Пошук


Увечары ў нядзелю 11 жніўня ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў двары Шэметава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) адбылося развітанне са спачылым пробашчам тутэйшай парафіі ксяндзом Уладзіславам Шышлам, які адышоў у вечнасць напярэдадні на 58-м годзе жыцця.

Цэлебрацыю жалобнай святой Імшы ў святыні, дзе памерлы святар нёс служэнне з 2010 года, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з ім пры труне спачылага сабрата маліліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і больш за дзясятак святароў, у тым ліку двое папярэдніх пробашчаў шэметаўскай парафіі: ксёндз канонік Пётр Шарко з Нясвіжа і ксёндз Віктар Шчучко з Крывічоў (Мядзельскі дэканат).

Вітаючы сабраных на жалобнай цэлебрацыі, арцыбіскуп Станеўскі выказаў спачуванне парафіянам, якія засталіся без пробашча, а перадусім маме памерлага ксяндза Уладзіслава Эміліі і яго родным, якія бралі ўдзел у Імшы.

«Мы молімся аб жыцці вечным для святой памяці Уладзіслава — вашага сына, святара, брата ў святарстве, пробашча, хрысціяніна: таго, хто пры гэтым алтары навучаў і казаў аб жыцці вечным. Сёння мы за яго молімся, каб тое, што абвяшчаў; тое, у што верыў, здзейснілася», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі.

Гамілію падчас Імшы прамовіў аднакурснік ксяндза Уладзіслава па гродзенскай семінарыі біскуп Касабуцкі.

«Смерць кожнага чалавека — гэта вялікая таямніца, якую ніхто ніколі не зможа зразумець да канца», — сказаў іерарх, дадаўшы, што, паводле чалавечых меркаванняў, ксёндз Уладзіслаў зарана адышоў з гэтага свету, бо нават у Святым Пісанні сказана, што чалавечы век зазвычай складае 70–80 гадоў. «Мы сумуем і не разумеем, чаму ён адышоў так рана, бо не пражыў нават 58-і гадоў.

Цяпер, лежачы ў труне, ксёндз Уладзіслаў прамаўляе сваё апошняе казанне для кожнага з нас, якое распачынаецца словамі: „Ні дня ані гадзіны не ведае чалавек, калі стане перад Богам“. І гэта першы ўрок, які мы, молячыся аб вечным жыцці для яго, павінны засвоіць», — заўважыў біскуп.

Вяртаючыся ўспамінамі да часу маладосці, іеарарх распавёў, што калі ён быў на раздарожжы і вагаўся перад тым, як цалкам прысвяціць сябе Богу і паступіць у духоўную семінарыю, яму дапамагло зрабіць гэты крок знаёмства з аднагодкамі, якія таксама адчувалі пакліканне да святарства. Адным з іх быў акурат Уладзіслаў Шышла. Іх пазнаёміў ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які ў той час нёс святарскае служэнне ў многіх парафіях, і дзякуючы якому юнакі змаглі адказаць «так» на заклік Хрыста пайсці за Ім і служыць Яму ў святарстве.

«Мы разам вучыліся на адным курсе, перажылі тады шмат момантаў розных, на практыкі ездзілі, калі прыязджалі дадому, сустракаліся. Пазней мы ў адзін дзень у мінскай катэдры з рук ужо святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка атрымалі святарскае пасвячэнне, разам побач ляжалі на падлозе ў катэдры, ахвяруючы і прысвячаючы сваё жыццё служэнню Богу», — падзяліўся біскуп Касабуцкі.

Ён нагадаў, што сваё святарскае служэнне ксёндз Уладзіслаў распачаў у Мосары (цяпер парафія ўваходзіць у склад Віцебскай дыяцэзіі, якая была створана пазней). Потым пэўны час ён служыў у магілёўскай частцы архідыяцэзіі на Шклоўшчыне, некалькі гадоў быў вікарыем у парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл), пасля — пробашчам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе (Валожынскі дэканат), і, нарэшце, быў прызначаны пробашчам у Шэметава, дзе нёс служэнне ўжо 15-ы год, калі Бог паклікаў яго да сябе.

Біскуп Касабуцкі прыгадаў, што калісьці яны разам з ксяндзом Уладзіславам разважалі над надпісам на магіле аднаго святара, які, вяртаючыся са сталінскіх лагераў і будучы цяжка хворым на сухоты, спыніўся на начлег пры касцёле ў Красным на Маладзечаншчыне, дзе неўзабаве і памёр. На яго сціплым помніку напісана: «Мая ўзнагарода — Бог».

«Калі мы гэта чыталі, мы разважалі, якія гэта глыбокія словы: словы, якія ёсць у сэрцы кожнага святара. І кожны святар, па-свойму перажываючы сваё святарства, ідзе па гэтую ўзнагароду», — сцвердзіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Напрыканцы цэлебрацыі арцыбіскуп Станеўскі выказаў словы падзякі спачыламу ксяндзу Уладзіславу Шышлу за яго служэнне і ўзгадаў, што, нягледзячы на цяжкасці і хваробы, пры сустрэчах ён заўсёды быў радасным.

«Сёння мы развітваемся, але не назаўжды, бо ўсе мы ідзем да жыцця вечнага», — заўважыў іерарх.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі дадаў, што шэметаўскія парафіяне, якія страцілі свайго душпастыра, не застануцца сіротамі, і абвясціў прысутным у касцёле вернікам, што часова душпастырскі клопат пра іх даручаецца супольнасці айцоў кармэлітаў босых, якія нясуць служэнне ў Мядзелі. Настаяцель гэтай супольнасці айцец Генрых Валэйка OCD зрабіў аб’явы, паведаміўшы, што святая Імша ў бліжэйшую ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 15 жніўня будзе цэлебравацца ў Шэметаве а 10-й гадзіне.

Пахаванне спачылага ксяндза Уладзіслава Шышлы адбудзецца 12 жніўня на яго малой радзіме ў Даўгінаве. Пачатак пахавальнай святой Імшы ў даўгінаўскім касцёле а 12-й гадзіне.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.