Пошук

23.03.2023 10:33   Vatican News
Ватыканскі высокатэхналагічны тэлескоп (VATT) у Арызоне. Фота: Vatican Observatory

Астраномы Ватыканскай абсерваторыі і Патсдамскага інстытута астрафізікі імя Лейбніца аб’ядналіся для правядзення спектраскапічнага даследавання больш за тысячы яркіх зорак, якія могуць мець свае ўласныя экзапланеты.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першыя дадзеныя, у тым ліку і дакладныя значэнні 54-х спектраскапічных параметраў кожнай зоркі, будуць апублікаваныя ў навуковым часопісе Astronomy & Astrophysics («Астраномія і астрафізіка»). Такая беспрэцэдэнтна вялікая колькасць параметраў будзе мець важнае значэнне для інтэрпрэтацыі зорнага святла і пошуку сувязяў паміж уласцівасцямі зорак і іх магчымых планет.

«Зоркі распавядаюць пра сябе, а часам і пра свае невядомыя планеты. Іх мова — гэта святло. Зорнае святло раскрывае шматлікія фізічныя ўласцівасці зоркі, такія як тэмпература, ціск, рух, хімічны склад і многае іншае» — патлумачылі ў Ватыканскай абсерваторыі. Даследчыкі аналізуюць святло з дапамогай метада колькаснай абсарбцыйнай спектраскапіі: тэлескопы ўлоўліваюць зорнае святло, а спектрографы разбіваюць яго на вясёлкавы спектр.

Паколькі зоркі і іх планеты нараджаюцца разам, астраномы выказалі гіпотэзу, што наяўнасць пэўных хімічных элементаў можа сведчыць пра тое, што ў зоркі ёсць планеты, можа распавесці пра ўзрост гэтых планет і нават выявіць, што зорка паглынула некаторыя з сваіх планет.

Гіпотэза патрэбуе далейшага вывучэння, аснову для якога закладаюць апублікаваныя дадзеныя.

З больш як пяці тысяч пацверджаных экзапланет (планет, якія абарочваюцца вакол іншых зорак, не Сонца) 75% былі выяўленыя шляхам назірання за памяншэннем яркасці зорак падчас праходжання перад імі планет.

Менавіта такім чынам выявіла экзапланеты місія TESS. Яна дазволіла выявіць больш экзапланет пры назіранні за полюсамі экліптыкі (плоскасці, у якой Зямля абарочвацца вакол Сонца). Абсерваторыі ў паўночным паўшар’і могуць назіраць паўночны полюс экліптыкі, і гэты агляд у межах даследавання быў засяроджаны на самым багатым для назіранняў TESS-участку неба, які прыкладна ў чатыры тысячы разоў перавышае памер поўнага месяца.

Былі даследаваны прыкладна 1100 патэнцыйна планетаўтваральных зорак. Для таго, каб улавіць дастатковую колькасць святла адной зоркі і атрымаць яе высакаякасны спектр, спатрэбіліся да 1,5 гадзін працы тэлескопа. Кожную зорку даследвалі некалькі разоў, таму на завяршэнне даследавання пайшлі пяць гадоў.

У даследаванні выкарыстоўваліся тэлескопы на двух аб’ектах: у Арызоне і на Тэнэрыфэ.

Ватыканская абсерваторыя была створана ў 1572 гаду. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў былой летняй папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця