8 сакавіка вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касценевічах (Вілейскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), а таксама з Будслава і іншых мясцін Беларусі ўшанавалі памяць ксяндза Станіслава Жука ў 120-ю гадавіну з дня нараджэння гэтага заслужанага святара.
Памятнае набажэнства з гэтай нагоды прайшло ў Касцяневічах з удзелам арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча.
Напачатку ўдзельнікі сабраліся на парафіяльных могілках, дзе памаліліся на магіле ксяндза Станіслава. Потым у касцёле адбылася святая Імша ў яго інтэнцыі, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх узгадаў жыццёвы шлях і святарскае служэння ксяндза Станіслава Жука.
Будучы святар нарадзіўся ў Свянцянах на Віленшчыне ў шматдзетнай сям’і. Выхаваны ў духу любові да Бога і бліжняга, ён казаў, што крыніцай яго святарскага паклікання з’яўляецца сям’я.
«Напачатку ён не думаў пра святарства, а хацеў быць інжынерам — будаўнічым мастоў. Аднак, як сам піша, Бог распарадзіўся па-іншаму і выбраў яго на будаўнічага мастоў да неба. Рашэнне стаць святаром ён прыняў падчас рэкалекцый. Тады сказаў сам сабе, што, каб заслужыць збаўленне, неабходна аддацца Божай службе ў якасці святара. На гэта ксёндз прэфект са школы сказаў яму, што ні на якой іншай дарозе няма столькі перашкод, цяжкасцяў і людской няўдзячнасці, як на святарскай. Але, разам з тым, ні на якой іншай няма столькіх Божых ласкаў, як на ёй. Гэтыя словы рэалізаваліся ва ўсёй паўнаце ў жыцці і служэнні ксяндза Станіслава Жука», — адзначыў арцыбіскуп.
Пасля завяршэння святарскай фармацыі ў Віленскай духоўнай семінарыі ў 1928 годзе Станіслаў Жук прыняў сакрамэнт пасвячэння, пасля чаго служыў у розных парафіях Віленскай архідыяцэзіі: у Беластоку, Гродне, Ашмянах і Ракаве. У 1936–1946 гадах быў пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе.
Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што ксёндз Станіслаў адзначыўся не толькі як руплівы душпастыр, але таксама як чалавек, які праяўляў чуласць да людскога гора, што асабліва было відаць падчас нацысцкай акупацыі.
«Рызыкуючы сваім жыццём, на вежы будслаўскай святыні каталіцкі святар скрываў ад карнікаў габрэйку. Скрываў таксама і савецкіх жаўнераў, якія заставаліся на акупаванай тэрыторыі. Падчас адступлення акупанты і іх хаўруснікі планавалі знішчыць будслаўскі касцёл, але ксёндз Станіслаў верыў у апеку Панны Марыі і Божую моц. З групай парафіянаў ён маліўся ў лесе, і варожае войска абмінула Будслаў», — распавёў арцыбіскуп.
У 1946 годзе ксёндз Жук быў прызначаны Вілейскім дэканам і пробашчам касцяневіцкай парафіі, дзе ад касцёла пасля вайны заставаліся толькі сцены. Пры яго адбудове святар працаваў разам з рабочымі. Арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што вайна і савецкая атэістычная ідэалогія прынесла шмат негатыўнага і амаральнага ў жыццё людзей, таму, паводле сведчання ксяндза Станіслава, матэрыяльная адбудова касцёла ішла лягчэй, чым духоўнае аднаўленне.
«Тады былі часы ваяўнічага атэізму, які імкнуўся з нашай Бацькаўшчыны зрабіць духоўную пустыню. Таму было вельмі складана весці душпастырскую працу, асабліва з дзецьмі і моладдзю, якім забаранялася хадзіць у касцёл. Сітуацыя пагаршалася і тым, што святароў станавілася ўсё менш, і неабходна было несці служэнне ў некалькіх парафіях.
Аднак намаганні ахвярнага святара не былі дарэмнымі: аднаўляўся касцёл і адраджаліся душы людзей. Ксёндз Станіслаў Жук пакінуў сведчанне ахвярнага святарскага служэння, узор чалавека малітвы, апекуна бедных і хворых, а таксама „вязня канфесіянала“», — сцвердзіў заслужаны іерарх.
Жыццёвы шлях ксяндза Жука завяршыўся ў 1983 годзе. Перад адыходам у дом Нябеснага Айца ён запісаў на магнітафоне «апошняе слова з труны да сваіх парафіянаў», якое было прачытана падчас пахавальнай Імшы як яго духоўны тэстамэнт.
«У ім ён дзякуе парафіянам за веру, любоў і вернасць Богу. Просіць прабачэння, калі кагосці пакрыўдзіў. Заклікае вернікаў любіць адзін аднаго, каб Езус пазнаваў, што яны Ягоныя вучні. Гэтае апошняе слова сёння гучыць як запавет заслужанага святара наступным пакаленням», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што вялікае духоўнае значэнне маюць таксама яго лісты блізкім і знаёмым, змешчаныя ў кнізе «На варце веры», у якой распавядаецца пра жыццё і служэнне святараў у былым Савецкім Саюзе, а таксама пра лёс «Касцёла маўчання», што дзейнічаў у «катакомбах ХХ стагоддзя».
«Ксёндз Станіслаў Жук быў прасякнуты місійным духам служыць усім людзям.
Ва ўмовах ваяўнічага атэізму ён не толькі сцярог веру, але і перадаваў яе маладому пакленню. Яго святарскае служэнне і жыццёвы прыклад сталі вялікім пасевам і падмуркам адраджэння Касцёла на Беларусі пасля атрымання свабоды веравызнання. Без такіх святароў, як ксёндз Станіслаў Жук, не было б многіх з нас, і працэс адраджэння не быў бы такім дынамічным», — сцвердзіў на заканчэнне гаміліі арцыпастыр.
Пасля святой Імшы ў Касцяневічах адбылося адкрыццё і благаслаўленне мемарыяльнага дома-экспазіцыі, прысвечанага ксяндзу Станіславу Жуку. Благаслаўляючы гэтае памятнае месца, арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў парафіянам за ініцыятыву стварэння такога мемарыялу, які будзе нагадваць наступным пакаленням пра гэтага ахвярнага і гераічнага святара.