Падчас Адвэнту, які распачаўся 1 снежня, да чытачоў прыйдзе новы нумар часопіса «Ave Maria».
Як адзначаецца ў анонсе апошняга ў гэтым годзе, дванаццатага нумара часопіса на інтэрнэт-старонцы гэтага папулярнага каталіцкага выдання ave-maria.by, Бог уцелавіўся на зямлі больш за дзве тысячы гадоў менавіта ў сям’і. Гэтым самым Ён паказаў найвялікшую каштоўнасць сямейнага асяродка любові, прыняцця, прабачэння і ўзаемападтрымкі.
Менавіта па гэтай прычыне адвэнтава-калядны нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны сямейным каштоўнасцям і дару жыцця.
«Бацькі павінны старацца, каб сям’я была малым Касцёлам, дзе шануюць Бога», — сказаў святы Аўгустын. Гэтаю думкаю прасякнуты многія публікацыі снежаньскага нумара і з гэтага выслоўя распачаў таксама свае разважанні айцец Юрый Кулай OCD пра першае «памяшканне» Бога на зямлі і першае «жытло» кожнага чалавека — улонне жанчыны-маці, асвячанае Богам, пра што нагадвае нам перыяд Адвэнту і ўрачыстасць Божага Нараджэння (артыкул «Благаслаўлёнае ўлонне»). Ксёндз Андрэй Рылка ў публікацыі «Чаму Марыя Беззаганна Зачатая?» распавядае пра сутнасць догмату Беззаганнага Зачацця, зацверджанага 170 гадоў таму, і пра яго вялікае значэнне ў каталіцкай традыцыі. На гэтую тэму разважае таксама ксёндз Канстанцін Анашка MIC у артыкуле «Пад апекаю Беззаганнай».
Глыбокія сведчанні пра будаванне сям’і паводле хрысціянскіх прынцыпаў, перажыванне радасці і болю з Езусам Хрыстом чытачы знойдуць у публікацыях «Поўныя любові, радасці, цеплыні і святла» (інтэрв’ю Іны Бігель з сям’ёю Гесць) і «Праз цярпенні — да Бога» (Галіна Калевіч распавядае пра сям’ю Цалко).
Паліна Грыб у артыкуле «Божы дар для сужэнцаў, адзін для дваіх» шчыра дзеліцца сваімі думкамі пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца сучасны малады католік у перажыванні сексуальнай сферы свайго жыцця.
Тым часам у разважаннях айца Яцка Салія ОР пад загалоўкам «Якая Касцёлу справа?» (артыкул публікуецца ў перакладзе з польскай мовы на беларускую) уздымаецца важнае пытанне пра тое, чаму Касцёл падрабязна гаворыць пра сексуальную этыку і прынцыпы сужэнскага жыцця, хоць на першы погляд здаецца, што гэта прыватная сфера кожнага чалавека.
Чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Старонка псіхолага», «Нам пішуць», рэпартажы і сведчанні, верш Караля Вайтылы (Яна Паўла ІІ) у перакладзе на беларускую мову Крыстыны Лялько, вершы вядомых паэтак Дануты Бічэль і Ірыны Багдановіч, а на апошніх старонках вокладкі — «Малітвы за сям’ю».