Пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы выказаў спачуванні пацярпелым і сем’ям ахвяраў тэракту, які адбыўся ўвечары 22 сакавіка ў канцэртнай зале ў Падмаскоўі.
Зварот арцыбіскупа Пэццы быў апублікаваны на сайце Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Расіі catholic-russia.ru.
Іерарх перадусім выказаў свае «найглыбейшыя спачуванні родным ахвяраў і падтрымку ўсім, хто пацярпеў у гэтай страшэннай трагедыі».
«Сёння нашыя сэрцы напоўнены жахам і болем, але не дазволім ім прымусіць нас забыцца, што наша жыццё і жыццё ўсіх людзей знаходзіцца ў руках Бога. І Вялікі тыдзень, у які Каталіцкі Касцёл уваходзіць ужо заўтра, нагадвае нам пра тое, што смерць — гэта не апошняе слова, што Хрыстус перамагае смерць», — падкрэсліў арцыпастыр.
Ён дадаў, што Бог не вызваляе ад пакут, але праходзіць праз іх разам з людзьмі: «Адказ Бога на пакуты чалавека — гэта прысутнасць, поўная любові».
Арцыбіскуп заахвоціў вернікаў да малітвы «аб выратаванні тых, чыё жыццё яшчэ застаецца ў небяспецы, аб вечным супакоі для загінулых, аб дапамозе і ацаленні для пацярпелых і аб мужнасці і цярплівасці для ўсіх, хто пакліканы аказваць ім дапамогу».
«Прашу вас, не ўпадайце ў роспач і будзьце гэтай поўнай любові прысутнасцю Хрыста там, дзе вы знаходзіцеся, будзьце сведкамі надзеі ў гэтыя змрочныя часы», — заахвоціў арцыбіскуп Паоло Пэццы, заклікаўшы на заканчэнне звароту праяўляць належную ўвагу і разважлівасць дзеля асабістай і грамадскай бяспекі.
У Пальмовую нядзелю таксама ў многіх касцёлах Беларусі па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага маліліся за пацярпелых у тэракце ў Падмаскоўі.