24 студзеня, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў і сродкаў сацыяльнай камунікацыі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе віншаванне ўсім, хто працуе ў сферы інфармацыі.
Яго Эксцэленцыі
біскупу Юрыю Касабуцкаму,
Старшыні Рады па сродках масавай камунікацыі ККББ;
дырэктарам,
рэдактарам, журналістам, рэпарцёрам, пісьменнікам
і ўсім супрацоўнікам касцёльных СМІ
Сябры! Віншую ўсіх вас з прафесійным святам!
Сёння, 24 студзеня, мы ўспамінаем святога Францішка Сальскага — біскупа, доктара Касцёла, які ў Каталіцкім Касцёле ўжо больш за сто гадоў лічыцца Апекуном журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, або, у больш шырокім значэнні, сродкаў сацыяльнай камунікацыі.
Быць журналістам — на думку Папы Францішка — гэта пакліканне, крыху падобнае на пакліканне лекара, які вырашыў палюбіць чалавецтва, вылечваючы яго хваробы. Тое самае датычыцца і журналіста, які вырашыў закрануць раны грамадства і свету.
Таму на парадку дня неабходнасць выказвацца і апавядаць чалавечыя гісторыі ў розных абставінах жыцця, захоўваючы пры гэтым безумоўную любоў да праўды як апоры працы СМІ.
Ваша служэнне прыносіць вялікую карысць усёй супольнасці, незалежна ад веравызнання ці моўнай сям’і. Далікатнасць, з якой вы так часта гаворыце аб сумных і трывожных навінах, дапамагае супольнасці Касцёла ісці шляхам пілігрымаў надзеі.
Сучасны свет немагчыма ўявіць сабе без сродкаў масавай інфармацыі. Да іх залічваюцца перадусім прэса, радыё, тэлебачанне і інтэрнэт, але ў больш шырокім сэнсе адносяцца таксама кнігі, часопісы, кінафільмы і музыка.
Вашу працу немагчыма выконваць без веры, а гэта значыць, па словах Папы Бэнэдыкта XVI, здольнасці давяраць сябе ў Божыя рукі. Свет ведаў і навуковага прагрэсу, хоць і важны для жыцця чалавека, недастатковы сам па сабе і не задаволіць усіх памкненняў чалавека, бо яму патрэбны не толькі матэрыяльны хлеб, але таксама — і перш за ўсё — сэнс жыцця, любоў і трывалая глеба — аснова, асабліва неабходная ў часы крызісу. Для таго, каб ісці па цяжкіх сцежках сучаснасці, патрэбныя намаганні і розуму, і сэрца.
Браты і сёстры, сёння мы, супольнасць Касцёла ў Беларусі, дзякуем вам за вашую працу: за жывое слова, з якім вы звяртаецеся да нас. Жадаем адвагі веры і сведчання, каб не паддацца ветру моды, лібералізму і агрэсіўнай секулярызацыі, якія аддаляюць чалавека ад Бога.
Асаблівым чынам сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем пра супрацоўнікаў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага Радыё — Vatican News — на чале з яе дырэктарам ксяндзом Аляксандрам Амяльчэням, якія, годна працягваючы эстафету сваіх гістарычных папярэднікаў, у тым ліку і спачылага нядаўна айца Клода Рабінэ SI, ужо 75 гадоў нястомна нясуць суайчыннікам слова Святога Айца на роднай мове.
Дзякуем і супрацоўнікам нашых каталіцкіх СМІ: заслужанаму выдавецтву Pro Christo, рэдакцыям каталіцкіх часопісаў «Ave Maria», «Наша вера», «Дыялог», газет «Слова жыцця» і «Каталіцкі веснік», нашых усё больш і больш папулярных інтэрнэт-рэсурсаў, перадусім парталу Касцёла ў Беларусі Catholic.by на чале з ксяндзом Аляксандрам Уласам, парталаў Catholicminsk.by, Grodnensis.by, Catholicnews.by, Pcd.by, а таксама ўсім, хто піша і дасылае ім навіны, усім парафіяльным рэсурсам, без якіх ужо немагчыма ўявіць сабе жыццё Касцёла ў Беларусі.
Праз заступніцтва святога Францішка Сальскага просім, каб хапіла вам атраманту цярплівасці, настойлівасці, мужнасці, удзячнасці ад тых, хто пазнае свет дзякуючы вашаму «лёгкаму пяру».
Са святам!
З малітвай за вас,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі