
У апошнія выходныя перад Божым Нараджэннем беларускія каталіцкія скаўты па добрай каляднай традыцыі даставілі Бэтлеемскае святло міру ў парафіі па ўсёй краіне.
Акцыя, якая сёлета праходзіла пад дэвізам «Любі ўчынкам», распачалася ў пятніцу 20 снежня.
Першым пунктам у Беларусі, куды скаўты даставілі Святло міру, запаленае ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, стала катэдральная базыліка святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.
Тут Бэтлеемскі агонь сустрэў новы пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.
Звяртаючыся да ўсіх, хто сабраўся ў гэты дзень у катэдры горада над Нёманам, і нагадваючы пра набліжэнне святаў, біскуп Гуляй, між іншым сказаў:
«Тая праўда, што Бог прыйшоў да нас, што Ён блізка, побач, напаўняе нашы сэрцы ўдзячнасцю, любоўю і надзеяй». Па словах іерарха, прымаючы Бэтлеемскі агонь, «гэтае Божае святло», вернікі бяруць на сябе абавязак несці яго далей праз сваё хрысціянскае жыццё.

У той жа вечар адбылося ўрачыстае ўнясенне Бэтлеемскага агню ў мінскі катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі, дзе яго сустрэў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Пасля святой Імшы каталіцкія скаўты перадалі Святло міру сваім праваслаўным сабратам, калегам па скаўцкім руху, які служыць выхаванню дзяцей і моладзі на традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцях.
Найбольш насычанымі днямі ў правядзенні штогадовай каляднай акцыі сталі субота і нядзеля, калі скаўты развозілі Бэтлеемскі агонь па парафіях Беларусі. Несучы Святло міру ў розныя куткі нашай краіны, скаўты сустракаліся з рознымі людзьмі, перажывалі прыгоды і проста праводзілі час разам.



















































