Пошук

05.07.2024 23:40   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Увечары 5 ліпеня на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай адбылася першая святая Імша сёлетняга фэсту, які праходзіць пад дэвізам: «Найсвяцейшае Сэрца Езуса — супакой і паяднанне нашае».

Цэлебрацыю для пілігрымаў, якіх сёлета толькі на роварах і пешкі прыбыло 1982 чалавекі, узначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Для наймалодшага ў Беларусі каталіцка іерарха гэтая Эўхарыствя стала яго «біскупскай прыміцыяй» на Будслаўскім фэсце.

Як прызнаўся на пачатку Імшы сам біскуп Гуляй, у сувязі з гэтым ён сапраўды адчуваў хваляванне, як быццам новапрэзбітэр, які ўпершыню складае Эўхарыстычную ахвяру.

«Такое хваляванне адчуваецца тады, калі сустракаюцца сэрцы, перапоўненыя любоўю; любоўю, якой хочацца дзяліцца, якая нібы вырываецца з нашых сэрцаў», — сказаў іерарх, дадаўшы, што падчас Эўхарыстыі «Бог дакранаецца да нашага сэрца, каб учыніць яго падобным да Сэрца Езуса».

Біскуп Гуляй цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх прысутных на фэсце, за ўсіх пілігрымаў, за іх сем’і і родных, за ўсіх хворых і церпячых, за моладзь і дзяцей.

«Богу ўсемагутнаму, Валадару сусвету, даручаю будучыню нашага Каталіцкага Касцёла, нашага народа і нашай Бацькаўшчыны — любай сэрцу Беларусі, каб Бог валадарыў у нашых сэрцах, каб мы заўсёды крочылі шляхам збаўлення, каб чалавек заўсёды перамагаў зло дабром, крыніцай якога ёсць Найсвяцейшае Сэрца Збаўцы», — сказаў біскуп каад’ютар на распачацце Імшы.

Разам са сваім малодшым сабратам яе канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які напачатку прывітаў усіх прысутных, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы беларускі іерарх Казімір Велікаселец з Гомеля, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У канцэлебрацыі бралі ўдзел таксама дзясяткі святароў з усіх дыяцэзій Беларусі, многія з якіх самі прыйшлі і прыехалі на роварах як пілігрымы.

У прамоўленай гаміліі біскуп Гуляй засяродзіўся на ролі Марыі ў духоўным жыцці вернікаў і ў справе збаўлення.

«У цябе, дарагі брат і сястра, ёсць Марыя. Трымайся Яе Сэрца, трымайся кожны дзень», — заахвоціў удзельнікаў фэсту іерарх. Ён патлумачыў, што Марыйны характар нашай веры — не проста адна з магчымых праяваў пабожнасці або формаў духоўнасці.

«Марыйнасць — гэта наша тоеснасць. Гэта не адзін з магчымых шляхоў, а толькі праўда пра нашу веру. Мы наскрозь марыйныя, бо, па волі самога Езуса, з’яўляемся Яе дзецьмі», — падкрэсліў біскуп. Ён дадаў, што Езус пажадаў прыйсці на свет, прыняўшы цела з Панны Марыі, каб наблізіцца да чалавека, і таксама дзякуючы Ёй чалавек набліжаецца да Бога.

Усё зямное жыццё Ёзуса — ад Бэтлеема да Галготы — было непарыўна звязана з Марыяй.

«Першыя і апошнія абдымкі, якія Яго тулілі, — гэта абдымкі Марыі. Пад Яе апекай Ён рос і ў Яе прысутнасці на працягу 30-і гадоў рыхтаваўся да сваёй трохгадовай місіі. Значыць прабываў з Марыяй у дзесяць разоў даўжэй, чым з апосталамі», — заўважыў біскуп Гуляй.

«Марыя — самы пэўны, самы кароткі і самы дасканалы сродак, каб дайсці да Езуса Хрыста», — нагадаў пастыр словы святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора, дадаўшы, што марыйнасць не можа абмяжоўвацца толькі знешнімі праявамі, а павінна быць наступствам таго, што адбываецца ў сэрцы, каб будаваць з Ёю адносіны і любіць Марыю дзеля Яе самой, а не дзеля атрымання нейкіх дабротаў. Іерарх адзначыў, што з Марыяй чалавек вучыцца любіць Езуса і Касцёл усё больш і больш дасканала: любоўю, якая радуецца праўдзе, «якая ўсё церпіць, нават спакусу». Паводле біскупа, праз Марыю мы можам дакранкцца да неба, якое ў Маці Божай яднаецца з зямлёю.

«Яднайся з Ёю і давярай Ёй, як наш беларускі народ, які вякамі шануе Яе як Маці і Каралеву. Як нашыя продкі, аддай Ёй уладу над сваім жыццём, калі ўсё навокал хістаецца. Яна здабудзе дабро таксама з цябе і з тваіх блізкіх, і тады мы атрымаем сілу, каб паўстаць», — сцвердзіў іерарх.

На заканчэнне гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй заахвоціў усіх прысутных прысвяціць сябе Маці Божай: «Увесь Твой я, і ўсё, што маё, Табе належыць».

Напрыканцы Імшы адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко і біскуп Алег Буткевіч запрасілі юнакоў і дзяўчат на Чацвёртыя агульнабеларускія дні моладзі, якія ў гэтым месяцы пройдуць у Браславе, пасля чаго адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак прадставіў усе пешыя і роварныя пілігрымкі, якія сёлета прыйшлі на Будслаўскі фэст.

Абноўлена 05.07.2024 23:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа