12 жніўня ў Даўгінаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Вілейскі дэканат) адбылося пахаванне спачылага ксяндза Уладзіслава Шышлы, пробашча парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат).
Увечары напярэдадні са сваім памерлым пробашчам развіталіся вернікі шэметаўскай парафіі, дзе ён нёс служэнне ўжо 15-ы год.
Раніцай у панядзелак у касцёле ў Шэметаве тутэйшыя вернікі сабраліся на малітву, пасля якой труна з целам спачылага святара, які адышоў у вечнасць раніцай 10 жніўня, была дастаўлена на яго малую радзіму, у Даўгінава.
Некаторыя шэметаўскія парафіяне праводзілі свайго душпастыра ў гэты апошні шлях. У даўгінаўскім касцёле святога Станіслава, біскупа, адбылася пахавальная святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Заслужаны іерарх прывітаў прысутнага Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага і сабраных у святыні больш як чатыры дзясяткі святароў, дыяцэзіяльных і законнікаў, якія прыбылі з розных мясцін Беларусі, а таксама вернікаў, сярод якіх была мама памерлага ксяндза Уладзіслава Эмілія, яго родныя, блізкія і знаёмыя, некаторыя з якіх памяталі яго з дзяцінства.
Напачатку арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў сумны выраз на лацінскай мове: Sacerdotis sors — subitanea mors («лёс святара — нечаканая смерць»), які зноў пацвердзіўся, калі раптоўна на 58-м годзе жыцця завяршыўся зямны шлях ксяндза Уладзіслава Шышлы.
Гамілію прамовіў яго аднакурснік па семінарыі ў Гродне біскуп Касабуцкі. Ён перадусім прадставіў хрысціянскае бачанне смерці, якая з’яўляецца не канцом існавання, а пачаткам вечнага жыцця ў Хрысце. Іерарх, які добра ведаў спачылага, коратка прадставіў яго жыццёвы шлях: шлях святара. Біскуп заўважыў, што ў Даўгінавае, на малой радзіме ксяндза Уладзіслава, касцёл нават у часы найбольш жорсткага пераследу веры ніколі не зачыняўся, хоць у ім не было святара. Людзі збіраліся ў святыні, клалі на алтар святарскае адзенне і самі чыталі літургічныя тэксты на лацінскай мове.
«Людзі маліліся так, як умелі, як маглі <…>; маліліся аб пакліканнях да службы Божай. І гэтая малітва не была дарэмнай: малады юнак Уладак пачуў голас Хрыста „Ідзі за Мной“», — распавёў іерарх пра тое, як узнікла пакліканне да святарства яго калегі. Біскуп заўважыў, што вялікую ролю ў гэтым адыграла таксама служэнне прысутнага на пахавальнай святой Імшы ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, які сваім прыкладам заахвоціў многіх, у тым ліку і самога іерарха, пайсці за Хрыстом шляхам святарства.
Біскуп Касабуцкі нагадаў, што сваё святарскае служэнне ксёндз Уладзіслаў распачаў у якасці вікарыя ў Мосары, дзе пробашчам тады быў славуты ксёндз Ёзас Булька (цяпер парафія ўваходзіць у склад Віцебскай дыяцэзіі, якая была створана пазней). Потым пэўны час ён служыў у складаных умовах у магілёўскай частцы архідыяцэзіі на Шклоўшчыне, пазней некалькі гадоў быў вікарыем у парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл), пасля — пробашчам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе (Валожынскі дэканат), і, нарэшце, быў прызначаны пробашчам у Шэметава, дзе нёс служэнне ўжо 15-ы год, калі Бог паклікаў яго да сябе.
Іерарх дадаў, што, хоць немагчыма статыстычна падлічыць, колькі за ўвесь гэты час ксёндз Уладзіслаў цэлебраваў Імшаў і іншых сакрамэнтаў, колькі людзей прывёў да Бога, аднак спачылы святар дакладна становіцца перад Панам не з пустымі руамі, а з багатым плёнам свайго руплівага служэння.
«Хоць ён адышоў у адносна маладым узросце, але Бог палічыў, што яго місія тут выканана, і з гэтым вялікім багаццем ён адыходзіць з гэтага свету», — сцвердзіў біскуп Юрый Касабуцкі.
Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў усім, хто маліўся аб вечным жыцці для памерлага шэметаўскага пробашча.
«Цяжка нам расставацца з чалавекам, якога добра ведалі, які адыграў сваю ролю ў адраджэнні нашага Касцёла. <…> Аднак нам павінна свяціць праўда пра ўваскрасенне Езуса Хрыста, як гэтая запаленая пасхальная свечка, пасхал: гэта сімвал уваскрослага Хрыста, які нагадвае нам пра тое, што са смерцю чалавека яго жыццё не завяршаецца; што гэтая апошняя сцежка, якая вядзе да магілы, — гэта не апошняя дарога чалавека, бо яго чакае новае жыццё.
Няхай жа гэтае жыццё дзякуючы нашай малітве будзе жыццём у вечнай радасці для памерлага святара Уладзіслава», — выказаў малітоўнае пажаданне заслужаны іерарх перад благаслаўленнем на заканчэнне Імшы.
Пасля яе біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў абрады апошняга даручэння і развітання ў касцёле, а таксама пахавання на парафіяльных могілках.
Там памерлы ксёндз Уладзіслаў Шышла спачыў побач з магілаю колішняга даўгінаўскага пробашча ксяндза Казіміра Дарашкевіча, які адышоў у вечнасць за год да нараджэння новага святара з яго парафіі і цяпер, напэўна, радасна сустракае яго ў небе.