Пошук

29.09.2026 11:05   Кс. Аляксандр Амяльчэня, Марыя Валодзіна / Vatican News BY / Vatican News

Фота: www.vaticannews.va

Чацвёрты і апошні дзень апостальскага падарожжа папы Льва XIV у Францыю стаў такім жа насычаным на падзеі і разважанні, як і папярэднія дні яго візіту ў гэтую краіну. Пантыфік распачаў 28 верасня ў Люрдзе сустрэчай з ахвярамі злоўжыванняў у Касцёле, працягнуў у Мецы — горадзе на мяжы з Люксембургам, які доўгі час быў прадметам спрэчак паміж Францыяй і Германіяй, — дзе ўзяў удзел у міжрэлігійнай сустрэчы, выступіў на мерапрыемстве ў памяць пра Робера Шумана і ўзначаліў Імшу ў катэдры святога Эцьена. Завяршыўся візіт Пантыфіка развітаннем з прэзідэнтам Эмануэлем Макронам у аэрапорце Меца — Нансі — Латарынгія і вылетам у Рым. 

Сустрэча, якая працягнулася даўжэй за запланаванае 

Яшчэ напярэдадні ўвечары, 27 верасня, у біскупскім доме ў Люрдзе Леў XIV сустрэўся з людзьмі, якія сталі ахвярамі злоўжыванняў з боку прадстаўнікоў Касцёла. Сярод іх былі чатыры мужчыны і тры жанчыны, якія мелі розны досвед злоўжыванняў у парафіях, школах, манаскіх супольнасцях і рухах. Сустрэча працягвалася дзве гадзіны — з 17.30 да 19.30 — і прайшла ў прысутнасці біскупа Жэрара Ле Стана, старшыні Рады па прафілактыцы і барацьбе з злоўжываннямі пры епіскапаце Францыі. 

Папа асабіста і сам-насам сустрэўся з кожным з сямі асоб. Паводле паведамлення Залы Друку Святога Пасада, ён выслухаў іх гісторыі, боль і пакуты, якія ў некаторых выпадках суправаджаліся маўчаннем або змоўніцтвам тых, хто мог дапамагчы. Удзельнікі таксама прадставілі свае прапановы, каб такога роду зло не паўтаралася.  

Як паведамляе  Vatican News, першапачаткова планавалася, што сустрэча працягнецца каля гадзіны — на асабістыя размовы было адведзена ў сярэднім каля 15 хвілін на чалавека, аднак у выніку размова і малітва занялі амаль дзве. Папа не толькі выслухаў падрабязныя гісторыі і задаваў дакладныя пытанні, але  пасля пачутага нават прызнаўся, што гісторыі ахвяр глыбока яго ўразілі і паранілі. 

Імёны 5 з 7 удзельнікаў сталі вядомымі. Гэта 80-гадовы Жан-Мары Дэльбо, адзін з ключавых сведак у справе каледжа Нотр-Дам-дэ-Бэтарам; Жэром Гіёман, які ў падлеткавым узросце стаў ахвярай святара са сваёй парафіі; Веранік Гарнье з калектыву «Foi & Résilience»; Аліўе Мардзі, актывіст і сузаснавальнік «Voix Libérées de Touraine»; і кардыёлаг Бертран Вір’ё, заснавальнік былой ліёнскай асацыяцыі «La Parole Libérée». Двое іншых удзельнікаў пажадалі застацца ананімнымі, сярод іх — чалавек, які стаў ахвярай абата П’ера. 

Сямёра ўдзельнікаў былі адабраныя французскім епіскапатам і Канферэнцыяй мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцей Францыі пасля размоў прыкладна з 40 асобамі і групамі. Невялікая колькасць удзельнікаў была абумоўленая жаданнем стварыць умовы для сапраўднага абмену, якога хацеў сам Леў XIV. Група таксама перадала Папу лісты ад некаторых асоб і аб’яднанняў, з якімі кантактавала Служба абароны непаўналетніх пры біскупскай канферэнцыі. 

Удзельнікі асабліва адзначылі ўважлівасць і эмпатыю Папы. Бертран Вір’ё назваў сустрэчу падзеяй, водгук якой выходзіць за межы Францыі, а Жан-Мары Дэльбо распавёў пра асабліва эмацыянальны момант, калі Папа абняў яго пасля таго, як убачыў яго стан. 

Для Дэльбо сустрэча мела асаблівае значэнне і ў рэлігійным плане. Ён распавёў, што пасля дзесяцігоддзяў няўдзелу ў Імшы ўпершыню за 60 гадоў прысутнічаў на Эўхарыстыі, якую цэлебраваў Папа. Пасля благаслаўлення Льва XIV ён, паводле яго ўласных слоў, зрабіў знак крыжа, хоць называе сябе атэістам. 

Асобна ўдзельнікі сустрэчы адзначылі, што Леў XIV разумее сістэмны характар злоўжыванняў і ведае, што змены патрабуюць часу. «Ён не наіўны, ведае, што гэта будзе працягвацца і што трэба захоўваць пільнасць», — перадаў Гіёман свае ўражанні ад размовы. 

Пасля індывідуальных размоў Святы Айцец сустрэўся з усімі ўдзельнікамі ў адной зале біскупскага дома. Ён падзякаваў ім за сведчанні і пацвердзіў сваю рашучасць працаваць дзеля таго, каб перажытае імі зло не паўтарылася з іншымі. Папа таксама выказаў сваю блізкасць да ўсіх, хто носіць у сабе раны злоўжыванняў, і пажадаў, каб супольнасць вернікаў станавілася ўсё больш і больш месцам суцяшэння і аздараўлення. 

Праблему злоўжыванняў Леў XIV закрануў яшчэ раніцай 27 верасня падчас сустрэчы з французскімі біскупамі. Ён назваў злоўжыванні адносна непаўналетніх з боку духавенства або ў касцёльным асяроддзі «балючай навалай» і заклікаў захоўваць «максімальную пільнасць». Папа адзначыў рашучасць, з якой Канферэнцыя Біскупаў Францыі прыняла меры ў адказ на сведчанні ахвяр. Ён заклікаў працягваць ужо распачаты шлях. Увечары ў Люрдзе гэтыя словы атрымалі канкрэтнае чалавечае вымярэнне. 

Мец: міжрэлігійная сустрэча ў Кангрэс-цэнтры імя Робера Шумана

Пасля Люрда Леў XIV накіраваўся ў Мец, горад на мяжы Францыі з Люксембургам, дзе ў кангрэс-цэнтры імя Робера Шумана сустрэўся з прадстаўнікамі розных рэлігійных традыцый. Папа нагадаў, што гэты горад, які на працягу гісторыі быў месцам сяброўства розных культур, і сёння можа стаць прасторай для дыялогу, сяброўства і міру. 

Звяртаючыся да прысутных, ён таксама прыгадаў Робера Шумана, аднаго з заснавальнікаў Еўрапейскай супольнасці, які, паводле Папы, здолеў ператварыць былыя лініі падзелу ў «масты надзеі» для Еўропы. 

Леў XIV падкрэсліў, што дыялог паміж людзьмі розных рэлігій не аслабляе ўласную ідэнтычнасць, а дазваляе выяўляць яе з прастатой і праўдай, адкрываючыся на адрозненні іншага.

Спасылаючыся на словы папы Францішка з энцыклікі «Fratelli tutti» пра тое, што міжрэлігійны дыялог павінен весці не толькі да ветлівасці ці талерантнасці, але да сяброўства і міру, Леў XIV адзначыў важнасць дыялога. Менавіта гэты сродак камунікацыі дапамагае ўспрымаць адрозненне не як пагрозу, а як магчымасць сустрэчы, якой асабліва патрабуе сучасны свет. 

Пры гэтым Пантыфік асудзіў выкарыстанне імя Бога для апраўдання насілля і прыгнёту, назваўшы гэта апаганьваннем Божага імя. Прадстаўнікі розных рэлігійных традыцый павінны імкнуцца, каб рэлігійная мова абяззбройвала сэрцы і словы, а не спрыяла варожасці.

«Веліч цывілізацыі вымяраецца не яе матэрыяльнымі поспехамі, а тым, як яна акружае, абараняе і ўзвышае чалавечую асобу»,

— адзначыў Пантыфік. Плённасць рэлігійных традыцый выяўляецца ў іх здольнасці абараняць, падтрымліваць і служыць жыццю, асабліва клапоцячыся пра найбольш уразлівых людзей. А для Касцёла спадарожнікамі з’яўляюцца ўсе, хто шчыра шукае праўду, дабро і прыгажосць.  

Святы Айцец падзякаваў прадстаўнікам розных рэлігій за прысутнасць і блізкасць, заклікаў іх заставацца ў сваіх супольнасцях стваральнікамі міру і сведкамі надзеі, якая павінна ўзрастаць у свеце. 

«Да каранёў Еўропы — дзеля міру і адзінства»

Пасля міжрэлігійнай сустрэчы Леў XIV прыняў удзел у мерапрыемстве «Да каранёў Еўропы — дзеля міру і адзінства» ў Канферэнц-цэнтры імя Роберта Шумана, дзе выступіў са сваёй прамовай. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Францыі кардынал Жан-Марк Авелін і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.  

Напачатку Папа ўзгадаў імя аднаго з айцоў-заснавальнікаў сучаснай Еўропы — Роберта Шумана, які жыў і быў пахаваны ў гэтым рэгіёне, Мозелі, і менавіта адсюль чэрпаў натхненне для сваёй працы дзеля прымірэння і адзінства еўрапейскага кантынента. Яго Дэкларацыя 9 мая 1950 года стала адным з зыходных пунктаў стварэння сучаснай Еўропы. 

Пантыфік адзначыў, што даць вызначэнне Еўропе заўсёды няпроста. Еўрапейская ідэнтычнасць фармавалася паступова, праз узаемадзеянне эліністычнай цывілізацыі, Рымскай імперыі, хрысціянства, германскіх і славянскіх культур.

Еўропу варта разумець найперш як культурную і гістарычную рэальнасць, бо яе контуры на працягу стагоддзяў змяняліся. Аднак праз усю яе доўгую і бурную гісторыю праходзіць адна нязменная выснова: Еўропа квітнела тады, калі ўмела чарпаць найлепшае са свайго мінулага і творча пераасэнсоўваць гэта праз сустрэчу з іншымі. 

Гаворачы пра вытокі Еўропы, Святы Айцец згадаў святога Бэнэдыкта, якога Павел VI у 1964 годзе абвясціў апекуном Еўропы, назваўшы яго «веснікам міру, творцам адзінства, настаўнікам цывілізацыі». Папа звярнуў увагу на вялікі ўплыў бэнэдыктынскай традыцыі на развіццё еўрапейскага грамадства — ад клопату пра бедных і хворых да адукацыі, медыцыны, навукі, права і арганізацыі гарадоў. Асобна ён згадаў святога Хродэгана Мецкага, дзякуючы якому ў Мецы адчуваецца бэнэдыктынскі дух братэрства і еднасці. «Без гэтай манаскай традыцыі еўрапейскай цывілізацыі ў тым выглядзе, у якім мы яе ведаем, проста не існавала б»,— нагадаў Леў XIV. 

«Мы не можам гаварыць пра Еўропу, не згадваючы хрысціянства»,

— сказаў Пантыфік, працытаваўшы словы Шумана пра ўплыў хрысціянскай веры на разуменне роўнасці ўсіх людзей і годнасці працы. Папа падкрэсліў, што прызнанне хрысціянскай спадчыны Еўропы — гэта далёка не выключна рэлігійны крытэрый. Яно дапамагае зразумець, што адкрытасць чалавека на трансцэндэнтнае з’яўляецца неад’емнай часткай чалавечай асобы і крыніцай цывілізацыі. 

Леў XIV звярнуў увагу на артыкул 17 Дамовы аб функцыянаванні Еўрапейскага Саюза, які прадугледжвае павагу да статусу Касцёла ў дзяржавах-членах і адкрыты дыялог з ім.

Прынцып свецкасці дзяржавы, паводле Папы, азначае не проста неканфесійны характар інстытутаў, але і сапраўднае супрацоўніцтва паміж бакамі, павагу да аўтаноміі Касцёла і гарантыю свабоды культу. 

Асобнае месца ў прамове заняла тэма міграцыі. Папа адзначыў, што Еўропа ўваходзіць у новы этап сваёй гісторыі сустрэч паміж народамі, калі на кантынент прыязджаюць людзі, якія ўцякаюць ад войнаў і пераследу або шукаюць лепшага жыцця. Чалавечая годнасць патрабуе законных і бяспечных шляхоў міграцыі, выратавання і дапамогі, эфектыўнай абароны ахвяр і належных працэсаў прыёму і інтэграцыі.

«Прыняць чалавека — азначае інтэграваць яго так, нібыта ён стаў часткай тваёй уласнай сям’і»,

— падкрэсліў Папа. 

Звяртаючыся да спадчыны Шумана, Леў XIV падкрэсліў, што здольнасць пераадолець супрацьстаянне культурных ідэнтычнасцей дапамагла пасля Другой сусветнай вайны закласці асновы еўрапейскіх інстытутаў. Галоўным урокам Шумана для сучаснай Еўропы Папа назваў глыбокае імкненне да міру. «Спрыянне міру — гэта актыўная праца», — сказаў ён, заклікаўшы да цярплівага дыялогу, мужнасці ў перамовах і гатоўнасці адмовіцца ад некаторых пазіцый дзеля вышэйшага дабра — міру. Папа перасцярог ад ілюзіі, што пераўзбраенне само па сабе можа стаць адказам на знешнія пагрозы, і нагадаў, што ў разуменні Шумана Еўропа павінна быць кантынентам, дзе дыялогу аддаюць перавагу перад узброеным канфліктам.


Напрыканцы прамовы Папа звярнуўся да моладзі, назваўшы яе пакаленнем, адказным за будучыню Еўропы. «Не паддавайцеся ментальнасці насілля і прыгнёту. Любіце жыццё ў кожны яго момант і не бойцеся будучыні! Будзьце будаўнікамі супольнасці! І разам з вамі Еўропа, моцна ўкаранёная ў сваёй спадчыне, будзе працягваць квітнець і натхняць увесь свет», — заклікаў Леў XIV. 

Імша ў катэдры святога Эцьена: «Будучыня Еўропы — не ва ўніфікацыі, але ў гармоніі адрозненняў»

Пасля абеду Леў XIV узначаліў Імшу ў катэдры святога Эцьена ў Мецы, даручаючы Богу шлях мясцовай дыяцэзіяльнай супольнасці і ўсёй Еўропы. Гэта была апошняя сустрэча яго паездкі. 

У гаміліі Папа звярнуўся да вобразаў пустыні, саду і дома, спаслаўшыся на Кнігу Ісаі (Іс 32, 15-18): пустыня нагадвае пра неабходнасць простага і істотнага, сад — пра прыгажосць і развіццё чалавека, а дом — пра мір, які патрабуе супольных намаганняў.

«Мір, які ёсць дарам Бога, патрабуе адказу чалавека», — падкрэсліў Леў XIV, адзначыўшы, што сапраўдная супольнасць будуецца праз узаемную любоў, здольную дзяліць радасці і цяжкасці, падтрымліваць і прабачаць. 

Разважаючы над евангельскім заклікам не супрацьстаяць злу злом (Мц 5, 38-48), Папа звярнуў увагу на сітуацыю свету, дзе шмат насілля, маніпуляцый і пыхі. Ён падкрэсліў, што прабачэнне не азначае слабасці або капітуляцыі перад злом. 

Звяртаючыся да жыхароў зямлі, якая ў мінулым перажыла братазабойчыя канфлікты, Леў XIV сказаў, што сапраўдная сіла выяўляецца не ў помсце, але ў здольнасці шукаць прымірэння і разам пераадольваць крыўду.

Так закон, справядлівасць і мір становяцца этапамі шляху навяртання, які вядзе ад асабістай перамены да супольнай. 

Папа звярнуўся зноў да гісторыі Еўропы, падкрэсліўшы значэнне яе духоўнай і маральнай спадчыны. Сярод яе асноўных прынцыпаў ён назваў першынство чалавечай асобы, святасць і недатыкальнасць жыцця, абарону свабоды, значэнне сям’і, клопат пра бедных і патрабуючых, гасціннасць да чужынца і пашану да старэйшых. 

Асобным вобразам у гаміліі стала сама катэдра святога Эцьена, вядомая як «Ліхтар Добрага Бога» дзякуючы сваім 6500 квадратным метрам вітражоў.

Леў XIV адзначыў, што ў іх нядаўна з’явіліся таксама творы Марка Шагала, якія надаюць святыні асаблівае значэнне як сімвалу экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу. 

Паводле Папы, святло Бога не знішчае адрозненняў, а аб’ядноўвае розныя гісторыі і культуры ў «цудоўную мазаіку міру». «Будучыня Еўропы не ва ўніфікацыі, але ў гармоніі адрозненняў, дзе рана мінулага становіцца шчылінай, праз якую пранікае святло», — сказаў Леў XIV. 

У сваім імправізаваным слове падзякі ў канцы цэлебрацыі Пантыфік заклікаў працягваць «ісці разам, аб’яднанымі ў Святой Маці-Касцёле, дзеля хвалы Божай і ў служэнні Ягонаму Валадарству любові, справядлівасці і міру». 

Развітанне з Францыяй: прыватная размова з Макронам і вылет у Рым 

Пасля святой Імшы ў катэдры святога Эцьена Папа на аўтамабілі накіраваўся ў міжнародны аэрапорт Меца — Нансі — Латарынгіі.

Пантыфік прыбыў у аэрапорт каля 18.30 па мясцовым часе. У аэрапорце Меца Пантыфіка сустрэў і развітаўся з ім прэзідэнт Французскай Рэспублікі Эмануэль Макрон. Пасля абмену кароткімі словамі пра прыгажосць гатычнага сабора горада, што трапіла ў кадр прамой трансляцыі, Папа і прэзідэнт правялі прыватную размову каля 30 хвілін, не прадугледжаную праграмай, унутры аэрапорта, што нязменна зрушыла час вылету.

Разам яны потым удзельнічалі ў цырымоніі развітання з гімнамі, воінскімі ўшанаваннямі і прывітаннем афіцыйных дэлегацый. Макрон у суправаджэнні жонкі Брыжыт правёў свайго госця да самага трапа для апошняга, сяброўскага развітання. 

Леў XIV пакінуў Францыю з аэрапорта Меца — Нансі — Латарынгія на борце Air France A321 у 19.33. Палёт цягнуўся каля 1 гадзіны і 50 хвілін, за якія самалёт пераадолеў адлегласць прыкладна ў 1075 кіламетраў, пралятаючы над тэрыторыямі Францыі, Швейцарыі і Італіі. Прыбыццё ў Рым — Ф’юмічына адбылося  каля 21.20. 

Пантыфік вярнуўся ў Ватыкан, у Апостальскі палац, і не паехаў, як звычайна робіць у панядзелак увечары, у Кастэль-Гандольфа. 

Даведка

Апостальскі візіт Льва XIV у Францыю стаў пятай апостальскай паездкай Пантыфіка і працягваўся чатыры дні. Асноўныя тэмы, якія былі закранутыя падчас гэтага візіту, датычыліся пастырскай блізкасці (сустрэча ў Люрдзе); умацавання міжрэлігійнага дыялогу і міру (сустрэча ў Мецы); нагадвання пра хрысціянскія карані Еўропы і закліку да адкрытасці (выступ у памяць пра Робера Шумана); малітвы за дыяцэзіяльную супольнасць і ўсю Еўропу (Імша ў катэдры Святога Эцьена).

Паводле паведамленняў «Vatican News», праграма візіту была выкананая цалкам, а некаторыя сустрэчы праходзілі нават даўжэй за запланаванае, што ўдзельнікі ўспрынялі як знак сапраўднай увагі Пантыфіка. Разам з тым удзельнікі і назіральнікі адзначалі, што праца над некаторымі пытаннямі (у прыватнасці, над прадухіленнем злоўжыванняў) патрабуе працягу: Папа не даваў неадкладных адказаў на прапановы, але паказаў гатоўнасць працаваць разам далей. 

Абноўлена 29.09.2026 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця