамілія абпаарцыбіскупа Юзафа.

Соня (Смалявічы):
«Гэты дзень у Будславе мне вельмі спадабаўся! Як і ў мінулым годзе, гэтае мерапрыемства напоўнена радасцю, усмешкамі, вяселлем і добрымі людзьмі. Гэтая Святая Імша заўсёды застаецца у сэрцах людзей, бо атмасфера, якая на ёй прысутнічае, зачароўвае душу. І ніякі дождж не перашкаджае нам праслаўляць Пана Бога нашага».

Абноўлена 02.06.2025 21:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.