
20 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне распачаўся новы навучальны год. З гэтай нагоды прапануем Вашай увазе агляд відэаматэрыялаў на тэму паклікання да служэння Богу і людзям у Касцёле, якія, магчыма, для кагосьці стаць штуршком да разважання над уласным жыццёвым пакліканнем.
Святарская фармацыя ў Беларусі
Пра існаванне семінарыі ў Беларусі ведае, бадай, кожны католік: менавіта яна рыхтуе тых, хто падае вернікам Божае слова і Эўхарыстычны хлеб, ― святароў.
Але як выглядае навучальны працэс у сценах семінарыі? Чым характарызуецца штодзённасць семінарыстаў? І галоўнае, хто яны, гэтыя людзі, што выбралі шлях да святарства? Гэтыя і іншыя пытанні цікавяць як шараговага католіка, так і патэнцыйнага абітурыента. Адказ на іх спрабуем знайсці ў відэа пра Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю.
«Семінарысты»
Гэта фільм ад уoutube-канала «Радыё Марыя», які выйшаў у чэрвені бягучага года, дзе гледачоў са сваёй alma mater знаёмяць самі будучыя святары. Вас чакае экскурсія па былым кляштары айцоў бэрнардынаў, дзе месціцца семінарыя, побач з самым старажытным на сённяшні момант у Гродне касцёлам Адшукання Святога Крыжа (т. зв. пабэрнардынскім). Семінарысты з гонарам паказваюць сваю бібліятэку на 28 тысяч экзэмпляраў, куды, дарэчы, можа запісацца кожны жадаючы, і знакаміты «квадрат» ― месца іх адпачынку і сузірання прыгожых заходаў сонца да наступлення silentium sacrum («святога маўчання»).
Вам удасца зазірнуць таксама і ў семінарыйную капліцу, даведацца пра падзел абавязкаў сярод семінарыстаў і колькасць іх штодзённых малітваў, віртуальна наведаць барочныя аўдыторыі («аўлі»), актавую залу і сталоўку з партрэтнай галерэяй рэктараў семінарыі, паслухаць, якія прадметы і канферэнцыі выклікаюць у семінарыстаў найбольшую цікавасць. Але не прыгажосць сценаў семінарыі ўражвае ў фільме найбольш, а глыбіня разважанняў аб святарскім пакліканні і сур’ёзнасць намераў тых, хто сёння праходзіць там фармацыю.
«Падарожжа па гродзенскай семінарыі»
З не меншай цікавасцю заглянуць углыб 35-гадовай гісторыі духоўнай навучальнай установы ў Гродне можна таксама ў архіўнай перадачы «Падарожжа па гродзенскай семінарыі» з цыклу «Каталіцкія святыні», якая некалі выходзіла на беларускім тэлебачанні. Адкрыццём для гледача можа стаць тое, што першае пакаленне семінарыстаў прымала самы актыўны ўдзел у аднаўленні колішніх бэрнардынскіх муроў. Не менш уражвае і колькасць тых, хто прыйшоў навучацца на першы курс ― 42. Пра нялёгкія, але натхняльныя пачаткі першай у тагачасным СССР семінарыі распавядаюць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, выкладчыкі семінарыі.
«Школа Хрыста»
Яшчэ адна архіўная цікавостка ― відэа ад youtube-канала «catholicby» пра нядзейную сёння, але вельмі важную для гісторыі святарскай фармацыі ў Беларусі Пінскую семінарыю імя святога Тамаша Аквінскага. Установа, якую заснаваў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, упершыню адчыніла свае дзверы для будучых пастыраў Божага люду 100 гадоў таму, калі булаю Папы Пія XI была створаная Пінская дыяцэзія, якая сёлета адзначае свой юбілей. Толькі ў перыяд з 1925 па 1939 года са сцен семінарыі выйшла больш за 90 святароў, сярод якіх былі не толькі адданыя душпастыры і носьбіты акадэмічных тытулаў, але і мучанікі за веру (благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч, Гжэгаж Каласоўскі, Станіслаў Рыжка і інш.). У фільме можна пабачыць і пачуць аднаго з самых знакамітых выпускнікоў Пінскай семінарыі ― святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка ― і шмат святароў, якія сёння плённа нясуць служэнне ў Беларусі і за яе межамі.
Манаства ў Беларусі
«Пакліканыя»
Хутка фармацыйны год распачнецца таксама ў манаскіх семінарыях. Зірнуць па-новаму на гэты від паклікання ― манаства ― запрашае нядаўна створаны канал «Пакліканыя»: у кароткіх роліках у нязмушаным фармаце манаскія асобы дзеляцца сведчаннем пра сваё пакліканне і разважаюць пра яго сутнасць, разбураюць міфы пра кансэкраванае жыццё, удзельнічаюць у бліц-апытаннях, ― для шырокай аўдыторыі гэта выдатная магчымасць знаёмства з тымі, хто служыць Богу асаблівым чынам.
Праект @paklikanyja існуе ў Instagram, TikTok і Youtube.
Духоўная адукацыя ў Расіі
«Пакліканне, што змяняе жыццё»
У інтэрв’ю мансеньёр Сяргей Цімашоў, былы рэктар адзінай каталіцкай семінарыі ў Расіі пад назвай «Марыя ― Каралева Апосталаў», што знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, распавядае пра новыя адукацыйныя магчымасці для святароў, дыяканаў і свецкіх. Вочнае навучанне ў дыстанцыйным фармаце скарачае адлегласці, эканоміць час і, як паказвае практыка, не саступае па якасці офлайн-фармату. Праслухаць 30 акадэмічных гадзін лекцый штотыдзень можна ў зручны для сябе час.
Вядома, прайсці святарскую фармацыю такім чынам нельга, аднак атрымаць ступень бакалаўра па тэалогіі на расійскай мове ва ўстанове, якая з’яўляецца філіялам Папскага Латэранскага ўніверсітэта, цяпер магчыма для ўсіх жадаючых, у тым ліку з суседніх краін. Можна таксама праслухаць курс лекцый толькі па абраных прадметах у якасці вольнага слухача. Падрабязную інфармацыю можна знайсці таксама на сайце ўстановы http://www.cathseminary.ru/.
Замежжа
Завяршае нашу падборку відэаматэрыялаў пра пакліканне некалькі вартых увагі кароткіх дакументальных стужак вытворчасці CRTN (Catholic Radio and Television Network), перакладзеных и агучаных расійскай студыяй «Благавест».
«Семінарысты ― рыбакі людзей»
У гэтым фільме евангельскае абяцанне Хрыста «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей» (Мц 4, 19) становіцца лейтматывам у пошуку адказаў на пытанне, чаму варта абраць няпросты і высакародны шлях святарства. Семінарыст з Бразіліі, дыякан з Нідэрландаў і святар з Нігерыі расказваюць пра абставіны свайго жыццёвага выбару і радасці і цяжкасці свайго служэння.
«Усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёю»
Яшчэ адзін фільм ад гэтага ж вытворцы, дзе гучаць галасы каталіцкіх святароў з розных куткоў свету: Сербія, Венесуэла, Бразілія, Ліван, Нігерыя. Свае гісторыі паклікання расказваюць тыя, хто вырас у веруючай і няверуючай сям’і, хто марыў пра працу ў сферы міжнародных адносін і хто займаўся жывёлагадоўляй на берагах Амазонкі… Сярод мноства сцяжын яны здолелі распазнаць тую, на якую запрашаў Пан Бог.
«Незвычайныя жанчыны»
Дзеці, што засталіся без бацькоўскай апекі, пажылыя людзі, якія страцілі ўсіх блізкіх падчас грамадзянскай вайны, найбяднейшыя слаі насельніцтва, бежанцы ― пра сваё служэнне распавядаюць законныя сёстры з розных манаскіх кангрэгацый у Расіі, Руандзе, Пакістане. У сведчанні пра прабачэнне і Божую любоў у асяроддзях, поўных болю і драматызму, сёстры знаходзяць сапраўднае шчасце.







