Пошук

01.12.2025 11:47   Фота: Кс. Павел Эйсмант / удзельнікі канферэнцыі / Catholic.by

Увечары 29 лістапада ў сінагозе Рэлігійнага Аб’яднання Абшчын Прагрэсіўнага Юдаізму (РААПЮ) ў Рэспубліцы Беларусь пры ўдзеле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла адбылася канферэнцыя, прысвечаная 60-годдзю Дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору аб адносінах да нехрысціянскіх рэлігій Nostra aetate, у на якой прысутнічалі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламаты, дыяцэзіяльныя святары і законныя айцы, брат Вадзім Войцік OFMCap, а таксама вернікі — удзельнікі парафіяльнага хора мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы Verum Cantus, якія сваім спевам распачалі сустрэчу.

Напачатку прысутных прывітаў галоўны равін рэлігійнага аб’яднання Грыгорый Абрамовіч. Затым запрошаныя высокія госці зачыталі свае прывітальныя звароты.

Апостальскі нунцый Іньяцыё Чэффаліа ў сваім звароце падкрэсліў, што Дэкларацыя Nostra aetate стала «эпахальным зваротам у адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і нехрысціянскімі рэлігіямі, асабліва з габрэйскім народам, адкрыўшы шлях да міжрэлігійнага дыялогу». Прадстаўнік Льва XIV у Беларусі зазначыў, што ў 1965 годзе «Каталіцкі Касцёл вырашыў паглядзець на іншага [чалавека] новымі вачыма», што адкрыла новыя шляхі ўзаемадзеяння, «заснаваныя на павазе, дыялогу і супрацоўніцтве». Асабліва гэта датычыла вызнаўцаў юдаізму, у адносінах да якіх была забаронена любая форма антысемітызму. Арцыбіскуп Чэффаліа пажадаў, каб святкаванне 60-годдзя Nostra aetate натхніла кожнага яго ўдзельніка «будаваць грамадства, у якім рэлігіі не будуць інструментамі падзелу, а крыніцай міру, братэрскай любові, апекі і агульнай адказнасці».

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуў увагу на тое, што саборная дэкларацыя Nostra aetate нагадала свету наступную праўду: «Сапраўдная вера не аддзяляе чалавека ад акружаючага свету, не адкідвае мудрасць іншых культур і рэлігій і заклікае да адкрытага дыялогу, да сустрэчы і супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра». Ён падкрэсліў, што гэтая канферэнцыя — «не проста акадэмічнае мерапрыемства», а «малітва, разважанне ў духу адкрытасці і служэння». Арцыпастыр пажадаў, каб гэты дзень «стаў яснай дарогай да новага этапу супрацоўніцтва паміж нашымі супольнасцямі, культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі ў імя праўды і на хвалу любові Пана».

Затым прэс-сакратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Юрый Санько прачытаў прывітальны зварот да ўдзельнікаў канферэнцыі, які даслаў дыяцэзіяльны біскуп Лінца (Аўстрыя) Манфрэд Шойер. У ім іерарх, звяртаючыся да гісторыі габрэйскага народа, з націскам адзначыў, што такія прыкрыя падзеі, як антысемітызм, пераслед габрэяў і халакост ніколі больш не павінны паўтарыцца.

Наступным пунктам праграмы былі даклады. З першым дакладам пад назвай «Уклад Дэкларацыі ў развіццё міжрэлігійнага дыялогу і яе актуальнасць у наш час» выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку ён звярнуў увагу на тое, што «ў наш час, напоўнены небяспечнымі выклікамі, маральным абавязкам усіх веравызнанняў з’яўляецца сумесны пошук шляхоў іх вырашэння».

Арцыпастыр зазначыў, што дэкларацыя Nostra aetate, якая была абвешчана святым Папам Паўлам VI 28 кастрычніка 1965 года, паказвае новыя прынцыпы адносін Каталіцкага Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій. Прызнаючы, што Бог дзейнічае па-за межамі хрысціянства, яна стала пачаткам новага мыслення, якое сыходзіць не з пазіцыі перавагі, але пашаны да духоўнага багацця іншых. Менавіта яно, паводле пераканання прамоўцы, стала базай для дыялога з іншымі рэлігіямі.

«Дэкларацыя стала перамогай кіраванага Духам Святым цвярозага розуму, дзякуючы якому Касцёл, пазнаючы сябе самога, адкрыўся на нехрысціянскі свет. Яна адкрыла новую эру ў адносінах Каталіцкага Касцёла з нехрысціянскімі рэлігіямі, якую можна назваць эрай глабалізацыі ў сферы міжрэлігійных адносін»,

― падкрэсліў каталіцкі іерарх.

Згодна з вучэннем Сабору, усіх людзей на зямлі аб’ядноўвае імкненне адказаць на пытанне, кім ёсць чалавек, які сэнс яго жыцця, што такое дабро і зло, адкуль бярэцца цярпенне, дзе шукаць шлях да шчасця, што такое смерць, суд, і адплата пасля смерці і т.п. Новым, «рэвалюцыйным» на той час элементам Дэкларацыі было прызнанне існавання духоўных і маральных каштоўнасцей ў іншых рэлігіях.

Асаблівай увагі, паводле слоў арцыбіскупа, заслужвае вучэнне Дэкларацыі аб юдаізме. Яно падкрэслівае сувязь паміж хрысціянамі і юдэямі, якіх аб’ядноўвае Стары Запавет. «Хрыстус, Марыя, апосталы і першыя хрысціяне былі юдэямі», — нагадаў ён. Дэкларацыя таксама абвяргала абвінавачванне юдэяў у «калектыўнай адказнасці» за смерць Езуса Хрыста, выражаючы шкадаванне за праявы антысемітызму ў гісторыі Касцёла. Такім чынам, гэты дакумент стаў маральным жэстам ачышчэння памяці, адкрыцця на праўду і пакаянне.

Іерарх сцвердзіў, што сучасны свет патрабуе дыялогу і талерантнасці.

«Дыялог прадугледжвае ўзаемную адкрытасць, павагу да меркавання іншага боку і адмову ад манаполіі на праўду, уладальнікам якой з’яўляецца Бог. Ён патрабуе цярпення, шчодрасці, добрай волі, павагі, адкрытасці і сумленнасці ў адносінах да супрацьлеглага боку»,

сказаў ён.

Прамоўца выразіў перакананне, што гуманізм адносін паміж рознымі людзьмі «сыходзіць з трансфармацыі сэрца ў жаданні зразумець адзін аднаго». У якасці прыкладу ён прывёў Папаў: святога Яна ХХІІІ, святога Паўла VI, святога Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Льва XIV, якія унеслі вялікі ўклад у развіццё міжрэлігійнага дыялогу, яго значэння і актуальнасці ў наш час.

«Выклікі нашага часу патрабуюць новага і дынамічнага падыходу да далейшага развіцця гэтага дыялогу. Неабходны больш гнуткія структуры і метады вырашэння праблем, як паміж самімі веравызнаннямі, так і з сусветнай супольнасцю, якая перажывае глыбокі крызіс», ― сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаючы, што «грамадства таксама павінна супрацоўнічаць з усімі рэлігіямі — як з мэтай абмеркавання надзённых праблем, так і пошуку шляхоў іх вырашэння».

Асноўная маса праблем сучаснасці, паводле пераканання арцыпастыра, ўзнікае па прычыне духоўнага вакууму, які з'яўляецца выклікам для паслядоўнікаў усіх рэлігій. «Таму мы павінны імкнуцца да духоўнай дасканаласці і сваім жыццём уяўляць прыклад адкрытасці, дыялогу і талерантнасці, памятаючы аб тым, што зямля гэта наш агульны дом», ― падкрэсліў ён.

Іерарх нагадаў прысутным, што для далейшага развіцця дыялогу трэба звяртаць увагу на тэрміналогію, якая ў ім ужываецца, «бо словы могуць суцяшаць, даваць надзею, аб'ядноўваць, але могуць таксама і раніць, выклікаць непаразуменні і нават канфлікты».

«Неабходна рэагаваць на праявы расізму ці пагарды да іншых рэлігій. Маўчанне перад абліччам нянавісці — гэта саўдзел у зле»,

— папярэдзіў ён.

Аднак, павага да іншых веравызнанняў, паводле слоў іерарха, не азначае здрады сваёй веры.

«Сабор заклікае вучыцца ў іншых веравызнанняў практыкі малітвы, духоўнасці і сведчання вернасці Богу. Неабходна таксама падтрымліваць сумесныя дабрачынныя праекты і малітвы аб міры. Нішто так не ўмацоўвае масты, як агульнае дабро. Такім чынам рэлігіі змогуць унесці свой уклад у справу абяднання свету, каб кожны мог сказаць: “Як добра братам жыць разам” (пар. Пс 133, 1)», ― падкрэсліў прамоўца.

Напрыканцы сваёй прамовы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зрабіў наступную выснову: «Дэкларацыя Nostra aetate ― гэта адчыненыя дзверы, праз якія Усявышні запрашае нас сустракацца адзін з адным — не для таго, каб змяніць кагосці, а каб разам адкрыць для сябе Бога, які вышэйшы за нашыя памкненні».

Пасля даклада дастойнага іерарха да прысутных звярнуўся з дакладам Міхаіл Кемераў, Намеснік старшыні РААПЮ ў РБ.

Затым малітоўную залу сінагогі напоўнілі галасы ўдзельнікаў каталіцкага хора Verum Cantus. Ім на змену прыйшло гучанне ансамбля габрэйскай музыкі «Шыр».

Пасля музычнай паўзы высокія прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла былі запрошаны на сумесную малітву аб міры. Яе прамовілі на габрэйскай, рускай, беларускай і англійскай мове равін Грыгорый Абрамовіч, Міхаіл Кемераў, Мітрапаліт Юзаф Станеўскі і Нунцый Іньяцыё Чэффаліа.

Заключным абрадам сустрэчы была цырымонія «Развітанне з Суботай», праведзеная па канонах юдаізму, якая дазволіла ўсім прыступіць да спажывання вячэры. Гэтаму абраду спадарожнічала выступленне музычнага ансамбля «Шыр».

Канферэнцыя, прысвечаная святкаванню 60-годдзя Дэкларацыі Nostra aetate, стала новай старонкай ва ўзаемаадносінах католікаў і вызнаўцаў юдаізму, якая сведчыла пра паглыбленне дыялогу і супрацоўніцтва паміж імі.

Абноўлена 01.12.2025 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа