Пошук

19.06.2023 10:58   Тэкст: Марыя Кукліс / Фота: Анастасія Міцкевіч, Марыя Кукліс, Юлія Францкевіч / Catholic.by

У пятніцу 16 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ў Фаніпалі (Стаўбцоўскі дэканат) з нагоды парафіяльнага адпусту.

Служэнне ў маладой парафіі горада-спадарожніка беларускай сталіцы, які апошнім часам хутка расце і развіваецца, нясуць святары з законніцкай супольнасці Місіянераў Святой Сям’і.

Тутэйшыя вернікі на чале са сваім пробашчам ксяндзом Дзянісам Шастаковічам MSF сустракалі шаноўнага госця каля крыжа і фігуры Маці Божай з Ля-Салет побач са святыняй, якая ўсё яшчэ будуецца. Адтуль у працэсіі перайшлі ў капліцу, што знаходзіцца ў дольнай частцы касцёла, дзе прывіталі арцыпастыра хлебам-соллю і распавялі яму пра гісторыю будаўніцтва святыні.

Пасля адбылася ўрачыстая святая Імша, падчас якой іерарх разам з іншымі святарамі, якія прыбылі на свята, маліўся ў інтэнцыі парафіяльнай супольнасці.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў выключную ролю фундамента, падмурка: не толькі цэментнага, на якім узводзяцца велічныя сцены, але перадусім Таго, на якім людзі як жывыя камяні складаюць нерукатворную святыню Касцёла Божага.

На заканчэнне Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі ўручыў лісты падзякі самым актыўным вернікам парафіі: тым, хто розным чынам удзельнічае ў жыцці супольнасці і прыкладае намаганні, каб будаўніцтва святыні нарэшце завяршылася.

З прычыны таго, што фаніпальская парафія мае падвойны тытул, адпустовая ўрачыстасць працягнулася і на другі дзень, у суботу, калі Касцёл ушаноўвае Беззаганнае Сэрца Марыі.

Пасля святой Імшы парафіяне і госці сабраліся на касцёльным падворку, дзе адбыўся майстар-клас па пляценні вяночкаў. Можна было таксама паспяваць і патанчыць разам з гуртом Verbum Dei і паласавацца пачастункам ад мясцовых гаспадынь.

          
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа