У нядзелю 29 снежня, у свята Святой Сям’і, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбыўся Першы парафіяльны фестываль сям’і.
Як паведамяляецца на сайце Catholicnews.by, на працягу некалькіх тыдняў да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве вернікаў заахвочваў пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Валерый Марціноўскі, каб у творчай форме расказаць пра сябе, сваю сям’ю, падрыхтаваць пачастунак і бліжэй пазнаёміцца паміж сабой.
Святар падкрэсліваў, што парафія — гэта вялікая сям’я, у якой кожны мае сваё месца і заданні.
Са словам прывітання да ўдзельнікаў Першага парафіяльнага фестывалю сям’і звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, запрасіўшы ўсіх да супольнага святкавання.
Свята сям’і у парафіяльнай супольнасці — гэта спроба аб’яднаць людзей у імкненні захаваць сапраўдныя каштоўнасці, духоўна ўзбагаціцца. Яго мэта — папулярызацыя традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, умацаванне інстытута сям’і і повязі пакаленняў. Сям’я — гэта цудоўная і шчаслівая дарога, на якой людзям спадарожнічае Пан Бог.
У межах фестывалю адбыўся канцэрт. Першыя калядкі ўдзельнікі спявалі пад баян разам з аніматарам Крысцінай Ефімовіч, якая прыехала ў Віцебск з Будслава. Разам з біскупам Буткевічам яны выканалі калядку «Ночка ціхая зарыста». Падарункам для гасцей і ўдзельнікаў было таксама віншаванне ад ксяндза каноніка Віктара Місевіча, які заспяваў калядку, аўтарам якой з’яўляецца сам.
Сем’і парафіі, якія бралі ўдзел у фестывалі, расказвалі пра сябе ў творчай форме. Разнастайнасць творчых форм аб’яднала галоўная думка: сям’я — гэта тое, на чым трымаецца наша мінулае, сучаснасць і будучыня. Усе ахвотныя падзяліліся сваімі талентамі: спевы, танцы, ігра на музычных інструментах, вершы і іншыя праявы творчасці.
На заканчэнне мерапрыемства дзецям, якія ўдзельнічалі ў катэхезе, біскуп Алег Буткевіч раздаў падарункі, а таксама адзначыў найбольш руплівых вернікаў падзякай за актыўны ўдзел у жыцці Касцёла і парафіі.
Свята працягнулася ў парафіяльнай кавярні, дзе можна было пакаштаваць хатнюю выпечку, прыгатаваную ўдзельнікамі фестывалю.