
У чацвер, 18 снежня, ў Беларусь даставяць Бэтлеемскі агонь міру.
Крыху гісторыі
Гісторыя Бэтлеемскага агню міру распачалася ў Аўстрыі ў 1986 годзе, калі супрацоўнікі мясцовай радыёкампаніі «ÖRF» захацелі адудзячыць ахвярадаўцам дабрачыннай акцыі «Святло ў цемры», падзяліўшыся з імі крыху іншым святлом — святлом з Бэтлеема.
Спачатку гэтая ініцыятыва не планавалася як штогадовая, але праз некаторы час знайшла водгук у сэрцах людзей і цяпер з’яўляецца міжнароднай каляднай традыцыяй.
У 1989 годзе скаўцкі рух упершыню прымае актыўны ўдзел у акцыі па распаўсюджванні Бэтлеемскага агню. І калі спачатку гэта былі толькі скаўты з Аўстрыі, то з цягам часу ініцыятыва пашырылася і на іншыя краіны.
Так адкуль жа бярэцца Бэтлеемскі агонь?
Бэтлеемскі агонь запальваецца дзіцём або падлеткам ад адной з 15 нязгасных лампад, якія месцяцца непасрэдна ў гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме. Пасля гэтага святло спецыяльным авіярэйсам дастаўляецца ў Аўстрыю, адкуль і распаўсюджваецца ў розныя краіны свету.
Цікава, што ў Аўстрыі актыўны ўдзел у распаўсюджванні Бэтлеемскага святла прымаюць таксама Аўстрыйскія чыгункі, і таму на буйных станцыях ёсць адмысловыя месцы, дзе можна забраць з сабой Бэтлеемскі агонь.
У гэтым годзе
У 2025 годзе, нягледзячы на ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе, удалося запаліць Бэтлеемскае святло супакою. У пачатку лістапада гэта зрабіў 11-гадовы хлопец Джэрыс Фадзі Хіер, які паходзіць з сям’і хрысціян у Бэтлееме.
А ўжо ў Аўстрыі 13-гадовы Флорыян Міттэр з Фордэрвайсэнбаха прыняў гэтае святло міру і адначасова служэнне ў якасці «Дзіцяці святла міру» (ням. Friedenslichtkind).
19 лістапада 2025 года Флорыян перадаў Бэтлеемскі агонь для Папы Льва XIV пасля Генеральнай аўдыенцыі ў Ватыкане. І, такім чынам, Леў XIV стаў чацвёртым пасля святога Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка Папам, які прыняў святло з Бэтлеема.
А ў Беларусі?
У 1998 годзе Бэтлеемскі агонь быў першы раз афіцыйна дастаўлены ў нашу краіну. Сюды ён трапляе ад польскіх скаўтаў, якія бяруць яго непасрэда ў Вене падчас вялікай міжнароднай скаўцкай імпрэзы.
У Беларусі асноўную ролю ў распаўсюджванні Бэтлеемскага агню сярод каталіцкіх парафій і ўстановаў адыгрываюць каталіцкія скаўткі і скаўты, якія робяць гэта з 2008 года. Сёлета да гэтага спрычыняцца скаўцкія адзінкі з Віцебска, Гродна, Жодзіна, Івянца, Мінска і Полацка.
18 снежня Бэтлеемскі агонь будзе ўрачыста ўнесены ў Гродзенскую катэдральную базыліку Святога Францішка Ксавэрыя (у 17.00), на наступны дзень, 19 снежня, — у Мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (у 18.30). 20 снежня, у суботу, святло будзе дастаўлена ў Віцебскі катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага (у 17.30), а ў нядзелю 21 снежня — у Пінскую катэдральную базыліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (у 11.15).
Бэтлеемскі агонь у гэтым годзе плануецца ўнесці ў больш за 150 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій.
Паглядзець графік эстафеты Бэтлеемскага агню ў парафіях Беларусі можна на мапе ніжэй або ТУТ>>>
«У гэтай адказнай місіі атулім малітоўнай падтрымкай нашых скаўтаў і скаўтак, каб Бэтлеемскае святло міру прыбыло ў Беларусь і не толькі дасягнула кожнай запланаванай кропкі на мапе, але і асвятліла нашыя сэрцы!» — заклікаюць вернікаў скаўты Беларусі.
P. S. Ад імя Каталіцкіх скаўтаў асаблівую падзяку арганізатары кіруюць памежным службам Беларусі і Польшчы за магчымасць сустрэць Бэтлеемскае святло міру на нейтральнай тэрыторыі паміж краінамі.
Мапа з раскладам прыбыцця Бэтлеемскага агню ў парафіі Беларусі:







