![]()
У Ватыкане прайшла афіцыйная прэзентацыя апостальскага падарожжа Льва XIV у Францыю. Яно пройдзе з 25 па 28 верасня і ахопіць Парыж, Лурд і Мец. Пра гэта паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні падчас афіцыйнай прэзентацыі візіту ў Ватыкане. Папа сустрэнецца з французскім народам, наведае Нотр-Дам, ЮНЕСКА і стадыён «Стад-дэ-Фран», а таксама ўзначаліць Імшу на Плошчы Згоды, якая можа сабраць каля 600 тысяч вернікаў.
Праграма чатырохдзённай паездкі, якая адбудзецца з 25 па 28 верасня, уключае Парыж, Лурд і Мец. Размова ідзе пра пятае апостальскае падарожжа Льва XIV і дзясятую краіну, якую ён наведае ад пачатку свайго пантыфікату.
Амаль усе пятнаццаць прамоваў і гамілій Папы будуць на французскай мове, акрамя прамовы ў ЮНЕСКА, якая будзе часткова на французскай і часткова на англійскай мовах, і прамовы на сустрэчы «Да каранёў Еўропы за мір і адзінства» ў Мецы, якая будзе цалкам на англійскай мове.
Матэа Бруні адзначыў, што Папа звернецца да розных рэалій сучаснай Францыі, дзе адбываецца працэс секулярызацыі, але адначасова назіраецца рост цікавасці да веры, асабліва сярод моладзі.
Леў XIV прыбудзе ў Парыж праз васямнаццаць гадоў пасля візіту ў гэты горад Бэнэдыкта XVI.
Наведваючы Елісейскі палац, штаб-кватэру ЮНЕСКА, базіліку Нотр-Дам і стадыён «Стад-дэ-Фран» у бедным прыгарадзе Сэн-Дэні, Пантыфік сустрэнецца з «французскай нацыяй, яе народам, гісторыяй, культурай, са старажытнымі і глыбокімі хрысціянскімі каранямі, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў грамадстве», падкрэсліў Бруні.
Першыя дваццаць чатыры гадзіны знаходжання Папы ў Парыжы таксама дадуць магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць веру французскага народа, яго «гісторыю клопату пра самых слабых і бедных» і гісторыю сувязяў са светам, асабліва з хрысціянскім Блізкім Усходам.
Асобнае месца ў паездцы будзе мець сустрэча з французскімі вернікамі. Імша на Плошчы Згоды ў Парыжы можа сабраць каля 600 тысяч чалавек, якія прыедуць на сустрэчу з Папам з розных частак краіны. Бруні нагадаў пра адраджэнне цікавасці да веры ў Францыі, пра што сведчыць прыняцце хросту на Вялікдзень больш чым трынаццаццю тысячамі дарослых французаў.
У Парыжы Леў XIV закране тэмы культуры, адукацыі, сацыяльных праблем, міру і міжнароднай салідарнасці. У штаб-кватэры ЮНЕСКА Папа выступіць з прамовай пра ролю мастацтва і адукацыі, абарону чалавечага жыцця, навакольнае асяроддзе і штучны інтэлект. У гэты ж дзень будзе падпісана рамачная дамова паміж ЮНЕСКА і Апостальскай Сталіцай.
У Лурдзе Святы Айцец здзейсніць пілігрымку ў санктуарый Маці Божай, сустрэнецца з епіскапатам і групай ахвяр злоўжыванняў.
Апошнім пунктам паездкі стане Мец. Там Леў XIV звернецца да тэмы Еўропы, яе адзінства і суіснавання ў разнастайнасці. У Мецы, на радзіме аднаго з заснавальнікаў еўрапейскага праекта Рабера Шумана, Папа возьме ўдзел у сустрэчы «Да каранёў Еўропы за мір і адзінства», у якой таксама прымуць удзел прадстаўнікі розных рэлігій і еўрапейскіх інстытуцый.
Паводле Матэа Бруні, візіт у Мец стане магчымасцю для Пантыфіка звярнуцца да праблем, якія датычаць усяго кантынента. Не выключаюцца таксама двухбаковыя сустрэчы Льва XIV з некаторымі міжнароднымі лідарамі.







