22 снежня, у апошнюю нядзелю Адвэнту, у парафіі святога Андрэя, апостала, у Крывічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) дзеці і іх бацькі падзяліліся аплаткай з пробашчам парафіі ксяндзом Віктарам Шчучко.
Гэта адбылося ў касцёле пасля надзельнай святой Імшы. Напачатку ксёндз Віктар звярнуўся з пажаданнямі да малодшых парафіянаў і іх бацькоў.
Віншуючы іх з надыходзячым святам Божага Нараджэння, святар пажадаў ім заўсёды трымацца Езуса Хрыста, не занядбоўваць рэлігійных практык і духоўна ўзрастаць у веры, надзеі і любові, бо гэта — самае важнае ў жыцці.
Дзеці і іх бацькі, дзелячыся аплаткай з пробашчам, са свайго боку, жадалі яму моцы Святога Духа на шляху святарскага служэння ў іх парафіі.