Пошук

05.02.2024 06:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У Будславе прайшла чарговая сустрэча ў межах Года падзякі Маці Божай і малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

За арганізацыю сустрэчы адказвалі духавенства і вернікі Мядзельскага дэканату Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі, які калісьці называўся Будслаўскім, бо на яго тэрыторыі знаходзіцца таксама і Нацыянальны санктуарый. У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі, малітоўная сустрэча, у якой узяў удзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, была прысвечана сёмай Божай запаведзі — «Не крадзі».

Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я і засыпаныя з раніцы снегам дарогі, у Будслаў прыбылі пілігрымы не толькі з парафій Мядзельскага дэканату, але таксама з Мінска і іншых мясцін.

Напачтаку перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам адбылося набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі, якое суправаджалася малітваю Фацімскага Ружанца. Традыцыйна ўсе ахвотныя маглі прыступіць да споведзі: нездарма Будслаўскі санктуарый лічыцца месцам асаблівай ласкі паяднання грэшнікаў з Богам.

Апоўдні распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай узначаліў біскуп Касабуцкі. Іерарх прывітаў усіх прысутных, асабліва ксяндза каноніка Багуслава Маджэеўскага, дэкана Мядзельскага, пробашча парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры. У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі засяродзіўся на падрыхтоўцы да інтранізацыі Сэрца Езуса ў лакальным Касцёле на Беларусі, якая адбудзецца падчас сёлетняга Будслаўскага фэсту па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Іерарх нагадаў, што сёлета спаўняецца 125 гадоў з моманту прысвячэння ўсяго свету Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, якое здзейсніў Папа Леў ХІІІ.

«Само слова інтранізацыя паходзіць ад слова „трон“.

Інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса азначае перш за ўсё выбар Хрыста як свайго Збавіцеля. Мы выбіраем Хрыста і ставім Яго на першае месца ў сваім жыцці, што азначае, што мы хочам, каб Ён валадарыў у маім сэрцы, у маёй сям’і, у нашым Касцёле лакальным. Мы хочам, каб Ён быў Каралём нашым, Валадаром нашым. Інтранізацыя — гэта не толькі наша жаданне, але таксама прыняцце гэтай праўды», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі, звярнуўшы ўвагу на сямейны аспект гэтай духоўнай практыкі. Пастыр адзначыў, што ў многіх дамах, дзе жывуць католікі, — практычна ў кожным — ёсць абраз Сэрца Езуса, які захаваўся яшчэ ад продкаў. Гэты абраз з пашанаю змяшчаўся на покуці на знак таго, што Езус Хрыстус з’яўляецца Валадаром у гэтай сям’і, што тут Яго ўшаноўваюць і жывуць паводле Яго запаведзяў, асабліва запаведзяў любові, полымем якой ахоплена Божае Сэрца.

Разам з тым біскуп заўважыў, што Езус нікога ні да чаго не прымушае, а пакідае чалавеку свабоду выбару, але калі чалавек выбірае іншую сцежку жыцця і адварочваецца ад Бога, гэта вядзе да азлаблення, дэпрэсіі, канфліктаў паміж людзьмі і цэлымі народамі.

«Праз Марыю, праз Багародзіцу, праз Маму мы просім прабачэння ў самога Хрыста, у Яго Найсвяцейшага Сэрца», — сказаў іерарх, дадаўшы, што разважанне над Божымі запаведзямі дапамагае люзям навяртацца, каб сваё сэрца ўчыніць тронам для Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У гэтым вернікам дапамагае заступніцтва Марыі, якая так, як Езуса, кожнага чалавека з матчынай любоўю туліць да свайго Сэрца. На заканчэнне гаміліі біскуп Касабуцкі пажадаў усім удзельнікам сустрэчы вынесці з будслаўскай святыні іскрынку Божай любові, якая сагрэе сэрцы цеплынёю сапраўднай радасці.

Напрыканцы святой Імшы пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік распавёў гісторыю абраза з вёскі Васілеўшчына, перад якім у Будславе адбудзецца прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Як апавядаюць старэйшыя людзі, падчас Другой сусветнай вайны, у 1942 годзе, калі ўсіх мужчын забралі ў войска, а дзяўчат вывозілі на прымусовую працу ў Геманію, вяскоўцы з Васілеўшчыны звярнуліся з просьбаю аб малітве да тагачаснага будслаўскага пробашча, ксяндза Станіслава Жука. Святар параіў вернікам штодзённа маліцца перад абразом Найсвяцейшага Сэрца Езуса, даручаючы Яму лёсы ўсіх, хто апынуўся далёка ад дома. Жанчыны саткалі палатно, завезлі яго да мясцовага мастака па прозвішчы Бярнацкі, і той напісаў на ім абраз Сэрца Езуса. Каля прыдарожнага крыжа людзі зрабілі алтарык, дзе змясцілі выяву Збаўцы з палымнеючым Сэрцам на далоні, упрыгожылі кветкамі, прывезлі з Будслава ксяндза, і той асвяціў абраз. Пры гэтым святар наказаў насіць яго з хаты ў хату і на працягу тыдня збірацца ў гэтай хаце ўсёй вёскай на супольную малітву за родных і блізкіх, якія апынуліся ў небяспецы. Вяскоўцы так і зрабілі. Усе іх блізкія вярнуліся з вайны і з прымусовых прац, што стала цудоўным знакам плённасці малітвы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Не раз малітва перад абразом ратавала вёску таксама ад страшных балотных пажараў.

Традыцыя насіць абраз па хатах падтрымлівалася ў Васілеўшчыне ажно 76 гадоў.

Аднак калі ў вёсцы засталося толькі некалькі жылых хат, каштоўную рэліквію вырашылі перадаць у каплічку ў суседняй вёсцы Вераб’і, пераробленую са звычайнай сялянскай хаты.

Ксёндз Дзмітрый паведаміў, што цяпер абраз з Васілеўшчыны знаходзіцца на рэстаўрацыі, а падчас фэсту Маці Божай Будслаўскай перад ім адбудзецца абрад прысвячэння Касцёла ў нашай краіне Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Ад імя вернікаў парафіі ў Будславе і ўсяго Мядзельскага дэканату дзяўчынка з прыгожым імем Вера павіншавала біскупа Юрыя Касабуцкага з 10-годдзем біскупскага служэння.

На заканчэнне Імшы адбылося благаслаўленне ад хваробаў горла, а таксама ад усялякага зла ва ўспамін святога Блажэя, біскупа і мучаніка.

Пасля невялікага перапынку на супольную гарбату ўдзельнікі сустрэчы вярнуліся ў касцёл, дзе настаяцель мядзельскай супольнасці кармэлітаў босых айцец Генрых Валэйка OCD прамовіў глыбокую і змястоўную духоўную канферэнцыя на тэму сёмай Божай запаведзі «He крадзі».

На заканчэнне лютаўскай сустрэчы адбылося благаслаўленне вады і рэлігійных рэчаў, а біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на шчаслівае вяртанне дадому.

 

Абноўлена 05.02.2024 16:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця