На каляднай канферэнцыі «У імя міру і дабрабыту», арганізаванай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі пры падтрымцы Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, якая 9 студзеня прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прадставіў даклад на тэму «Роля Каталіцкага Касцёла ва ўмацаванні міру і дабрабыту».
Дакладчык зазначыў, што гэта — адно з найважнейшых і актуальных пытанняў сучаснасці.
«Мір як аснова для развіцця грамадства і дабрабыт як яго гарманічнае праяўленне застаюцца ключавымі каштоўнасцямі, да якіх імкнецца чалавецтва. У гэтым працэсе Каталіцкі Касцёл адыгрывае вельмі важную ролю. Яго шматвяковы вопыт, маральныя прынцыпы і духоўнае лідэрства ўносяць значны ўклад ва ўмацаванне міру і дабрабыту.
Каталіцкі Касцёл не толькі прапаведуе каштоўнасці міру, але і актыўна садзейнічае яго ўвасабленню праз адукацыйныя, сацыяльныя і гуманітарныя ініцыятывы, з’яўляючыся натхняльным прыкладам для грамадства», — падкрэсліў іерарх, заўважыўшы пры гэтым, што абмежаванні па часе не дазваляюць у адным дакладзе ўсебакова разгледзець усе аспекты гэтага шматграннага пытання. Таму дакладчык засяродзіўся на найбольш актуальных і значных аспектах акрэсленай тэматыкі.
Біскуп Яшэўскі перадусім звярнуў увагу на тое, што «Каталіцкі Касцёл, абапіраючыся на свае шматвяковыя духоўныя традыцыі і сацыяльнае вучэнне, не толькі прапануе багаслоўскія і маральныя прынцыпы пабудовы міру, але і актыўна садзейнічае іх практычнаму ўвасабленню». Дакладчык коратка разгледзеў, як каталіцкае вучэнне, пададзенае ў ключавых энцыкліках пяці апошніх Папаў фармуе светапогляд вернікаў і спрыяюць яго фармаванню ў людзей добрай волі, прапануючы канкрэтны адказ на глабальныя выклікі сучаснасці.
«За апошнія 70 гадоў Каталіцкі Касцёл распрацаваў паслядоўнае вучэнне пра мір, якое дынамічна развіваецца і знайшло сваё адлюстраванне ў ключавых энцыкліках. Гэтыя дакументы не існуюць у ізаляцыі, а ўтвараюць лагічны і тэматычны ланцуг, дзе кожная новая энцыкліка паглыбляе і пашырае ідэі папярэдніх, адказваючы на сучасныя выклікі і аналізуючы рэальны стан сучаснага свету.
Дзякуючы практычнай рэалізацыі гэтых ідэй Касцёл выступае важным мастом паміж духоўным і сацыяльным вымярэннем чалавечага жыцця, што робіць яго ўклад ва ўмацаванне міру і дабрабыту не толькі значным, але і сапраўды незаменным.
У энцыкліцы Pacem in Terris — „Мір на Зямлі“ (1963 г.) — святы Папа Ян XXIII акрэсліў мір як гармонію, заснаваную на праўдзе, справядлівасці, любові і свабодзе. Упершыню праблема захавання міру была прадстаўлена як заданне для ўсіх людзей добрай волі. Прынцыпы, акрэсленыя Янам XXIII, сталі базай для наступных разважанняў. Ён паказаў, што мір — гэта не толькі палітычная ці сацыяльная мэта, але і боская задума, цесна звязаная з пашанай чалавечай годнасці.
Гэтую ідэю развіў яго наступнік, святы Папа Павел VI у энцыкліцы Populorum Progressio — „Развіццё народаў“ (1967 г.), — звязаўшы яе з канцэпцыяй чалавечага развіцця. Папа прапануе ўспрымаць мір не проста як парадак, але як дынамічны працэс, непарыўна звязаны з пераадоленнем сацыяльнай і эканамічнай няроўнасці. Павел VI падкрэсліў глабальную адказнасць багатых краін і неабходнасць справядлівага размеркавання рэсурсаў, заявіўшы, што „развіццё — гэта новае імя міру“. Гэты тэзіс ясна даў зразумець, што без сацыяльнай і эканамічнай справядлівасці немагчыма дасягнуць трывалага міру.
Святы Папа Ян Павел II развіў гэтае вучэнне ў энцыкліцы Sollicitudo Rei Socialis — „Клопат пра сацыяльныя справы“ (1987 г.), — паглыбіўшы ўзаемасувязь паміж мірам і яго развіццём. Ён дадаў важнае папярэджанне аб „структурах граху“, якія садзейнічаюць несправядлівасці і канфліктам у сацыяльна-эканамічных сістэмах. У адрозненне ад Паўла VI, які засяродзіў увагу на адказнасці дзяржаў, Ян Павел II паклаў акцэнт на індывідуальную і калектыўную адказнасць. Мір быў прадстаўлены ў гэтай энцыкліцы не толькі як вынік справядлівых структур, але і як плён унутранага пераўтварэння і прызнання ўніверсальнай чалавечай годнасці.
У энцыкліцы Deus caritas est — „Бог ёсць любоў“ (2006 г.) — Папа Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што любоў — гэта незвычайная сіла, якая схіляе людзей мужна і ахвярна займацца справамі справядлівасці і міру. Мір — гэта не толькі дар, які трэба прыняць, але і справа, якую трэба пастаянна ствараць. Каб быць сапраўды міратворцамі, мы павінны навучыцца спагадзе, салідарнасці, супрацоўніцтву, братэрству, быць актыўнымі ў грамадстве і фармаваць сваё сумленне адносна нацыянальных і міжнародных справаў і важнасці пошуку адпаведных спосабаў размеркавання рэсурсаў і вырашэння канфліктаў (пар. Пасланне на 45-ты Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2012 г.).
Гэтую багаслоўскую і сацыяльную перспектыву працягнуў Папа Францішак у энцыкліцы Fratelli Tutti — „Усе браты“ (2020 г.), вылучыўшы братэрства і дыялог як цэнтральныя інструменты дасягнення міру. Ён падкрэсліў, што мір можа квітнець толькі ў культуры сустрэчы і адкрытасці на разнастайнасць. Яго крытыка „культуры сценаў“ і заклік да „культуры мастоў“ скіраваныя на пераадоленне сучасных сацыяльных і культурных рознагалоссяў», — пазнаёміў слухачоў з сацыяльным вучэннем Папаў біскуп Яшэўскі. Паводле яго, сукупнасць гэтага вучэння паказвае, што Каталіцкі Касцёл успрымае мір як шматграннае і шматмернае паняцце, якое ўключае духоўныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя аспекты. Кожная энцыкліка дапаўняе і пашырае разуменне міру, кажучы пра агульную адказнасць за стварэнне справядлівага і бесканфліктнага свету, заснаванага на праўдзе, справядлівасці, любові, свабодзе і дыялогу.
«Аналізуючы багацце вучэння Касцёла аб міры і справядлівасці, мы бачым, як яго глыбіня і ўніверсальнасць спалучаюцца з канкрэтнымі дзеяннямі ў розных кутках свету. Аднак вучэнне застаецца не проста абстрактнай тэорыяй; яго сапраўдная вартаснасць раскрываецца менавіта ў тым, як яно прымяняецца ў рэальных гістарычных і сацыяльных умовах.
У гэтым кантэксце наша краіна Беларусь займае асаблівае месца. Краіна, багатая сваёй культурнай спадчынай і духоўным патэнцыялам, мужна вырашае няпростыя выклікі сучаснасці: пошук гармоніі паміж рознымі этнічнымі і рэлігійнымі супольнасцямі, пераадоленне сацыяльнай няроўнасці, а таксама ўмацаванне каштоўнасцей міру і салідарнасці ў грамадстве.
Каталіцкі Касцёл, чэрпаючы натхненне са свайго вучэння, актыўна адгукаецца на гэтыя выклікі, уносячы свой унікальны ўклад у пабудову мірнага і справядлівага грамадства», — сцвердзіў іерарх, прапанаваўшы разгледзець, як канкрэтныя ініцыятывы і праекты Касцёла ў Беларусі адлюстроўваюць яго імкненне ўвасабляць прынцыпы братэрства, дыялогу і справядлівасці на мясцовым узроўні.
«Па-першае, Касцёл у Беларусі актыўна ўдзельнічае ў дабрачынных ініцыятывах, аказвючы дапамогу самым уразлівым групам насельніцтва. Асаблівую ролю ў гэтым адыгрывае арганізацыя Caritas, якая з’яўляецца галоўным інструментам сацыяльнай і гуманітарнай дзейнасці Каталіцкага Касцёла. Праграмы Caritas скіраваныя на падтрымку малазабяспечаных сем’яў, самотных пажылых людзей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Caritas не толькі аказвае матэрыяльную дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання, медыкаментаў і адзення, але і арганізуе пункты сацыяльнай дапамогі, кансультацыйныя цэнтры і праграмы рэабілітацыі. Дзякуючы прафесіяналізму і самаахвярнасці супрацоўнікаў і валанцёраў Caritas гэтыя намаганні становяцца яшчэ больш сістэмнымі і эфектыўнымі.
Гэтая арганізацыя адыгрывае важную ролю ў рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі, такія як прыродныя катаклізмы ці крызісныя сацыяльныя абставіны. Акрамя таго, Caritas актыўна займаецца доўгатэрміновымі праектамі, такімі як дапамога ў адукацыі дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, падтрымка інвалідаў і развіццё сацыяльных прадпрыемстваў, што дапамагаюць людзям аднаўляць самастойнасць і ўпэўненасць у будучыні.
Дзякуючы сваёй дзейнасці, Caritas дэманструе, як Касцёл у Беларусі можа быць важным сацыяльным інстытутам, здольным не толькі суцешыць, але і рэальна палепшыць якасць жыцця людзей. Caritas застаецца сімвалам міласэрнасці, салідарнасці і клопату пра бліжняга, увасабляючы ў жыццё евангельскія прынцыпы любові і служэння.
Служэнне Caritas мае таксама і духоўнае вымярэнне. Прыклад бескарыслівага служэння бліжнім — гэта адзін з напрамкаў новай евангелізацыі», — заўважыў дакладчык, перайшоўшы ад дабрачынансці да адукацыйнай дзейнаасці Касцёла, скіраванай на захаванне традыцыйных каштоўнасцяў.
«Касцёл шмат увагі прысвячае справе захавання традыцыйнай сям’і і традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, што вельмі важна ў наш час секулярызацыі і маральнага рэлятывізму. Праз сваю адукацыйную і выхаваўчую працу Касцёл фармуе ў моладзі каштоўнасці салідарнасці, павагі і адказнасці. Адукацыйныя ініцыятывы прапануюць не толькі веды, але і базу для духоўнага і сацыяльнага развіцця асобы, выхоўваючы новае пакаленне, гатовае будаваць грамадства, заснаванае на дыялогу і ўзаемаразуменні.
Адным з ключавых напрамкаў з’яўляецца развіццё маладзёжных праграм і ініцыятыў, скіраваных на раскрыццё патэнцыялу кожнага ўдзельніка. Летнія лагеры, трэнінгі, валанцёрскія праекты і духоўныя рэкалекцыі дапамагаюць моладзі не толькі развіваць свае таленты, але і знаходзіць сваё месца ў грамадстве, вучаць адказнасці і служэнню іншым. Такія праграмы ствараюць прастору для зносін, дзе маладыя людзі могуць абменьвацца досведам, вучыцца працаваць у камандзе і вырашаць складаныя задачы.
Каталіцкія адукацыйныя праграмы таксама адыгрываюць важную ролю ў фармаванні гарманічнай асобы. Яны прапануюць не толькі адукацыю высокага ўзроўню, але і акцэнтуюць увагу на маральным выхаванні. Адмысловая ўвага надаецца развіццю навыкаў крытычнага мыслення, эмпатыі і здольнасці прымаць рашэнні, заснаваныя на павазе да іншых і імкненні да справядлівасці. Гэта дапамагае моладзі рыхтавацца да выклікаў сучаснага свету і актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства.
Нядзельныя адукацыйныя ініцыятывы, такія як катэхізацыя, нядзельныя школы таксама ўносяць значны ўклад у развіццё духоўных асноваў моладзі. Гэтыя праграмы даюць магчымасць маладым людзям глыбей зразумець сваю веру, яе каштоўнасці і традыцыі, а таксама яе практычнае значэнне ў паўсядзённым жыцці. Праз удзел у такіх праграмах моладзь вучыцца прымяняць хрысціянскія прынцыпы ў адносінах з навакольнымі, у сям’і і на працы.
Акрамя таго, Касцёл актыўна падтрымлівае ўдзел моладзі ў сацыяльных і дабрачынных ініцыятывах. Гэта не толькі ўмацоўвае пачуццё салідарнасці, але і дае магчымасць маладым людзям бачыць рэальную карысць ад свайго ўдзелу ў жыцці іншых. Удзел у праектах дапамогі маламаёмным, клопаты аб навакольным асяроддзі або падтрымцы пажылых людзей дапамагае фармаваць сталую і сацыяльна адказную асобу.
Такім чынам, адукацыйная і выхаваўчая праца Каталіцкага Касцёла закладвае трывалы падмурак для пабудовы грамадства, дзе пераважаюць паразуменне, справядлівасць і павага», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі, перайшоўшы да наступнага пункту дзейнасці Касцёла, якім, на яго думку, з’яўляецца падтрыманне дыялогу.
«Каталіцкі Касцёл у Беларусі актыўна падтрымлівае дыялог з рознымі канфесіямі і грамадствам у цэлым. Яго роля як пасрэдніка ў пытаннях міжрэлігійнага ўзаемадзеяння і сацыяльнай гармоніі з’яўляецца важным складнікам умацавання міру ў шматнацыянальным і шматканфесійным кантэксце Беларусі. Рэгулярныя сумесныя ініцыятывы з прадстаўнікамі іншых рэлігій і грамадзянскай супольнасці садзейнічаюць разбурэнню бар’ераў і пераадоленню недаверу.
Асаблівае месца ў гэтым дыялогу займае супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой, якое стала сімвалам адзінства ў разнастайнасці. Папа Ян Павел ІІ часта казаў, што Рыма-Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква — як два лёгкія аднаго арганізма. У Беларусі Касцёл і Царква працуюць супольна над захаваннем культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі, дбаючы пра абарону кожнага чалавечага жыцця ад моманту зачацця аж да натуральнага яго заканчэння, паказваючы прыклад добрасуседства і адзінства ў разнастайнасці.
Асаблівае значэнне маюць міжрэлігійныя форумы з пратэстанцкімі супольнасцямі, а таксама з габрэямі і мусульманамі, канферэнцыі і круглыя сталы, на якіх абмяркоўваюцца актуальныя пытанні, што датычацца ўсіх бакоў грамадскага жыцця. Гэтыя мерапрыемствы часта арганізуюцца пры актыўным удзеле ўсіх прадстаўнікоў традыцыйных канфесій Беларусі, што падкрэслівае сумесную прыхільнасць да ідэалаў міру і супрацоўніцтва. Наш дыялог ахоплівае не толькі багаслоўскія аспекты, але і практычныя пытанні, звязаныя з умацаваннем сямейных каштоўнасцей і захаваннем найвялікшага Божага дару жыцця, абаронай чалавечай годнасці і адстойваннем сацыяльнай справядлівасці і міру.
Такое плённае супрацоўніцтва з’яўляецца прыкладам для іншых краін і рэгіёнаў, паказваючы, як дыялог і сумесныя ініцыятывы здольныя не толькі ўмацоўваць сувязі паміж канфесіямі, але і садзейнічаць агульнаму дабру грамадства. Дзякуючы гэтаму ўзаемадзеянню фармуецца прастора ўзаемнай павагі, дзе кожная канфесія адчувае сваю значнасць і ўклад у пабудову гарманічнай і мірнай будучыні», — зазначыў біскуп Яшэўскі.
Ён дадаў, што Касцёл у Беларусі таксама актыўна ўдзельнічае ў ініцыятывах, скіраваных на падтрымку культурнай і гістарычнай спадчыны, што садзейнічае ўмацаванню агульнай ідэнтычнасці беларускага народа, падкрэслівае важнасць захавання агульнай гісторыі і традыцый.
«Акрамя таго, Каталіцкі Касцёл адыгрывае важную ролю ў сацыяльным дыялогу. Яго удзел у абмеркаванні пытанняў і практычным вырашэнні праблем, якія датычацца барацьбы з беднасцю, падтрымкі ўразлівых груп насельніцтва, умацавання Богам створанага інстытуту сям’і, вырашэння дэмаграфічнай праблемы і маральнай фармацыі людзей, асабліва моладзі, дазваляе аб’яднаць намаганні рэлігійных, грамадскіх і дзяржаўных структур, скіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця людзей», — сказаў іерарх, адзначыўшы пры гэтым, што Касцёл імкнецца не толькі да ўстанаўлення дыялогу, але і да развіцця адукацыйных і культурных праграм, скіраваных на ўмацаванне талерантнасці і ўзаемаразумення сярод моладзі, а таксама прывівае навыкі мірнага суіснавання і супрацоўніцтва.
«Такім чынам, намаганні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі па ўмацаванні дыялогу з рознымі канфесіямі і грамадствам з’яўляюцца важным укладам у пабудову мірнага і гарманічнага грамадства, дзе шануюцца правы і годнасць кожнага чалавека. Дзейнасць Касцёла садзейнічае не толькі вырашэнню бягучых сацыяльных задач, але і стварэнню фундамента для доўгатэрміновага супрацоўніцтва ў краіне», — падкрэсліў біскуп, дадаўшы, што Касцёл праз свае літургічныя і духоўныя традыцыі прапануе людзям прастору для ўнутранага міру і прымірэння ў сваіх сем’ях, супольнасцях і грамадстве. Іерарх звярнуў увагу на тое, што сваімі ініцыятывамі Касцёл садзейнічае не толькі ўнутранай аднове вернікаў, але і духоўнай трансфармацыі грамадства.
«Кожны чалавек, здабыўшы мір у сваім сэрцы, становіцца здольным распаўсюджваць гэтую ласку спакою вакол сябе, у сваіх сем’ях, на працоўным месцы і ў грамадскім жыцці, тым самым ствараючы больш гарманічнае і справядлівае грамадства», — выказаў упэўненасць іерарх, пасля чаго перайшоў да аспектаў супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы ў справе абароны міру і дасягнення дабрабыту.
«Ключом да доўгатэрміновага поспеху нашых ініцыятываў з’яўляецца супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі, асаблівым чынам з апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Беларускім фондам міру і многімі іншымі дзяржаўнымі ўстановамі ў абласных і раённых цэнтрах Беларусі. Такое партнёрства адкрывае новыя перспектывы для вырашэння грамадскіх праблем і дазваляе аб’яднаць намаганні для дасягнення агульных мэтаў. Праз дыялог і ўзаемадзеянне можна стварыць сінэргію, якая будзе садзейнічаць не толькі рэалізацыі існуючых праектаў, але і развіццю новых ініцыятываў.
Умацаванне сувязей паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай дапамагае пераадолець юрыдычныя і адміністрацыйныя бар’еры, больш эфектыўна выкарыстоўваць даступныя рэсурсы і знаходзіць пазітыўныя рашэнні сацыяльных і адукацыйных пытанняў. У прыватнасці, у такіх пытаннях, як падтрымка моладзі, дапамога ўразлівым слаям насельніцтва і стварэнне інфраструктуры для дабрачыннай дзейнасці, такое супрацоўніцтва можа прывесці да значных дасягненняў.
Агульнай задачай застаецца ўмацаванне грамадства шляхам мэтанакіраванага і эфектыўнага выкарыстання як касцёльных, так і дзяржаўных рэсурсаў і кампетэнцый. Каталіцкі Касцёл бачыць у дзяржаўным партнёрстве не толькі практычную карысць, але і магчымасць ажыццяўлення агульных каштоўнасцяў салідарнасці, справядлівасці і адказнасці праз канкрэтныя дзеянні, якія служаць на карысць грамадства, а таксама бачыць трывалага партнёра ў паглыбленні міжканфесійнага і міжкультурнага дыялогу.
У грамадстве, дзе існуе гістарычная, культурная і рэлігійная разнастайнасць, Каталіцкі Касцёл можа адыгрываць унікальную ролю, становячыся мостам, які аб’ядноўвае людзей на аснове агульных каштоўнасцей міру, салідарнасці і справядлівасці. Гэтая задача асабліва актуальная ва ўмовах глабалізацыі, калі паскараецца абмен ідэямі і традыцыямі, але адначасова ўзмацняюцца рознагалоссі і недавер. У імклівым развіцці эпохі лічбавага прагрэсу, дзе тэхналогіі мяняюць не толькі эканоміку, але і сацыяльныя адносіны, важнасць умацавання ўзаемаразумення і сумеснага рашэння глабальных выклікаў становіцца яшчэ больш відавочнай. Касцёл, абапіраючыся на сваю гістарычную місію, можа натхняць грамадства на выкарыстанне дасягненняў прагрэсу для пабудовы больш справядлівага і чалавечнага свету», — сцвердзіў дакладчык.
На заканчэнне ён падкрэсліў, што «Каталіцкі Касцёл у Беларусі будзе заўсёды імкнуцца быць важнай сілай, накіраванай на ўмацаванне міру і дабрабыту беларускага грамадства. Яго вучэнне і шматвяковая традыцыя становіцца жывой практыкай, якая змяняе душы людзей, а праз іх змяняе да лепшага грамадства». Паводле іерарха, кожная дзейнасць Касцёла — ці клопат пра бедных, ці адукацыя моладзі, ці падтрыманне дыялогу — гэта крок да стварэння больш справядлівага, мірнага і гарманічнага свету.
Дакладчык нагадаў словы Папы Францішка, які настойліва падкрэслівае неабходнасць унутранага «раззбраення сэрца» як ключавой умовы для ўмацавання міру і справядлівасці ў свеце. «У Святым юбілейным 2025 годзе, які распачаўся і праходзіць пад дэвізам „Пілігрымы надзеі“, Папа заклікае вернікаў стаць пасланцамі надзеі і міру, увасабляючы гэтую місію ў сваім жыцці і дзейнасці. Прытрымліваючыся гэтага закліку, Касцёл можа стаць годным партнёрам у справе захавання міру і справядлівасці, дэманструючы прыхільнасць ідэалам мірнага суіснавання і клопат пра лёс кожнага чалавека.
Няхай намаганні ўсёй супольнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі натхняюць нас на актыўны ўдзел у стварэнні справядлівай і мірнай будучыні, дзе кожны адчувае сябе часткай адзінай чалавечай сям’і», — выказаў пажаданне біскуп Аляксандр Яшэўскі, завяршыўшы свой дваццаціхвілінны даклад словамі Хрыста з Казання на гары: «Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі» (Мц 5, 9).