11 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, прыняў удзел у трэцяй Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 77-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго.
Як паведамляе агенцтва БЕЛТА, на канферэнцыі таксама прысутнічалі кіраўнікі асноўных канфесій Беларусі. Яны заклікалі асэнсаваць урокі гісторыі і зрабіць глыбокія і сумленныя вывады, а таксама звярнулі ўвагу на пытанні, якія сёння стаяць перад грамадствам: як данесці да шырокай аўдыторыі, асабліва моладзі, маштабы генацыду беларускага народа, як эфектыўна процістаяць любым спробам фальсіфікацыі гісторыі, што яшчэ трэба зрабіць, каб трагічныя падзеі ніколі не паўтарыліся. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні немагчымы без адкрытага, шчырага і публічнага дыялогу, навуковых даследаванняў і цеснага супрацоўніцтва зацікаўленых як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.
Звяртаючыся да гісторыі, у першыя дні вайны пад Мінскам, у Драздах, быў створаны канцлагер, у які акупанты сагналі больш за 100 тысяч ваеннапалонных, а таксама цывільнае насельніцтва. Лагер быў ліквідаваны ў верасні 1941 года. За тры месяцы яго існавання каля 10 тысяч вязняў былі расстраляны або памерлі ад голаду. І гэта толькі невялікі эпізод у рабоце бязлітаснай сістэмы знішчэння людзей, сапраўднай машыны смерці, створанай фашыстамі на тэрыторыі Беларусі і іншых савецкіх рэспублік у гады вайны.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі сардэчна прывітаў усіх удзельнікаў канферэнцыі і адзначыў важнасць гэтай падзеі, якая аб'ядноўвае навукоўцаў, правазнаўцаў, прадстаўнікоў судовай улады і рэлігійных аб'яднанняў дзеля міру, справядлівасці і годнасці кожнага чалавека.
У сваім звароце Мітрапаліт падкрэсліў, што Святое Пісанне нагадвае нам аб каштоўнасці жыцця і адказнасці ахоўваць слабых: «Не забі» (Зых 20, 13) і запаведзь «Любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Лев 19, 18; Мц 22, 39). Паводле яго слоў, гэтыя прынцыпы ляжаць у аснове любога правапарадку і служаць таксама маральным арыенцірам дзейнасці Касцёла.
Іерарх адзначыў, што Канвенцыя ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго — важны інструмент міжнароднага супрацоўніцтва, які патрабуе павагі суверэнітэту дзяржаў, яснасці прынцыпаў і эфектыўнай каардынацыі паміж інстытутамі.
«Права без адказнасці губляе сэнс; адказнасць без спагады — няпоўная справядлівасць. Няхай наша канферэнцыя стане платформай для канструктыўнага абмену думкамі і выпрацоўкі канкрэтных, дзейсных рэкамендацый»,— падкрэсліў арцыбіскуп.
Напрыканцы свайго звароту арцыпастыр выказаў падзяку арганізатарам за ініцыятыву абмеркаваць пытанні прадухілення генацыду і механізмаў пакарання: «Няхай удзел экспертаў прынясе практычныя вынікі: узмацненне прафілактыкі, павышэнне эфектыўнасці правапрымянення і выхаванне грамадства, дзе каштоўнасць жыцця прызнаецца ва ўсіх яе праявах».







