Пошук


8 лістапада ў Маскве адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю з часу судовага працэсу над каталіцкім духавенствам, які праходзіў з 21 па 26 сакавіка 1923 года.

У памяшканні курыі архідыяцэзіі Маці Божай сабраліся прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Армянскай Апостальскай Царквы, Рускай Праваслаўнай Царквы, Духоўнага ўпраўлення мусульман Расіі, а таксама дыпламаты, навукоўцы і іншыя асобы. 

Галоўнаяй тэмай сустрэчы стаў пераслед каталіцкіх святароў з тагачаснага Петраграда (сёння Санкт-Пецярбург), які скончыўся судовым працэсам.

Па судовым прысудзе ад 31 сакавіка 1923 года быў расстраляны пецярбуржскі дэкан, пробашч касцёла святой Кацярыны Канстанцін Будкевіч. Абцыбіскуп Магілёўскай архідыяцэзіі Ян Цепляк, экзарх Расійскай грэка-каталіцкай царквы айцец Леанід Фёдараў і яшчэ адзінаццаць святароў былі асуджаны на розныя тэрміны турэмнага зняволення.

Канферэнцыю распачаў арцыбіскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Паоло Пэццы. Гаворачы аб працэсах 1923 года, якія паклалі пачатак масавым рэпрэсіям супраць рускіх католікаў, іерарх адзначыў, што гэты працэс «унёс нешта абсалютна хітрае, падступнае, д’ябальскае», прадставіўшы справу так, быццам абвінавачаных пераследавалі не за веру, а за антысавецкую дзейнасць». І сёння, калі «хрысціянства перажывае цяжкія часы, калі ёсць спробы выключыць яго з жыцця грамадства», разважанне над тымі падзеямі «можа стаць стымулам для нашага сведчання», — дадаў арцыбіскуп.

Расійскі іерарх згадаў свой нядаўні ўдзел у Сінодзе Біскупаў у Рыме і адзначыў, што тэма сведчання была там адной з асноўных.

Паводле яго словаў, галоўнае ў сведчанні — гэта праява хрысціянскага адзінства: «Няма нічога мацнейшага за гэты заклік цяпер <…>, людзі шукаюць менавіта гэтага». 

Супрацоўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату айцец іерадыякан Пётр (Ахматханаў) перадаў прысутным прывітанне ад старшыні гэтай установы мітрапаліта Валакаламскага Антонія (Сеўрука). 

Прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы згадаў пра пераслед за веру ў многіх краінах у наш час, падкрэсліўшы актуальнасць сведчання новамучанікаў розных канфесій у ХХ стагодзі, і ў гэтым кантэксце працытаваў словы з сумеснай Дэкларацыі Папы Францішка і Патрыярха Кірыла ад 2016 года: «Мы верым, што мучанікі нашага часу, якія паходзяць з розных краін, але аб’яднаныя агульным мучаніцтвам, з’яўляюцца перадумовай адзінства хрысціянаў».

Прывітанне Апостальскага Нунцыя ў Расіі арцыбіскупа Джавані Д’Аньела перадаў супрацоўнік нунцыятуры ксёндз Ігар Чабанаў.

 

На канферэнцыі з дакладамі выступілі доктар Яўгенія Токарава і Аляксандар Бяглоў з Расійскай акадэміі навук (РАН),  а таксама релігіявед Аляксей Юдзін з Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта (РГГУ), гісторыкі доктар Валянціна Бялкоўская і Анастасія Мядзведзева з Санкт-Пецярбурга, даследчык Аляксандар Сяліцкі з Кубанскага ўніверсітэта.

Спецыялісты распавядалі пра становішча рускіх католікаў таго часу, пра пераслед і нацыяналізацыю касцёльнай маёмасці. Удзельнікі канферэнцыі даведаліся аб падрабязнасцях судовага прэсу 1923 года, а таксама пра людзей, якія спрабавалі спыніць цяжкія прысуды. 

Даклады выклікалі цікавасць у прысутных, якія актыўна абмяркоўвалі іх і задавалі пытанні. 

Завяршылася канферэнцыя супольнай малітвай «Тваёй абароне аддаемся» і благаслаўленнем арцыбіскупа Паоло Пэццы.

Пасля ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў музей Рымска-каталіцкай архідыяцэзіі Маскоўскай Божай Маці, размешчаны ў крыпце маскоўскай катэдры, дзе адкрылася выстава, прысвечаная рэпрэсаваным больш за сто гадоў таму рускім католікам.

Абноўлена 13.11.2023 17:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця