Парафія святога Арханёла Міхала ў Навагрудку з пачатку Адвэнту заахвочвае навагрудскіх вернікаў дапамагчы дзецям крыху незвычайным спосабам — сэканомленыя падчас посту сродкі на ежу, а таксама сродкі, якія звычайна трацяцца нерацыянальна і бяздумна (на малапатрэбныя рэчы) прызначыць для дзяцей у Сьера-Леонэ (Цэнтральная Афрыка).
У Сьера-Леонэ працуе салезіянін з Беларусі, айцец Сяргей Гоман SDB. Святар ужо 25 год служыць у Афрыцы. У Сьера-Леонэ ён заснаваў цэнтр дапамогі дзецям, якія сталі ахвярамі гвалту. На дадзены момант у прытулку знаходзіцца каля 170 дзяцей рознага узросту.
Да дабрачыннай акцыі дапамогі вернікі запрашаюць далучыцца таксама ахвотных з іншых парафій нашай краіны.
Адвэнт — час падрыхтоўкі і чакання Нараджэння Хрыста, час духоўнага ачышчэння. Пост (уключаючы харчовы) — гэта не проста дыета, а практыка ўстрымання, калі мы вучымся кантраляваць свае патрэбы і жаданні (цялесныя і спажывецкія) і канцэнтруемся на галоўным. Адмаўляючыся ад камфорту і дагаджання целу, мы нагадваем сабе, што сапраўднае задавальненне і радасць паходзяць не ад ежы ці рэчаў, а ад Бога і адносін з Ім.
Добраахвотнае часовае абмежаванне дапамагае нам адчуць (хаця б часткова), што кожны дзень перажываюць тыя, хто жыве ў беднасці і голадзе. Такая духоўная практыка з’яўляецца свядомым хрысціянскім актам кіравання дарамі (уключаючы грошы), якія, згодна з хрысціянскім вучэннем, дадзеныя нам Богам у часовае карыстанне. Бессэнсоўныя выдаткі часта ідуць на тое, што падтрымлівае наша эга, імгненныя жаданні, «задавальненні», якія не прыносяць сапраўднага шчасця. Адмова ад іх — крок да свабоды ад празмернай залежнасці матэрыяльнага свету і культуры спажывання.
Сэканомленыя сродкі набываюць яшчэ вышэйшы сэнс, калі ператвараюцца ў бачны чын міласэрнасці і любові.
Для таго, хто дае, атрымліваецца падвойная карысць: пост і самаадрачэнне трацяцца не проста «у нікуды», а пераўтвараюцца ў канкрэтную справу любові. Гэта чыніць духоўную практыку надзвычай плённай,— згодна з заклікам у Пасланні да Філіпянаў, «не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых» (Флп 2,4).
Для таго, хто атрымлівае (місіянеры ў Афрыцы), гэтыя сродкі могуць дапамагчы ў:
- абвяшчэнні Евангелля;
- штодзённым забеспячэнні ежай, медыкаментамі, вадой;
- адукацыйных і сацыяльных праектах, якія змяняюць жыццё людзей.
Дапамога — гэта салідарнасць Паўсюднага Касцёла. Мы прызнаём сябе часткай адзінага Каталіцкага Касцёла, дзе браты і сёстры ў больш забяспечаных рэгіёнах падтрымліваюць тых, хто служыць у рэгіёнах, якія перажываюць цяжкасці.
Нараджэнне — свята дару. Бог аддаў людзям Свайго Сына. Адказваючы на гэты дар, мы вучымся самі дарыць. Найлепшы падарунак Хрысту ў Ягонае свята — гэта справы міласэрнасці, скіраваныя да нашых бліжніх.
У выніку ствараецца магутны духоўны ланцуг унутранага ачышчэння (пост і ўстрыманне ад непатрэбных выдаткаў), больш справядлівае пераразмеркаванне рэсурсаў, узрастанне ў любові, свабодзе, дзейснай веры і адзінстве Хрыстовага Цела.
Калі хто б хацеў далучыцца да дабрачыннай акцыі, можна пісаць на Viber па тэл. +375 (44) 552-21-99.





















