Пошук

25.11.2024 13:45   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: з асабістага архіву арцыбіскупа Т. Кандрусевіча / Catholic.by

23 лістапада ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску прайшла Другая хрысціянская IT-канферэнцыя, якая была прысвечана штучнаму інтэлекту.

Мерапрыемства сабрала каля 65-і спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогй, вернікаў розных канфесій. Удзел узялі таксама прадстаўнікі духавенства і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Яны разам разважалі на тэму: «Штучны інтэлект для жыцця і служэння».

Распачалася сустрэча святой Імшой у капліцы сацыяльнага цэнтра. Цэлебрацыю праз заступніцтва благаслаўлёнага Карло Акуціса, італьянскага падлетка, якога называюць «апосталам Эўхарыстыі» ў сеціве, а ў будучыні — магчымым апекуном Інтэрэту, узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Імшу цэлебравалі Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Юрый Касабуцкі і святары, якія займаюцца праблемамі душпастырства ў лічбавым асяроддзі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч прапанаваў паразважаць над пытаннем: «Інтэрнэт і штучны інтэлект — гэта справа Божая ці выключна твор сучаснага чалавека, які спадзяецца толькі на сябе і на развіццё навукі і тэхналогіі?» Пры гэтым іерарх звярнуўся да старазапаветнай Кнігі Зыходу, якая кажа, што Бог напоўніў людзей сваім Духам, мудрасцю, розумам, ведамі і ўсялякім уменнем.

«Таму навука і тэхналогія з’яўляюцца прадуктамі творчага, закладзенага Богам патэнцыялу чалавека, з якога нарадзіўся Інтэрнэт і штучны інтэлект», — зрабіў выснову арцыбіскуп, дадаўшы, што ў галіне камп’ютарных тэхналогій назіраецца небывалы прагрэс, які вядзе да радыкальных змен у жыцці чалавека, «дзякуючы чаму мы перажываем прэлюдыю будучага».

«Укараненне Інтэрнэту ў нашае жыццё цалкам змяніла яго ранейшы стыль і стварыла новы свет, у якім смартфон і планшет сталі інструментамі штодзённага выкарыстання. Аднак штучны інтэлект — не ўсемагутны і не можа вырашыць усе праблемы, не можа цалкам замяніць чалавека у творчай дзейнасці», — падкрэсліў іерарх, які сам мае вышэйшую тэхнічную адукацыю. Зыходзячы са сваіх ведаў і досведу, ён звярнуў увагу на тое, што сёння штучны інтэлект развіваецца нашмат хутчэй за натуральную эвалюцыя чалавецтва, што можа прывесці да непрадбачных наступстваў, якія не будуць мець нічога супольнага з чалавечымі інтарэсамі і этыкай. Сярод магчымых рызыкаў іерарх назваў некантраляванае распаўсюджванне генераваных штучным інтэлектам непраўдзівых звестак (fake news), навязванне ўплыву дамінуючай культуры і падрыву адукацыйнага працэсу.

«Штучны інтэлект не з’яўляецца чалавечай асобай і не можа прапанаваць агульных нормаў паводзін чалавека, бо гэта выключная сфера Бога і Касцёла. Таму праграмы штучнага інтэлекту павінны мець этычнае вымярэнне, калі пад увагу бярэцца не толькі вынік, але таксама каштоўнасці і абавязкі, якія з іх вынікаюць. Нездарма Папа Францішак звяртае ўвагу на тое, што неэтычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту адносна годнасці чалавечай асобы з’яўляецца яго маральнай слабасцю», — нагадаў словы Пантыфіка арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што, нягледзячы на ўсе «так» і «не», штучны інтэлект паступова ўвахозіць у душпастырства, выкарыстоўваецца ў катэхізацыі, евангелізацыі, атрыманні патрэбнай інфармацыі, падрыхтоўцы гамілій і канферэнцый.

«Гэта найбольш папулярная, асабліва сярод моладзі, амбона», — выказаў меркаванне іерарх.

Аднак, калі мова ідзе аб прабачэнні, суцяшэнні, парадах, на думку арцыбіскупа, трэба крытычна аднесціся яго выкарыстання, паколькі штучны інтэлект не можа прыйсці на змену чалавечым адносінам: ён «сімулюе сустрэчу, але яе не замяняе».

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў удзельнікаў канферэнцыі, перадусім тых, хто працуе ў сферы ІТ, ствараць праграмы, якія будуць спрыяць працэсу новай евангелізацыі з дапамогай сучасных тэхналогий.

Напрыканцы Імшы біскуп Юрый Касабуцкі перадаў прывітанне ўдзельнікам Другой хрысціянскай IT-канферэнцыі, прысвечанай штучнаму інтэлекту, ад Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскага, падкрэсліўшы, што штучны інтэлект можа добра паслужыць у справе абвяшчэння Божага слова.

Пасля Імшы былі прадстаўлены даклады. Мікалай Канавальчук даў шырокі агляд развіцця машыннага навучання з акцэнтам на нейронавыя сеткі і іх ужыванне ў генерацыі малюнкаў і распрацоўцы моўных мадэляў. Спецыяліст пазнаёміў з бягучымі дасягненнямі, тэхналагічнымі выклікамі і будучымі кірункамі развіцця ў гэтай галіне.

Ксёндз Яўген Шымановіч у сваім дакладзе прапанаваў адкрыць штучны інтэлект не як пагрозу, а як новы інструмент для душпастырства, паглыблення духоўнага жыцця і вывучэння Святога Пісання.

«Падобна да таго, як Касцёл засвоіў Інтэрнэт для евангелізацыі, сёння мы стаім перад новым тэхналагічным выклікам, які адкрывае ўнікальныя магчымасці для пазнання Бога і развіцця душпастырства», — лічыць святар з Віцебскай дыяцэзіі.

Пасля абеду прайшлі паралельныя ўоркшопы, на якіх ішла гаворка пра блогі як універсальны сродак камунікацыі; пра тое, як штучны інтэлект дапамагае ствараць музыку для праслаўлення Бога, а таксама пра тое, як яго выкарыстоўваюць у папулярным праекце Іmsha. by, дзякуючы якому можна даведацца пра актуальны расклад набажэнстваў у розных касцёлах Беларусі.

У наступным дакладзе Томас Грунэвальд зрабіў уводзіны ў семантычныя тэхналогіі і іх сувязь са штучным інтэлектам, пасля чаго адбылася яшчэ адна дыскусійная панэль, удзельнікі якой абмкеркавалі як этычныя, маральныя аспекты, так і практычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту для паглыблення веры і распаўсюджвання евангельскіх ісцін, а таксама закранулі магчымыя рызыкі і выклікі, якія ён прадстаўляе.

Завяршылася канферэнцыя часам для нэтўоркінга.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа