17 снежня ў парафіі cвятога Андрэя Баболі ў Полацку адбылася перадкалядная сустрэча святароў і манаскіх асобаў з усёй Віцебскай дыяцэзіі.
Як паведамяляецца на сайце Catholicnews.by, у межах сустрэчы яе ўдзельнікі мелі магчымасць вырашыць бягучыя пытанні з прадстаўнікамі, пасля чаго сабраныя святары і сёстры праслухалі канферэнцыі.
Ксёндз Сяргей Більдзіс SAC з Талачына засяродзіў увагу законных сясцёр на чалавечнасці ў супольнасці. Святар падкрэсліў, што настаяцельніца ў кляштары найперш павінна імкнуцца стаць маці для сясцёр. Законнік дадаў, што, нягледзячы на розныя выпрабаванні, трэба старацца быць добрым чалавекам, добрай жанчынай і тады атрымаецца быць добрай законніцай.
Ксёндз Аляксандр Жарнасек МІС, прамаўляючы да святароў, казаў пра мэтанакіраванасць.
«Чалавек кідаецца ў розныя крайнасці і часам губляецца Хрыстус, які павінен быць у цэнтры жыцця. Калі няма мэтанакараванасці, то згубіць Бога вельмі лёгка, і гэта небяспечна», — падкрэсліў святар. Ён заахвоціў заўсёды перад рэалізацыяй розных ідэй і пастырскіх ініцыятыў задаваць сабе пытанне: «А ці вядзе гэта да Хрыста?»
Пасля канферэнцый адбылося выстаўленне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, асабістая малітва ў цішыні.
Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебравалі ўсе прысутныя святары на чале з біскупам Буткевічам.
Падчас арганізацыйнай часткі пастырскай сустрэчы былі прадстаўлены бліжэйшыя запланаваныя ў Віцебскай дыяцэзіі мерапрыемствы: Дыяцэзіяльны фестываль батлеек у Віцебску, які пройдзе 26 снежня, і фестываль «Зорка Бэтлеема», які пройдзе ў Мёрах 3 студзеня.
З нагоды Юбілею Святога 2025 года, які абвясціў Папа Францішак, біскуп Буткевіч устанавіў у Віцебскай дыяцэзіі юбілейныя святыні, за наведванне якіх можна атрымаць адпусты.
Ксёндз канонік Аляксей Ляшко зачытаў адпаведны дэкрэт біскупа, а таксама ўручыў пробашчам парафій памятныя знакі Юбілею.
Заключнай часткай перадкаляднай пастырскай сустрэчы стала дзяленне традыцыйнымі аплаткамі, падчас якога святары і кансэкраваныя асобы абмяняліся святочнымі пажаданнямі на Божае Нараджэнне.