
Інтэрв’ю арцыбіскупа Юзафа Станеўскага для інтэрнэт-партала Catholic.by адбылося 29 красавіка, пасля яго вяртання з Рыма, куды ён прыбыў у складзе дэлегацыі духоўных асоб з Беларусі для ўдзелу ў пахаванні Папы Францішка 26 красавіка. У шчырай размове іерарх падзяліўся сваімі ўражаннямі са свайго ўдзелу ў пахаванні спачылага Пантыфіка, і адказаў на найбольш актуальныя пытанні, якія тычацца выбару новага Папы.
Ваша Эксцэленцыя, Мітрапаліт Юзаф, Вы толькі што вярнуліся з Рыма, дзе ўдзельнічалі ў абрадах пахавання спачылага Папы Францішка. Калі ласка, падзяліцеся з намі перажываннямі, якія Вы адчулі, прабываючы сярод тых, хто прыбыў у гэтыя дні ў Вечны Горад.
Усе дарогі вядуць у Рым — гэта выказванне, можна сказаць, у гэтыя «вялікія» дні спаўняецца на 100 адсоткаў. З першай хвіліны, калі мы ступілі на італьянскую зямлю ў аэрапорце Чампіна (мы, гэта значыць, наша дэлегацыя, — я, біскуп Аляксандр Яшэўскі, архімандрыт Сяргей Гаек, ксёндз Юрый Ясевіч), заўважылі, што гэта сапраўды так. Нехта з нас нават сцвердзіў: «Вось відаць паўсюднасць Касцёла». З усіх напрамкаў прыляталі самалёты, людзі розных нацыянальнасцяў, культур, моў і рэлігій з’ядналіся ў адну вялікую сям’ю. Так, сям’ю, бо ў сваёй большасці яны трымалі ў руках фотаздымкі Папы Францішка. Гэта азначала, што яны прыехалі дзеля таго, каб памаліцца і ўшанаваць спачылага Святога Айца. І тут я прыпомніў сабе энцыкліку Fratelli tutti, у якой Папа Францішак заклікаў нас распазнаць адзін у адным брата і сястру. Усе мы аб’ядналіся, стварылі адну малітоўную сям’ю.
Вы згадалі пра братэрства. А ці можна ў Вас даведацца пра ўзрост пілігрымаў? Дарэчы, у гэтыя дні, калі Вы былі ў Рыме, праходзіла юбілейная сустрэча падлеткаў, звязаная з кананізацыяй благаслаўлёнага Карло Акуціса, заступніка працаўнікоў IT-сферы. Каго было больш у Рыме ў гэты час?
Ведаеце, ксёндз Павел, Вы былі куратарам прапедэўтычнага курса для пакліканых да святарства з Беларусі і, напэўна, чулі выказванне, якое часта паўтараў святы Ян Павел II: «З кім прыстанеш — такім станеш» (у нас кажуць: «З кім павядзешся, ад таго і набярэшся»). Таму, гаворачы пра узрост людзей, мяркую, што трэба браць пад увагу перадусім стан душы чалавека. Пра гэта казаў Папа Францішак: Той, хто дазваляе Езусу дакрануцца да сябе — Евангеллем, Святой Камуніяй — нанова становіцца маладым маладосцю Хрыста. Таму той, хто прыбыў у Ватыкан у гэтыя дні (я маю на ўвазе, у Велікодны час), калі да нас дакрануўся Змёртвыхпаўсталы Езус, быў малады духам. Калі Вас цікавіць статыстыка, то пілігрымы — удзельнікі пахавання — былі як адна вялікая сям’я: бацькі з дзецьмі, моладзь, дарослыя, пажылыя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
Па сетцы інтэрнэт разыходзяцца меркаванні, што апошнім часам (наколькі мы памятаем) Рымскія Пантыфікі адыходзілі да дому Айца ў асаблівыя дні: святы Ян Павел II — у вігілію Божай Міласэрнасці, Бэнэдыкт XVI — у актаве Божага Нараджэння (прычым ў апошні дзень каляндарнага года). Папа Францішак пакінуў гэты свет у Велікодны панядзелак. Як Вы лічыце: ці гэта проста супадзенне, ці, як мяркуюць некаторыя, Пантыфікі «заслужылі» на гэта перад Богам?
Сапраўды, калі мы прааналізуем усе факты, то можам прасачыць у іх пэўную лагічную паслядоўнасць. Сам чалавек не выбірае дзень і месца свайго нараджэння і адыходу ў вечнасць, ён не мае на гэта аніякага ўплыву. Таму мы кажам: вось, менавіта ў гэты час Бог да жыцця паклікаў нас. Час, які нам прызначыў Бог, нашая жыццёвая пілігрымка на зямлі — гэта перыяд, які мы напаўняем сваёй прысутнасцю і дзейнасцю. Падчас зямной пілігрымкі мы спазнаем гэты свет і распазнаем пакліканне, гэта значыць, заданне, якое нам даверыў Бог. Мяркую, што момант адыходу з гэтага свету — гэта менавіта той час, у якім для чалавека ўсё становіцца ясным, зразумелым: пакліканне рэалізавана, заданне выканана. Нават калі смерць прыходзіць у маладым узросце (тут можна ўзгадаць благаслаўлёнага Карло Акуціса, якога Папа Францішак хацеў абвясціць святым). Або інакш: адыход з гэтага свету — гэта таямніца, якая ўжо зразумелая для памерлага; для тых жа, хто застаўся на зямлі — гэта час падзякі за супольнае падарожжа і задавання пытання «Чаму?»: Чаму сёння? Чаму не пазней? Чаму нельга было яму яшчэ пажыць і шмат чаго добрага зрабіць? Папа Францішак напісаў энцыкліку Dilexit nos («Палюбіў нас»), у якой разважае пра любоў Сэрца Езуса — Бога і чалавека — да нас. Ва ўступе мы чытаем «“Палюбіў нас”, — кажа святы Павел, маючы на ўвазе Хрыста (Рым 8, 37), каб мы адкрылі, што ад гэтай любові нішто “не зможа адлучыць нас” (Рым 3,39)». А ў сваім духоўным тэстаменце Папа напісаў: Miserando atque Eligendo («Міласэрна ўзглянуў і выбраў»). Увесь яго пантыфікат прайшоў пад знакам міласэрнасці. Папа Францішак ведаў, што набліжаецца час яго адыходу ў вечнасць, і з верай падыходзіў да дня сустрэчы з Богам у Яго Валадарстве. Што ж датычыць канкрэтнага дня — мяркуйце самі. Для веруючыга гэта сустрэча з Любячым Нябесным Айцом, для няверуючых — жорсткі лёс.
Зразумела, што са смерцю чалавека, асабліва родных і блізкіх нам людзей, у нашай душы застаецца пэўная пустата. У выпадку смерці Пантыфіка гэта яшчэ і юрыдычныя наступствы, бо Папа — гэта яшчэ і кіраўнік горада-дзяржавы Ватыкан. Таму з моманту яго смерці наступае перыяд Sede Vacante. Патлумачце, калі ласка, што азначае гэты тэрмін з юрыдычнага пункту гледжання.
У 1996 годзе папа Ян Павел II выдаў Апостальскую канстытуцыю Universi Dominici gregis — аб незанятасці Рымскай Сталіцы і выбары новага Папы. Гэты дакумент з пэўнымі зменамі, якія ўнёс Папа Бэнэдыкт XVI, абавязвае і дагэтуль. У ім гаворка ідзе «пра ўсіх і ўсё, што мае наступіць». Дарэчы, заахвочваю чытачоў пазнаёміцца з гэтым дакументам, каб у будучыні не задаваць пытанняў накшталт: І што цяпер будзе? Усяго на свеце кардыналаў больш за 250, а ў дакуменце ўзгадваецца лічба 120 тых, хто мае права выбару новага Папы.
У такім выпадку папрашу Вас удакладніць: што змяніў Папа Бэнэдыкт XVI ва ўзгаданым дакуменце, выданым Янам Паўлам II, і што не так з гэтай лічбай — 120 кардыналаў?
Амаль кожны Папа выдае падобны дакумент. Аднак рабіць гэта ён не абавязаны. Так, Папа Бэнэдыкт XVI унёс толькі некаторыя змены: адны з іх больш важныя, іншыя — менш. Напрыклад, у спецыяльным Апостальскім лісце (так званым motu proprio) ад 11 чэрвеня 2007 года ён аднавіў традыцыйную прававую норму, якая існавала да пантыфікату Паўла VI, згодна з якой для сапраўднага абрання Папы патрабуецца не менш за дзве трэціх галасоў кардыналаў, прысутных на канклаве, а не як у дакуменце Яна Паўла II з 1996 года — абсалютная большасць. У Апостальскім лісце motu proprio Normas nonnullas ад 22 лютага 2013 года Папа Бэнэдыкт XVI удакладніў неабходную для абрання Папы большасць у дзве трэція прыслоўем «прынамсі». Ён таксама вырашыў, што на пачатку канклава святую Імшу ў інтэнцыі абрання Папы будуць цэлебраваць у ватыканскай базыліцы не толькі кардыналы выбаршчыкі, але ўсе кардыналы, і павялічыў колькасць удзельнікаў урачыстай працэсіі кардыналаў выбаршчыкаў з Паўлінскай у Сікстынскую капэлу, дадаўшы да яе, сярод іншых, аўдытараў трыбунала Рымскай Роты. Ёсць яшчэ некалькі змен, з якімі можна пазнаёміцца, прачытаўшы ўзгаданы дакумент.
А што з лічбай кардыналаў выбаршчыкаў?
Згодна з абавязваючай нормай адносна лічбы кардыналаў выбаршчыкаў, прынятай Янам Паўлам II, «…у цяперашніх гістарычных абставінах універсальнае адлюстраванне Касцёла, здаецца, дастаткова пацвярджаецца Калегіяй са ста дваццаці кардыналаў выбаршчыкаў, якія паходзяць з усіх куткоў свету і з вельмі розных культур. Таму я зацвярджаю гэтую колькасць кардыналаў выбаршчыкаў як максімальную, тлумачачы пры гэтым, што ні ў якім разе не з’яўляецца прыкметай непавагі захаванне нормы, устаноўленай маім папярэднікам Паўлам VI, згодна з якой тыя, хто дасягнуў васьмідзесяцігадовага ўзросту на дзень вакансіі Апостальскай Сталіцы, не ўдзельнічаюць у выбарах» (пункт 10). Сёння ў Калегіі кардыналаў малодшых за 80 год усяго 135 кардыналаў — інакш кажучы, тых, якія маюць права быць выбаршчыкамі. У гэтым жа дакуменце ў пункце 5.1 ёсць тлумачэнне: «Калі ўзнікнуць якія-небудзь сумненні адносна палажэнняў гэтай Канстытуцыі або адносна спосабу іх рэалізацыі, я пастанаўляю, што ўсе паўнамоцтвы прымаць рашэнні па гэтым пытанні належаць Калегіі кардыналаў, якой я надаю паўнамоцтвы тлумачыць сумнеўныя або спрэчныя моманты. Таксама пастанаўляю, што, калі неабходна прыняць рашэнне па гэтых або іншых падобных пытаннях, за выключэннем акту абрання, дастаткова, каб большасць сабраных кардыналаў прытрымліваліся аднолькавага меркавання». Як кажуць, няма невырашальных спраў. Кардыналы ўсё вырашаць. Мяркую, што ў будучыні змест Канстытуцыі будзе змяняцца, бо само жыццё змяняецца.
Тады ці можам мы цяпер паразмаўляць аб тым, каго могуць выбраць Папам? Калі я правільна разумею, кардынал выбаршчык — гэта той, які і выбірае, і можа быць выбраным?
Дакладна так, але не толькі. Сапраўды, некаторыя лічаць, што толькі з лічбы тых кардыналаў, што маюць права выбару, выбіраецца новы Папа. Аднак, гэта не зусім так. У Канстытуцыі ў пункце 83 Папа Ян Павел II піша: «Маючы перад вачыма толькі славу Божую і дабро Касцёла, пасля просьбы аб Божай дапамозе, няхай яны (кардыналы выбаршчыкі — заўвага арцыбіскупа Станеўскага) аддадуць свой голас за таго, каго, нават па-за Калегіяй кардыналаў, яны лічаць больш годным за іншых для плённага і эфектыўнага кіравання Паўсюдным Касцёлам». Згодна з гэтай пастановай, кола прэтэндэнтаў на папскі трон значна пашыраецца. Чытаючы далей, у пункце 88 мы даведваемся яшчэ больш цікавай інфармацыі: «Пасля прыняцця абрання, абраная асоба, якая ўжо атрымала біскупскае пасвячэнне, адразу становіцца Рымскім Пантыфікам, сапраўдным Папам і Галавой Калегіі Біскупаў; тым самым, набывае поўную і найвышэйшую ўладу ў Паўсюдным Касцёле і можа яе свабодна ажыццяўляць. Аднак, калі абраны не мае біскупскага пасвячэння, трэба яму неадкладна атрымаць біскупскае пасвячэнне». З гэтага можна зрабіць выснову, што абраным Папам можа быць, напрыклад, святар. Сустракаюцца і больш шырокія інтэрпрэтацыі гэтага параграфа.
А, можа, ёсць ужо нейкія прагнозы ці наяўныя кандыдаты на папскі трон? Бо ў інтэрнэт-рэсурсах шмат пішуць пра найбольш верагодных кандыдатаў (так званых papabili). Адкуль яны «бяруцца»? Ці ў Ватыкане праходзіць перадвыбарчая кампанія?
Гэтае пытанне вельмі цікавае. Сапраўды, шмат пра гэта пішуць, і тут варта адзначыць, — у большасці сваёй не каталіцкія СМІ, а тыя, што стараюцца прывабіць нас да сябе рознымі сенсацыямі. У сеціве паўстала акцыя малітвы за канкрэтнага кардынала, каб ён стаў Папам. Мы як Касцёл молімся за ўсіх кардыналаў аб святле Духа Святога падчас канклава. У гэтым месцы запрашаю пазнаёміцца са зместам фрагмента з Дзеяў Апосталаў, дзе мы чытаем пра выбар Адзінаццаццю апосталамі Мацея замест Юды Іскарыёта: «І паставілі дваіх: Юзафа, якога звалі Барсабам, а празывалі Юстам, і Мацея. Памаліўшыся, сказалі: “Ты, Пане, ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, каб ён заняў месца ў гэтым служэнні і апостальстве, ад якога адышоў Юда, каб пайсці на сваё месца”. І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў» (Дз 1, 23-26). Таму і сёння ёсць кандыдаты, малітва, лёсы, тыя, хто выбірае і каго выбіраюць, аднак трэба памятаць: канчатковы выбар заўсёды застаецца за Богам.
Адзін з кардыналаў казаў, што цяпер Касцёлу патрэбен Папа, які будзе далей працягваць рэформы, распачатыя спачылым Папам Францішкам. Як вы мяркуеце, ці сёння ёсць такая патрэба?
Для адказу на гэта пытанне нам трэба ізноў звярнуцца да крыніцы нашай веры — Святога Пісання. Езус, выбіраючы сярод апосталаў першага, сказаў: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой...» (Мц 16, 18). Кожны Рымскі Пантыфік разам з Калегіяй біскупаў у час, у якім Бог выбірае нас, павінен распазнаць волю Хрыста. Касцёл — ён Хрыстовы. Нават калі той, ці іншы Папа, згодна з канонамі Касцёла, з часам прызнаецца благаслаўлёным ці святым, то толькі па той прычыне, што выканаў волю Бога падчас свайго служэння Яму і Касцёлу. Евангелле — яно нязменнае. Другога Евангелля няма. Езус сказаў сваім вучням: «Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі» (Мц 6, 1). Таму, мяркую, казаць, што той ці іншы кардынал больш надаецца на Папу ці падыходзіць па прычыне сваіх здольнасцяў, з’яўляецца беспадстаўным. Папам будзе той, хто спадабаўся Хрысту, хто выканае волю Божую ў гэты час.
Тады дазвольце пацікавіцца: ці дастаткова Калегія кардыналаў прадстаўляе паўсюднасць Касцёла.
Так, дастаткова. Прынамсі, так тлумачыў за сваімі папярэднікамі Ян Павел II, называючы лічбу 120 кардыналаў выбаршчыкаў.
І апошняе пытанне: у Касцёле на Беларусі і ў некаторых нашых суседзяў няма кардыналаў. Які ўплыў мы як супольнасць Каталіцкага Касцёла маем на выбар новага Папы?
Духоўны — праз малітву і дзеянне Духа Святога.
Ваша Эксцэленцыя, шчыра дзякую Вам за размову.
Я таксама шчыра дзякую за размову і цікавыя пытанні. Таксама праз Вас я хачу звярнуцца да ўсіх людзей з вялікай просьбай: Не рабіце сенсацыю з тых спраў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі Бога. Кожны з нас мае сваё, вызначанае заданне на сёння, і да нас належыць выканаць яго як мага лепш: бацькі — выхоўваць дзяцей, духоўныя асобы — маліцца. А калі Пан пакліча кагосьці з нас да новага задання, тады ўжо там, на новым месцы, мы будзем надалей рупліва працаваць на Яго хвалу.
Размаўляў ксёндз Павел Эйсмант