
Трэці дзень свайго апостальскага падарожжа ў Іспанію — 8 чэрвеня — Святы Айцец Леў XIV распачаў прыватнай сустрэчай з прэм’ер-міністрам гэтай краіны, якая адбылася ў нунцыятуры ў Мадрыдзе.
Перш чым адправіцца ў Кангрэс дэпутатаў на сустрэчу з членамі іспанскага парламента, раніцай Леў XIV правёў кароткую сустрэчу з прэм’ер-міністрам Іспаніі Педра Санчэсам, пасля чаго прывітаў некаторых яго супрацоўнікаў. Прыватная сустрэча працягвалася каля дваццаці хвілін, — паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
Папа: справядлівае грамадства абараняе жыццё, свабоду і мір

«Абарона чалавечага жыцця не з’яўляецца пытаннем прыватных ці канфесійных інтарэсаў: гэта мэта цывілізацыі», — падкрэсліў Папа ў звароце да дэпутатаў іспанскага парламента, з якімі сустрэўся ў Мадрыдзе.
Леў XIV згадаў пра багатыя культурныя традыцыі Іспаніі, якія прывялі да ўспрымання чалавека, як таго, «чыя годнасць стаіць вышэй за ўсякую карысць» і «служэнню якой падпарадкоўваецца заканадаўчая дзейнасць». Ён заўважыў, што гэта рэфлексія асабліва развілася ў эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў, калі навукоўцы з Універсітэта Саламанкі «ўвялі ў гістарычнае мысленне пытанне аб неад’емнай каштоўнасці кожнага чалавека і маральных межах улады».
Святы Айцец падкрэсліў актуальнасць гэтай спадчыны сёння, калі міжнародная супольнасць «працягвае задаваць пытанне, як будаваць мір на прызнанні асобы, а не на ўжыванні сілы».
«Гэтая спадчына жыве і ў гэтым парламенце, кожны раз, калі заканадаўца задаецца пытаннем пра тое, як зрабіць закон сапраўды чалавечым; як зрабіць, каб воля большасці абараняла тыя даброты, якія належаць усім, і паважала тое, што ніякая большасць не можа законна парушыць», — сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што абарона чалавечай годнасці не з’яўляецца абстрактным прынцыпам, але тэрміновым заданнем у час, калі новыя светы, што адкрываюцца перад намі, больш не намаляваны на картах», але «разгортваюцца ў тэхналогіях, эканоміцы, біямедыцыне і лічбавым сусвеце, дзе чалавечая ўлада дасягае ўсё больш далікатных сфер асабістага і грамадскага жыцця».
«Перад абліччам змен нашага часу, наша распазнаванне павінна засяродзіцца на месцы чалавечай асобы ў нашых рашэннях і на тым, як годнасць працы, салідарнасць, сацыяльная палітыка і агульнае дабро цяпер асэнсоўваюцца па-новаму»,
— сказаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што «кожнае сапраўды справядлівае грамадства грунтуецца на прызнанні непарушнай годнасці чалавечай асобы», якая не залежыць ад дзяржавы і «не можа быць падпарадкавана зменліваму грамадскаму кансенсусу або ваганням часовай большасці».
«У гэтым сэнсе, калі жыццё перастане прызнавацца фундаментальнай каштоўнасцю, якую будучыню могуць мець нашы грамадства? Ці можна назваць грамадства цалкам справядлівым, калі яно пакідае ў цені ненароджанае дзіця, пажылых людзей, хворых, тых, хто пакутуе моўчкі, або тых, хто цалкам залежыць ад клопату іншых? Абарона чалавечага жыцця не з’яўляецца пытаннем прыватных ці канфесійных інтарэсаў: гэта мэта цывілізацыі. Кожнае чалавечае жыццё павінна быць прызнана і абаронена ад зачацця да яго натуральнага канца, ва ўсіх абставінах яго існавання», — нагадаў Пантыфік іспанскім дэпутатам, якія ў бліжэйшыя дні прыступяць да абмеркавання пытанняў аб пашырэнні падстаў для эўтаназіі і прызнанні аборту канстытуцыйным правам.

Папа падкрэсліў, што, калі ўпэўненасць у непарушнай годнасці чалавечага жыцця зыходзіць у цень, «найбольш уразлівыя становяцца першымі ахвярамі, і закон губляе свой глыбокі сэнс: служыць і абараняць кожнага чалавека». «Маральная веліч нацыі праяўляецца, перш за ўсё, у яе здольнасці суправаджаць, абараняць і шанаваць тыя жыцці, якія адзначаны большай далікатнасцю», - дадаў Святы Айцец.
Леў XIV заклікаў заканадаўцаў абараняць інстытут сям’і, падкрэсліўшы, што «там, дзе падтрымліваецца сям’я, умацоўваецца таксама духоўная і сацыяльная стабільнасць народаў». Ён звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць павагі да «першаснага і неад’емнага права» бацькоў «выбіраць від адукацыі і выхавання, які яны будуць даваць сваім дзецям, у адпаведнасці з іх уласнымі маральнымі, культурнымі і рэлігійнымі перакананнямі».
Святы Айцец згадаў таксама пра праблему міграцыі, падкрэсліўшы, што «гэтая рэальнасць выходзіць за рамкі любой чыста дэмаграфічнай ці эканамічнай інтэрпрэтацыі: яна ўяўляе сабой пытанне ў значнай ступені маральнага і юрыдычнага характару».
«Усюды, дзе чалавек падвяргаецца дыскрымінацыі з-за свайго нацыянальнага, этнічнага, рэлігійнага або моўнага паходжання, альбо з-за эканамічнага або сацыяльнага становішча, сур’ёзна парушаецца ўсеагульны прынцып роўнай годнасці ўсіх людзей», — сказаў ён.
Папа заклікаў адказваць на міграцыйны крызіс, «ставячы людзей у цэнтр увагі, вырашаючы прычыны, якія прымушаюць іх з’язджаць, і выходзячы за рамкі простага кіравання патокамі».
«З гэтага вынікае двайное патрабаванне сацыяльнай справядлівасці: прапанаваць бяспечныя і законныя шляхі, паважлівы прыём і рэальныя магчымасці для інтэграцыі; і ў той жа час садзейнічаць праву заставацца на радзіме, імкнучыся да таго, каб ніхто не быў вымушаны пакідаць свой дом з-за адсутнасці міру, бяспекі або годных умоў жыцця», — сказаў Пантыфік, дадаючы, што для дасягнення гэтай мэты «неабходны скаардынаваны, салідарны і эфектыўны адказ, здольны гарантаваць абарону, прыём і рэальныя магчымасці інтэграцыі для тых, хто мігруе».
Нагадаўшы, што «свет перажывае глыбокі духоўны і культурны крызіс, які выяўляецца ў розных формах гвалту, палярызацыі і ўзаемнага недаверу», Папа адзначыў патрэбу ў публічных дыскусіях, «дзе паважаюцца тыя, хто думае інакш, дзе ўстановы служаць сустрэчы, дзе гістарычная памяць шукае праўды і прымірэння, а грамадскае жыццё здольнае падтрымліваць грамадзянскае сяброўства і ўзаемную павагу нават сярод рознагалоссяў».
«Міжнародная супольнасць паклікана нанова адкрыць неад’емную каштоўнасць дыялогу як цярплівага шляху да справядлівых і трывалых пагадненняў, заснаваных на павазе да дагавораў, празрыстасці дыпламатычных дзеянняў і шчырым жаданні ставіць мір вышэй за ўжыванне сілы. З гэтага нараджаюцца давер і надзея»,
- сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў таксама, што «палітычны плюралізм не павінен ператварацца ў пастаянную дыскрэдытацыю саперніка». «У сталым суіснаванні нават канфлікт можа стаць трамплінам да міру, калі адрозненні змякчаюцца праз уважлівае слуханне адзін аднаго і кіруюцца прызнаннем патрэб, памкненняў і магчымасцей кожнага», — сцвердзіў ён.

«Мір устанаўліваецца і абараняецца таксама праз мову. Словы могуць адкрываць шляхі або закрываць іх; яны могуць асвятляць рэальнасць або скажаць яе да такой ступені, што робяць сустрэчу немагчымай. Таму тыя, хто нясе грамадскую адказнасць, маюць асаблівы абавязак ахоўваць слова, каб "раззброіць мову"». Цвёрдасць не патрабуе пагарды; нязгода не цягне за сабой прыніжэнне», — дадаў Леў XIV.
Папа падкрэсліў, што «законная аўтаномія свецкага парадку ніколі не павінна разумецца як варожасць да рэлігіі».
«Вера не імкнецца навязваць сябе праз прывілеі ці прымус; аднае яе нельга прымушаць маўчаць, нібыта яна не мае дачынення да грамадскага жыцця»,
— дадаў Леў XIV.
«У гэтым кантэксце сакрамэнтальная пячатка споведзі мае асаблівае значэнне для Каталіцкага Касцёла. Яна належыць да больш шырокага кантэксту рэлігійнай свабоды, якая гарантуе супольнасцям вернікаў уласную прастору жыцця, арганізацыі і ўнутранай дысцыпліны. Яе прававая абарона, па аналогіі з некаторымі прафесіямі, азначае захаванне святой прасторы ўнутранай свабоды, дзе вернік можа адкрыць сваю душу Богу без страху знешняга ціску, што таксама гарантуецца міжнароднымі нормамі», — сказаў Папа.
На заканчэнне прамовы Пантыфік пажадаў, каб Іспанія працягвала быць зямлёй сустрэчы, культуры, салідарнасці і надзеі.














Папа да іспанскіх біскупаў: слухаць і ацаляць раны людзей
Папа наведаў сядзібу Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі, дзе правёў сустрэчу з епіскапатам краіны. Пры галоўным уваходзе Пантыфіка сустракалі арцыбіскуп Луіс Хаўер Аргуэлья Гарсія, старшыня епіскапату; кардынал Хасэ Коба Кана, арцыбіскуп Мадрыда, а таксама біскуп Франсіска Сесар Гарсія Маган, генеральны сакратар Канферэнцыі.
Сустрэча прайшла ў атмасферы еднасці, братэрства і супольнай адказнасці за будучыню Касцёла ў Іспаніі. Старшыня епіскапату падкрэсліў важнасць візіту Льва XIV для духоўнага жыцця краіны. Затым з прамовай да біскупаў звярнуўся Папа.
Падарожжа да Бога
Ён нагадаў, што сінадальны шлях, па якому ідзе Касцёл, патрабуе ўзаемнага слухання, адкрытасці на дзеянне Духа Святога і еднасці ў разнастайнасці. Ён параўнаў місію Касцёла з падарожжам, мэтай якога з’яўляецца Бог. Ён адзначыў, што гаворка ідзе не пра фізічнае перамяшчэнне, а пра духоўны шлях, на якім чалавек узносіць сваё сэрца да Бога.
«Падчас падарожжа чалавек можа адчуваць спакусу засяродзіцца на тым, што пакідае ззаду: на месцах, рэчах, звыклым ладзе жыцця, не будучы гатовым адкрыцца на новае, а таксама ўзяць багаж, поўны непатрэбных рэчаў. З іншага боку, цяжкі лёс шматлікіх мігрантаў вучыць нас, што чалавек, які застаўся адзін, без каранёў і сродкаў, пакутуе і з вялікай цяжкасцю наладжвае трывалыя сувязі там, куды прыбывае»,
— сказаў Пантыфік.
На яго думку, Касцёл на першым этапе сінадальнага падарожжа павінен разважліва спалучаць свабоду і мужнасць. «Неабходна адмовіцца ад структур, якія не дапамагаюць, не адказваюць патрэбам евангелізацыі ці нават аддаляюць ад гэтай мэты, і адначасова захаваць тое, што ёй спрыяе», — сказаў Святы Айцец, прыводзячы ў прыклад багатую хрысціянскую спадчыну Іспаніі, яе прыцягальнасць і прыгажосць, здольныя прамаўляць нават да няверуючых.
Дарожны запас пілігрыма
Леў XIV адзначыў, што найважнейшым дарожным запасам пілігрыма з’яўляюцца Слова Божае і Эўхарыстыя. «Справа не толькі ў тым, каб цэлебрацыі былі больш прывабнымі, але ў адкрыцці таго, што адсутнасць гэтага Хлеба нараджае ў чалавеку голад, параўнальны з голадам матэрыяльным», — адзначыў ён.
«Сакрамэнтальнае жыццё суправаджае жыццёвы рытм чалавека падобна таму, як немаўля атрымлівае ежу ад маці, або як спартсмен размяркоўвае сілы, неабходныя для таго, каб дабрацца да фінішу», — дадаў Пантыфік.
Камунікацыя
Святы Айцец заахвоціў іспанскі Касцёл весці дыялог з людзьмі і культурамі, якія сустракаюцца на яго штодзённым шляху. Ён нагадаў як пілігрымку святога Якуба, так і новыя выклікі для Касцёла: абязлюдненыя раёны, міграцыю, лічбавыя тэхналогіі і вялікія гарады з іх адчужэннем.
«Адказы на гэтыя выклікі будуць рознымі, але падобнымі застануцца працэсы, якія да іх прывядуць: слуханне, разуменне, павага, велікадушнасць і шчырасць»,
— падкрэсліў Папа.
Адзінства ў разнастайнасці
Святы Айцец нагадаў, што ў час напружанасці і палярызацыі Касцёл павінен сведчыць пра еднасць у разнастайнасці. Ён падкрэсліў, што біскупы пакліканы быць бачным узорам камуніі: найперш з Хрыстом, а затым з Наступнікам Пятра і паўсюдным Касцёлам, са святарамі сваіх дыяцэзій, кансэкраванымі асобамі, рухамі і таварыствамі. Такая еднасць валодае таксама і місійнай моцай, бо адзіны паяднаны Касцёл можа з большай свабодай прамаўляць да іншых хрысціян, вызнаўцаў іншых рэлігій, няверуючых і свецкіх уладаў.
Пакліканні
Папа нагадаў, што душпастырства пакліканняў не можа быць проста пагоняй за лічбамі. Яно нараджаецца з жывых супольнасцей, шчаслівых святароў, сем’яў, якія сведчаць пра прыгажосць вернасці, і з Касцёла, які дэманструе, што вера ў Хрыста не абядняе жыццё, а ўзбагачае яго.
Фармацыя святароў і ўдзел свецкіх
Што да падрыхтоўкі святароў, то, на думку Пантыфіка, семінарысты маюць права на якасную фармацыю, а Касцёл, са свайго боку, — на добра падрыхтаваных святароў.
Ён таксама заўважыў, што ў многіх сферах дзейнасці тое, што раней выконвалі кансэкраваныя асобы, сёння бяруць на сябе свецкія вернікі.
«Гэта выклік, які можна пераўтварыць у магчымасць для сустрэчы, дыялогу і камунікацыі»,
— адзначыў Святы Айцец.
Ацаляць раны
Гаворачы пра злоўжыванні, Папы падкрэсліў, што перад абліччам гэтай раны, касцёльная супольнасць павінна адказваць слуханнем, праўдай, справядлівасцю, кампенсацыяй, прафілактыкай і культурай клопату. «Кожны паранены чалавек павінен знайсці шчырае слуханне, прыняцце, абарону і рэальныя шляхі да ацалення», — сцвердзіў Леў XIV.
Слухаць і абвяшчаць
На думку Папы, тая ж самая логіка слухання і клопату датычыцца і выклікаў секулярызаванага свету. Многія людзі, не столькі адмаўляюць Бога, колькі носяць у сэрцы глыбокае прагненне сэнсу, праўды, прыналежнасці і надзеі, якому часта не могуць даць імя. Таму Касцёл павінен распазнаваць гэтыя імкненні і адказваць на іх з павагай, прапануючы давераны яму скарб — Хрыста. Нават калі Касцёл супрацоўнічае з рэлігійнымі ці свецкімі інстытутамі і аказвае матэрыяльную, адукацыйную ці сацыяльную дапамогу, ён не перастае абвяшчаць тое, што ўласціва менавіта яму: любоў Бога, аб’яўленую ў Хрысце, якая вяртае чалавеку ўпэўненасць у тым, што яго любяць.
Напрыканцы прамовы Папа даверыў служэнне біскупаў заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, іх першай спадарожніцы і галоўнаму скарбу, а таксама святому Яну Авільскаму, заступніку іспанскага духавенства.
У другой палове дня 8 чэрвеня 2026 года Леў XIV сустрэўся ў нунцыятуры ў Мадрыдзе з шасцю ахвярамі сексуальных злоўжыванняў у Касцёле ў Іспаніі, а таксама з некалькімі асобамі, якія аказваюць дапамогу пацярпелым. Падчас амаль гадзіннай размовы пацярпелыя, абапіраючыся на свой балючы асабісты досвед, прадставілі Папу прапановы адносна таго, як зрабіць рэакцыю Касцёла на такія выпадкі больш эфектыўнай.
Святы Айцец уважліва і з любоўю выслухаў іх, запэўніў у сваёй блізкасці і блізкасці ўсяго Касцёла, а таксама паабяцаў, што атрыманыя прапановы паслужаць асновай для далейшых намаганняў, каб зрабіць Касцёл па-сапраўднаму бяспечным і духоўна здаровым месцам, дзе параненыя маглі б знайсці суцяшэнне і атрымаць дапамогу ў выздараўленні.
Папа ў катэдры Мадрыда: разбураць муры падзелу і будаваць мір

Катэдра Маці Божай Альмудэнскай лічыцца адной з найважнейшых каталіцкіх святынь Іспаніі. Размешчаная насупраць Каралеўскага палаца, яна ўражвае гарманічным спалучэннем неакласічнага, неагатычнага і неараманскага стыляў. Будаўніцтва святыні працягвалася больш за стагоддзе і завяршылася толькі ў 1993 годзе, калі сабор быў урачыста асвечаны Янам Паўлам II. У ім захоўваецца фігура Маці Божай Альмудэнскай — апякункі Мадрыда.
Марыйную малітву ў мадрыдскай катэдры ўзначаліў Леў XIV. Ён падзякаваў арцыбіскупу Мадрыда за цёплы прыём і выказаў радасць ад сустрэчы з вернікамі, якія сабраліся ў базыліцы, каб ушанаваць Багародзіцу. У набажэнстве прыняла ўдзел каралева-маці Сафія.
У гаміліі Святы Айцец нагадаў старажытнае паданне пра цудоўнае знаходжанне статуі Маці Божай Альмудэнскай. Па легендзе, у часы пераследу хрысціянскай супольнасці яе схавалі ў мурах гарадской цытадэлі, дзе яна заставалася доўгі час, пакуль пасля цудоўнага абвалу часткі муроў не была знойдзена некранутай.
«У сучасных грамадствах усё яшчэ існуе шмат муроў, якія не абараняюць людзей, а падзяляюць, аддаляюць і ізалююць адзін ад аднаго. Замест таго, каб разбурыць іх, мы выбіраем камфорт – падперці іх або проста ігнараваць»,
— заўважыў Папа.
«Аднак Маці Божая Альмудэнская сваёй прысутнасцю і надзейнай абаронай кажа нам пра іншае: каб пабудаваць нешта новае, прыгожае і трывалае, трэба быць гатовымі разбураць муры», — падкрэсліў Пантыфік. «Менавіта разбурэнне муроў адкрывае новыя магчымасці і дапамагае чалавеку ўбачыць гарызонт», — заўважыў Леў XIV, заклікаючы вернікаў сведчыць пра веру, не быць скупымі на міласэрнасць і не губляць надзеі.
Напрыканцы гаміліі Пантыфік прамовіў малітву да Маці Божай Альмудэнскай, просячы яе дапамагчы людзям стаць «будаўнікамі міру і прымірэння», і ўсклаў да яе ног залатую ружу — сімвал сыноўняй любові да Маці Божай.










Леў XIV – вернікам Мадрыда: будзьце для ўсіх разгорнутай Бібліяй
Стадыён мадрыдскага «Рэала» ператварыўся ў месца сустрэчы Наступніка святога Пятра з 80 тысячамі прадстаўнікоў каталіцкай супольнасці іспанскай сталіцы, якія цалкам запоўнілі трыбуны футбольнай арэны.

«Вы сведчыце аб Евангеллі ў сталіцы вялікай еўрапейскай краіны, дзе знаходзяцца структуры і арганізацыі, у якіх прымаюцца важныя рашэнні для сучаснасці і будучыні, але якая таксама з’яўляецца мэтай для мільёнаў турыстаў і братоў і сясцёр, што шукаюць новых магчымасцяў», — заўважыў Папа, заклікаючы мадрыдскіх католікаў сведчыць пра радасць Евангелля, якая «стане натхняльнай, калі з хвіліннай эмоцыі яна ператворыцца ў стабільны стан быцця, у глыбіннае пачуццё, якое абнаўляе паасобных людзей, групы і дыяцэзіяльную супольнасць».
Пантыфік падкрэсліў, што дзякуючы хросту «многае з таго, што ў нас ужо было, ператвараецца, бо скіроўваецца да служэння, перастае быць прыватным дарам і пачынае служыць агульнаму дабру». Ён заклікаў аб’яднаць таленты і сілы для выканання хрысціянскай місіі там, дзе «б’ецца пульс новай культуры і ствараюцца яе праекты».
«Вось чаму так важна не рассейвацца і не закрывацца кожнаму ў сваёй групе ці рэальнасці, дзе чалавек ужо адчувае сябе ў бяспецы, сярод людзей, якія заўсёды спяваюць адну і тую ж мелодыю. Каб дастукацца да сэрца горада, трэба развіваць у сабе ўсведамленне таго, што праўда сімфанічная і заўсёды пераўзыходзіць нас, развіваць у сабе жаданне знайсці Уваскрослага, які заўсёды апярэджвае нас, ідзе перад намі і, магчыма, ужо прысутнічае там, дзе мы Яго яшчэ не шукалі», — сказаў Папа, заклікаючы мадрыдскіх вернікаў без страху выходзіць насустрач людзям у сваім горадзе, дзе суіснуюць розныя традыцыі і «душы».
Пантыфік нагадаў, што Бог ведае сэрца кожнага чалавека і прагне, каб усе збавіліся. «Прысутнасць Касцёла ў вялікім горадзе — гэта прыпавесць пра гэтую таямніцу збаўлення. Прыходзіць на розум Кніга прарока Ёны, адна з жамчужын Бібліі, якую я запрашаю вас прачытаць або перачытаць асабіста і ў супольнасці», — параіў Святы Айцец.
«Няхай нішто вас не трывожыць і нішто не палохае! Разам, як дыяцэзіяльны Касцёл, вы можаце даць евангельскае сведчанне, якое вызваляе найлепшыя сілы чалавецтва, бамбардзіраванага вобразамі і словамі, але прагнучага справядлівасці і праўды»,
— сказаў Папа, заклікаючы евангелізаваць з упэўненасцю ў тым, што людзі могуць вярнуцца да веры або спазнаць яе ўпершыню нават у дарослым узросце.

Леў XIV заахвоціў святароў цаніць «практыку супольнага распазнавання як адну з найвялікшых магчымасцяў, якія сінадальнасць прапануе іх служэнню», а таксама рэгулярна размаўляць з вернікамі пра жыццё ў іх раёнах, культурныя змены, сацыяльную напружанасць, касцельную практыку ў святле Евангелля. Пантыфік заклікаў не зводзіць касцельнае жыццё да руціны, у якой кожны застаецца закрытым у сваіх звычках і сваёй ролі.
«Будзьце для ўсіх як разгорнутай Біблія: няхай на вашых тварах і ў вашым жыцці людзі сустракаюць слова Божае. Любоў — гэта мова, якая дазваляе кожнаму адчуць сябе дома», — завяршыў свой зварот Папа.


























