20 снежня Бэтлеемскае святло міру, якое ў Беларусь даставілі каталіцкія скаўты, распачне падарожжа па парафіях нашай краіны.
Карані акцыі па распаўсюджванні Бэтлеемскага агню ўзыходзяць да 1986 года, калі супрацоўнікі аўстрыйскай радыёкампаніі ÖRF вырашылі такім чынам аддзячыць ахвярадаўцам дабрачыннай акцыі «Святло ў цемры».
Акцыя, якая спачатку планавалася як аднаразовая, спадабалася людзям і стала міжнароднай каляднай традыцыяй.
У 1989 годзе гэтую ініцыятыву падхапілі скаўты, перадаўшы агонь з Бэтлеема спачатку ў суседнія з Аўстрыяй краіны, а з цягам часу — і ў больш аддаленыя.
Бэтлеемскі агонь запальваецца дзіцем або падлеткам ад нязгаснай лампады ў гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме і спецыяльным авіярэйсам дастаўляецца ў Аўстрыю, адкуль распаўсюджваецца скаўтамі ў розныя краіны свету.
У нашу краіну Бэтлеемскі агонь упершыню быў афіцыйна дастаўлены ў 1998 годзе, хоць ужо раней акцыю праводзілі ў Беларусі харцэрскія дружыны на Гродзеншчыне і Аб’яднанне Беларускіх Скаўтаў у Мінску. З 2008 у парафіі яго дастаўляюць каталіцкія скаўты. Сёлета гэтае служэнне будуць несці хлопцы і дзяўчаты з Віцебска, Гродна, Жодзіна, Івянца, Мінска і Полацка.
У 2024 годзе ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе паўплываў на правядзенне акцыі. Упершыню за ўсю яе гісторыю будзе распаўсюджвацца Бэтлеемскі агонь, прывезены летась, які цэлы год захоўвалі аўстрыйскія скаўты.
Гэты факт паказвае, што мір — вялікая каштоўнасць, але ў цяперашнім свеце яго можна вельмі лёгка згубіць. Пасланне міру, якое нясе Бэтлеемскае святло, як заўсёды актуальнае, бо сёння шмат дзе ў свеце неспакойна.
Прымаючы гэты агеньчык, варта ўзгадаць у малітве тых людзей, якія пакутуюць з прычыны розных узброеных канфліктаў, каб хутчэй перамагло дабро і ўсталяваўся мір.
- 20 снежня Бэтлеемскі агонь будзе ўрачыста ўнесены ў катэральныя святыні Гродна і Мінска.
- 17.00 — унясенне Бэтлеемскага святла міру ў катэдральную базыліку святога Франціка Ксавэрыя ў Гродне;
- 18.30 — унясенне Бэтлеемскага святла міру ў катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
- На наступны дзень, 21 снежня, Святло міру будзе дастаўлена ў катэдральныя святыні Пінска і Віцебска.
- 13.00 — унясенне Бэтлеемскага святла міру ў катэдральную базыліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску;
- 17.30 — унясенне Бэтлеемскага святла міру ў катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Бэтлеемскі агонь сёлета плануецца даставіць у больш за 140 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій Беларусі.
Беларускія каталіцкія скаўты просяць аб малітоўнай падтрымцы для выканання гэтай адказнай місіі, каб Бэтлеемскае святло міру прыбыло ў Беларусь і не толькі дасягнула кожнага запланаванага пункту на мапе, але і асвятліла чалавечыя сэрцы.