28 снежня ў Брэсце (Пінская дыяцэзія), адбылося пасвячэнне новага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў мікрараёне Рэчыца.
Будаўніцтва святыні тут распачалося ў 2016 годзе, у 2020 годзе касцёл благаславілі, а ў 2022 годзе будаўніцтва было завершана.
Цэлебрацыю святой Імшы з абрадамі пасвячэння касцёла ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім у цэлебрацыі ўдзельнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, святары і вернікі.
Пры ўваходзе ў касцёл іерархаў прывітаў пробашч рэчыцкай парафіі ксёндз Юрый Хіневіч разам з парафіянамі, пасля чаго адбылося сімвалічнае адкрыццё дзвярэй святыні.
Гамілію прамовіў біскуп Зноска. Адзначыўшы, якое важнае значэнне ў жыцці парафіяльнай супольнасці і кожнага верніка мае касцёл, іерарх прыгадаў словы з аднаго фільма, дзе пажылая жанчына задае рытарычнае пытанне: «Навошта дарога, якая не вядзе да святыні?»
«Няхай жа дарога да гэтай святыні ніколі не зарастае!» — выказаў пажаданне біскуп Андрэй Зноска.
Падчас абраду пасвячэння іерархі намасцілі алеем алтар і сцены ў сімвалічных чатырох вуглах сакральнага будынку. Напрыканцы Імшы на алтары быў падпісаны афіцыйны дакумент аб здзейсненым пасвячэнні касцёла.
На заканчэнне літургіі пробашч парафіі ад імя ўсіх вернікаў падзякаваў біскупам за пасвячэнне святыні, а таксама ўсім тым, хто прычыніўся да яе будаўніцтва.
Неаднаразова з вялікай удзячнасцю ўдзельнікі пасвячэння ўспаміналі біскупа Казіміра Велікасельца, які не змог прысутнічаць разам з імі ў гэты гістарычны дзень, але зрабіў вялікі ўнёсак у тое, каб у брэсцкім мікрараёне Рэчыца з’явіўся касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.
Паколькі пасвячэнне касцёла адбывалася ў перыяд Нараджэння Пана, пасля святой Імшы іерархі па добрай традыцыі падзяліліся аплаткамі з прысутнымі вернікамі.