Місія Добрага Самараніна, пад апекай якой дзейнічае Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску, 7 снежня правяла незвычайную акцыю.
Як паведамляецца на сайце місіі Samaranin.by, у гэты дзень яе супрацоўнікі і валанцёры дапамаглі святому Мікалаю сустрэцца з дзецьмі ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Гэта аказалася не так проста, бо па дарозе святы трапіў… у палон да пірата!
Пасля раратняй святой Імшы малодшая частка нясвіжскай парафіі ўдзельнічала ў вызваленні святога з пірацкага палону.
Каб вызваліць яго, маленькія парафіяне падарожнічалі ў Афрыку, праходзілі праз раку, пралазілі праз павуцінне, разгадвалі загадкі, збіралі садавіну. У выніку ўсе заданні былі паспяхова выкананыя, святы Мікалай вызвалены, а пірат — прабачаны.
Напрыканцы кожнага ўдзельніка чакаў падарунак ад святога Мікалая і салодкі снег замест звычайнага, якога гэтаю зімою яшчэ амаль не было.